Украіна не будзе ўводзіць спецпошліну на беларускія тавары

Беларускі і ўкраінскі бакі дамовіліся аб зняцці абмежавальных мер ва ўзаемным гандлі. У Мінску прайшло другое пасяджэнне беларуска-ўкраінскай Рабочай групы высокага ўзроўню па пытаннях ўзаемнага гандлю.



Як паведамляе прэс-служба беларускага МЗС, беларускую частку Рабочай групы ўзначаліў першы намеснік міністра замежных спраў Аляксандр Міхневіч, украінскую — намеснік міністра эканамічнага развіцця і гандлю — гандлёвы прадстаўнік Украіны Наталля Мікольская.

«У ходзе нарады бакі ўзгаднілі алгарытм далейшых сумесных дзеянняў па зняцці абмежавальных мер ва ўзаемным гандлі, уключаючы рашэнне ўкраінскага боку аб увядзенні з 20 студзеня 2016 г. спецыяльнай пошліны ў памеры 39,2% на шэраг экспартуемых ва Украіну беларускіх тавараў. Мікольская таксама праінфармавала беларускі бок аб тым, што 26 снежня 2015 года прэзідэнтам Украіны падпісаны Закон «Аб мерах па стымуляванню знешнеэканамічнай дзейнасці», якім з 1 студзеня 2016 года адмяняецца дадатковы імпартны збор, які прымяняўся у тым ліку ў дачыненні да беларускай прадукцыі. Адмена дадатковага імпартнага збору дазволіць зняць дзеючыя тарыфныя бар'еры па доступе беларускай прадукцыі на ўкраінскі рынак і створыць перадумовы для павелічэння аб'ёмаў экспарту айчынных тавараў ва Украіну», — гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, Украіна збіралася ўвесці з 20 студзеня 2016 года антыдэмпінгавыя пошліны на беларускія прадукты і тэхніку. Увядзенне пошліны стала рэакцыяй Украіны на дыскрымінацыйныя меры Беларусі супраць ўкраінскай кандытарскай і піваварнай галінаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: