Азартныя гульні: удача для бюджэту?

 У Беларусі апошнімі гадамі азартным гульням даецца зялёнае святло, але разам з тым робяцца захады па абмежаванні іх дасяжнасці. Бо, з аднаго боку, гэта дае паступленні ў бюджэт, а з другога — цягне за сабой негатыўныя сацыяльныя наступствы: крымінал і гульнявую залежнасць. То-бок, пытанне маральна-эканамічнае.


У СССР азартныя гульні апынуліся пад забаронай з канца 1920-х гадоў (пасля вольніцы НЭПу). У Крымінальным кодэксе з’явіліся адмысловыя карныя артыкулы. Яно і зразумела: ну якія пры сацыялізме непрацоўныя даходы? Адно што за некалькі гадоў да Алімпіяды–1980 дзеля дадатковага фінансавання падрыхтоўкі да яе пачалі праводзіць латарэю «Спортлато». Апрача таго, савецкія ўлады не чапалі таталізатары на іпадромах — адзіныя месцы, дзе можна было адкрыта гуляць на грошы. Іпадромы пакінулі, каб вывучаць новыя пароды коней з разлікам на ваенныя мэты. А падпольна народ, натуральна, гуляў на грошы, бавячы час з картамі, даміно ці ў більярдных.

У 1988 годзе з’явіліся гульнявыя аўтаматы пры гатэлях «Інтурыст», каб прывабліваць замежнікаў. А праз год — спачатку ў Таліне, а затым у Маскве — адкрыліся першыя казіно. Пасля скону СССР казіно, і асабліва залы гульнявых аўтаматаў, пачалі расці як грыбы пасля дажджу. Першыя — для заможных грамадзян, другія — для бедных. «Аднарукія бандыты» дасюль прыгадваюцца як адзін з кідкіх атрыбутаў жыцця ў так званыя «ліхія 90-я». Што да Беларусі, то ў нас першае казіно з’явілася ў 1992 годзе — у мінскай гасцініцы «Юбілейная». Таксама пачалі распаўсюджвацца іншыя віды гэмблінгу (гэта па-англійску — «азартныя гульні»). У 1993 годзе адкрылася першая букмекерская кантора (установа, дзе прымаюцца стаўкі на вынікі розных падзеяў — перадусім спартовых).


Уся краіна — Лас-Вегас

Сапраўдны бум з установамі гульнявога бізнесу пачаўся з 2009 года, калі ў Расіі забаранілі казіно, апрача чатырох спецзонаў — у Калініградскай вобласці, у Краснадарскім, Алтайскім і Прыморскім краях. Пазней пятую зону вырашана было стварыць у адабраным ва Украіны Крыме. Гуляць у рулетку ці покер на грошы можна толькі ў гэтых рэгіёнах, на астатняй тэрыторыі Расіі засталіся толькі букмекерскія канторы і таталізатары. Натуральна, там дзейнічае нямала падпольных казіно. Праваахоўныя органы штогод закрываюць іх дзясяткамі. Свежы прыклад: у сёлетнім жніўні маладая беларуска атрымала штраф (больш за 9 тысяч нашых рублёў у эквіваленце) за арганізацыю падпольнага казіно ў падмаскоўным Дамадзедаве.

Паводле экспертаў, менавіта праз мноства падпольных гульнявых устаноў, пераход азартнікаў у інтэрнэт ды легальныя казіно ў іншыя краіны, створаныя ў Расіі адмысловыя гульнявыя зоны і не далі чаканага эканамічнага эфекту. Дарэчы, толькі за перыяд з 2015 па 2018 гады тамтэйшая Федэральная служба па наглядзе ў сферы інфармацыйных тэхналогій і масавых камунікацый заблакавала больш за 100 тысяч гульнявых сайтаў! Што да легальных афлайнавых месцаў для азартных гульняў, то асабліва скарысталася сітуацыяй наша краіна. Аляксандр Лукашэнка тады не без рацыі заявіў, што «гульнявы бізнес можа і павінен стаць дадатковай крыніцай папаўнення бюджэту, паспрыяць стварэнню новых працоўных месцаў, прыцягненню турыстаў і інвестыцыяў».

Стварэнне гульнявой зоны ў Беларусі таксама абмяркоўвалася. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Васіль Хрол некалькі гадоў прасоўваў ідэю з'яўлення мясцовага «Лас-Вегасу» ў Глыбокім на Віцебшчыне. Таксама разглядаўся праект узвядзення гульнявой рэзервацыі паблізу Нацыянальнага аэрапорта «Мінск». У выніку ад стварэння гульнявай зоны адмовіліся, бо, каб мець істотны даход у бюджэт, адпаведныя ўстановы павінны быць максімальна даступныя як мага большай колькасці патэнцыйных гульцоў. І гэтая стаўка беларускіх уладаў спрацавала. Напрыклад, у 2012 годзе ў параўнанні з 2010-м падатковыя паступленні ў бюджэт ад гульнявога бізнесу выраслі амаль утрая. Таму гаворка і вядзецца пра сапраўдны бум.

