Украіна ўвяла фактычную забарону на пастаўкі цэменту з Беларусі

Міжведамасная камісія па міжнародным гандлі ў аўторак прыняла рашэнне ўвесці антыдэмпінгавыя пошліны ў дачыненні да імпарту ва Украіну цэментавага клінкеру і портландцэменту ў памеры 114,95% на гэтыя тавары паходжаннем з РФ, са стаўкай 57,03% — з Беларусі і 94,46% — з Малдовы.

Spektr.by

«Пошліна будзе брацца на працягу пяці гадоў», — гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным на сайце міністэрства эканамічнага развіцця і гандлю Украіны.

Рашэнне ўступіць у сілу праз 30 дзён пасля апублікавання ў афіцыйным выданні «Урядовый курьер».

Мінэканамразвіцця тлумачыць, што міжведамасная камісія ўстанавіла наяўнасць дэмпінгавага імпарту з гэтых краін у 2015-2018 гады.

Канчатковая антыдэмпінгавая пошліна будзе спаганяцца ў працэнтах ад мытнага кошту і пачне налічвацца дадаткова да ўвазной пошліны праз 30 дзён пасля публікацыі апавяшчэння міжведамаснай камісіі ў афіцыйным выданні «Урядовый курьер».

Прымяненне пошлін з такой высокай стаўкай да імпарту тавараў з трох краін адначасова — вельмі рэдкі вынік для антыдэмпінгавага расследавання, пракаментавала партнёр і кіраўнік практыкі міжнароднага гандлю юрыдычнай фірмы «Іліяш і Партнёры» Алёна Амельчанка.

«Па сутнасці, такая высокая стаўка пошліны з'яўляецца забаронай і азначае ўсталяванне факту парушэння канкурэнцыі замежнымі вытворцамі», — адзначыла яна.

Акрамя гэтага, міжведамасная камісія адхіліла пісьмовыя абавязацельствы АТ «Лафарж Цэмент Малдова», ЗАТ «Осколцемент» і ЗАТ «Еўрацэмент трэйд» аб спыненні дэмпінгавага імпарту цэменту ва Украіну.

Рашэнне аб пачатку антыдэмпінгавага расследавання камісія прыняла 4 ліпеня 2018 года.

Паводле звестак Белстата, у першым квартале 2019 года на долю Украіны прыходзіцца 20% ад агульнага аб'ёму экспарту цэменту з Беларусі. За студзень-сакавік 2019 года пастаўкі портландцэменту ва Украіну склалі 52,4 тысячы тон, што на 28,3% больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года. У вартасным выражэнні экспарт беларускага цэменту ва Украіну вырас у 1,6 раза да 2,66 млн долараў.

Агульны аб'ём экспарту цэменту з Беларусі ў першым квартале склаў 260,3 тысячы тон, скараціўшыся на 3,3%.

Украінскі рынак з'яўляецца другім па значнасці для беларускага экспарту цэменту пасля Расіі, на якую прыпадае больш за 50% знешніх паставак. Доля Польшчы складае 15%, Літвы — 8,9%.

Паводле interfax.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!