Улады ўнеслі змены ў «дармаедскі дэкрэт». Каго яны датычацца

Пастановай Савету міністраў ад 25 траўня ўнесеныя некаторыя змены ў прэзідэнцкі дэкрэт «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва». Так, некаторых выключылі з ліку «дармаедаў», а таксама ўвялі персанальную адказнасць за дадзеныя ў «базе дармаедаў», піша «Радыё Свабода».
Фота Уладзіслава Рубанава

Фота Уладзіслава Рубанава

Цяпер, згодна з пастановай, з базы незанятых у эканоміцы выключылі:

— грамадзян, якія працуюць у замежных або міжнародных арганізацыях, на падставе інфармацыі, прадстаўленай гэтымі арганізацыямі;

— мужа\жонку тых, каго прызначылі на пасаду ў міждзяржаўны орган, прадугледжаны ў міжнародных дамовах Беларусі або рашэннях адпаведных міжнародных органаў;

— сужэнцаў аташэ ў пытаннях абароны пры амбасадзе Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой, а таксама памочнікаў аташэ ў пытаннях абароны, накіраваных у дыпламатычныя прадстаўніцтвы Беларусі.

Улады таксама ўвялі персанальную адказнасць за прадстаўленне дакладнай інфармацыі для фармавання (актуалізацыі) базы «дармаедаў» для:

— кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і іншых арганізацый, падпарадкаваных ураду,
старшыняў аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкаму,

— кіраўнікоў іншых арганізацый, якія падаюць такую інфармацыю.

Якое пакаранне прадугледжана за недакладную інфармацыю ў базе, у пастанове не пазначана.

Таксама мясцовым уладам даручылі забяспечыць узаемадзеянне вайсковых камісарыятаў з дармаедскімі камісіямі. Яны павінны перадаваць інфармацыю пра грамадзян, якіх прызвалі і накіравалі на тэрміновую вайсковую службу і службу ў рэзерве: да 20 чэрвеня 2019 года — пра накіраваных для праходжання службы ў лютым-траўні 2019; да 20 снежня 2019 — па накіраваных на службу ў жніўні-лістападзе 2019.

Пастанова набывае сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання 29 траўня (некаторыя асобныя змены — з дня яе падпісання).

svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!