Што праўда, пасля 2014 года ён сцішыўся. Прычыны — праблемы ў расійскай эканоміцы, якія адбіліся на тамтэйшых гульцах, увядзенне ў Беларусі ў 2016 годзе падаходнага падатку ў памеры 4% з кожнага выйгрышу. Вырасла канкурэнцыя: з’явілася шмат казіно на марскіх курортах — багацеям даспадобы сумяшчаць азартнае баўленне часу з курортным адпачынкам. Вынік: установаў з азартнымі гульнямі ў Беларусі заўважна паменела. Напрыклад, у Мінску сёлета закрылася вядомае казіно «Белая вежа». Цяпер у Беларусі трохі меней за 30 казіно, 175 залаў гульнявых аўтаматаў і пад 200 букмекерскіх кантор. Большая частка казіно і траціна залаў з гульнявымі аўтаматамі размешчаныя ў сталіцы.


Нагуляныя падаткі

Натуральна, што казіно ды букмекерскія канторы заўжды застаюцца ў выйгрышы, але ім даводзіцца несці і вялікія выдаткі на сваю дзейнасць. Таму не ўсім удаецца функцыянаваць так, каб атрыманыя даходы іх пераўзыходзілі. Уладальнікі гэмблінгавых устаноў наракаюць, напрыклад, на значнае павелічэнне ў 2017 годзе фіксаваных падатковых ставак на аб’екты гульняў і ўвядзенне плацяжу за доступ да сістэмы, якая кантралюе абарачэнне грошай. Што да ставак падатку, то яны даволі значныя: 1500 рублёў на касу букмекерскай канторы, 2250 — на касу таталізатара, 240 — на гульнявы аўтамат, 7140 — на гульнявы стол. Гэта на месяц.

На падаходны падатак у 4% з выйгрышу скардзяцца і бізнесоўцы, і гульцы. Была нават петыцыя да Міністэрства па падатках і зборах. Падатак у ёй называўся абсурдным, бо бярэцца не з розніцы паміж стаўкай і выйгрышам, а з усёй прызавой сумы. Прыводзіўся прыклад: «Гулец зрабіў стаўку ў 100 рублёў з каэфіцыентам 1,2. У выпадку перамогі ён атрымлівае 120 рублёў — зробленую стаўку і 20 рублёў выйгрышу (чыстага прыбытку). Але заплаціць падатак у 4% давядзецца з усёй сумы, гэта значыць са 120 рублёў. Атрымліваецца 4,8 рубля. Гулец фактычна заплаціць не анансаваныя 4%, а ўсе 24% ад рэальнага даходу».

Бярэцца падатак і са стаўкі, якая вяртаецца, калі яна не згуляла: напрыклад, калі спартовае мерапрыемства адмянілі ці перанеслі. У гэтым выпадку і пры стаўках з невялікім каэфіцыентам гулец наогул пасля сплаты падатку апынаецца ў мінусе. Магчыма, кампрамісным рашэннем было б захаванне гэтага падатку пачынаючы з нейкай парогавай выйгрышнай сумы.

Зрэшты, уладам пакуль удаецца збіраць на гэтым рынку з кожным годам усё болей падаткаў. Доля падатку з установаў гульнявога бізнесу ў даходах бюджэту, кантраляваных Міністэрствам па падатках і зборах, складае 0,2%. Гэта самая малая пазіцыя ў структуры плацяжоў. Для параўнання, адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў ды іншых фізасобаў, а таксама экалагічны падатак — па 0,5%, зямельны падатак — 2,7%. Але агулам сума гульнявога падатку істотная: за 2018 год атрымана 47,3 мільёна рублёў, за 2017-ы — 44,8 мільёна. Падаходны падатак з фізасобаў, вылічаны з даходаў у выглядзе выйгрышаў, атрыманых ад арганізатараў азартных гульняў, — адпаведна, 35,7 мільёна і 33,3 мільёна рублёў.

Зміцер Лысюк, эксперт Цэнтра новых ідэяў, зазначае, што эканамічная выгада ад гульнявога бізнесу не такая відавочная: «Калі б гэтая сфера была пад забаронай, грошы беларусаў, патэнцыйна спушчаныя ў азартных месцах, маглі быць выдаткаваныя на ежу, рэстараны, вопратку і гэтак далей. То-бок, усё роўна засталіся б у эканоміцы краіны. Хаця расійскіх грошай мы б, канечне, недалічыліся».

І ўладам трэба памятаць, што, паралельна даходам у бюджэт, страчваюць людзі. Прайграючы кватэры і ідучы на злачынствы дзеля здабыцця грошай на рулетку. «Хоць азартныя ўстановы ў Беларусі не забароненыя, у той жа час да іх папулярызацыі трэба ставіцца стрымана. Варта памятаць, што гэтая сфера з’яўляецца рызыкоўнай з сацыяльнага пункту гледжання. Ва ўсялякім разе падарожнік, які едзе з Нацыянальнага аэрапорту ў Мінск, не павінен мець уражанне, што ён кіруецца ва ўсходнееўрапейскі Лас-Вегас», — кажа Лысюк.

Разам з тым, паводле многіх эканамістаў, сфера гульнявога бізнесу дастаткова непразрыстая па ўсім свеце. Таму ў рэчаіснасці тут могуць абарачацца шматкроць большыя сумы грошай. У тым ліку і адмывацца, і, можа быць, пад прыкрыццём сілавых ведамстваў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!