Улады пачалі рэгуляваць цэны на будаўнічыя матэрыялы

У пераліку будаўнічых матэрыялаў, вырабаў і канструкцый — больш за трыццаць пунктаў. Цэны на іх абмежавалі з 1 верасня. Адпаведную пастанову прыняло Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.

Чыноўнікі ўсталявалі максімальныя надбаўкі на цэны для імпарцёраў і вытворцаў. А для забудоўнікаў вызначылі гранічную рэнтабельнасць, адзначае «Свабода».

У Беларусі сёлета істотна падаражэлі будаўнічыя матэрыялы. «Метал за першы квартал 2021 года падаражэў на 80%, піламатэрыялы па некаторых пазіцыях падаражэлі больш як на 200%», — цытаваў 2 жніўня партал Realt.by міністра архітэктуры і будаўніцтва Руслана Пархамовіча.

У чэрвені прадстаўнікі ФПБ, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і Камітэта дзяржкантролю прызналі, што на цэны ў Беларусі ўплывае рост цэн у свеце, звязаны з вялікім попытам і недастатковай прапановай, бо прадпрыемствы менш выраблялі ў звязку з пандэміяй. Разам з тым у іх паўсталі пытанні што да «абʼектыўнасці адпускных цэн і гандлёвых надбавак у асобных гандлёвых пунктах», пісала БелТА.

Афіцыйныя прафсаюзы заклікалі тады «зацікаўленыя ведамствы правесці комплексную работу па стабілізацыі сітуацыі ў гэтай сферы».

23 лютага для стрымлівання росту цэн на сацыяльна значныя тавары ўрад забараніў павышаць цэны, а з сакавіка — вызначыў мяжу іх павышэння не больш як 0,2% за месяц. Павялічваць цэны вышэй за ўстаноўленую мяжу дазволена толькі са згоды камісіі па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры Савеце міністраў.

У жніўні ў разы падаражэла некаторая гародніна. Таксама пакупнікі заўважылі перабоі з курацінай.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: