Урад чакае «па пяцьсот» ад канца году. Далей рэальнага росту заробкаў амаль не будзе

Улады Беларусі чакаюць 1074 рублі сярэдняга заробку ў снежні 2018 года, 1134,7 рубля — у канцы наступнага. Але з папраўкай на інфляцыю выходзіць год без росту, піша «Радыё Свабода».
Ілюстратыўнае фота  www.svaboda.org

Ілюстратыўнае фота  www.svaboda.org

Паводле звестак БелаПАН, у праекце прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2019 год запісана, што на канец бягучага году сярэдні заробак у Беларусі складзе 1074 рублі.

Гэта якраз тыя «па пяцьсот» долараў, якія Аляксандр Лукашэнка абяцае беларусам больш за 10 гадоў. На момант публікацыі тыя 1074 рублі — гэта 508,32 долара.

Пакуль жа сярэдні заробак складае 987,5 рубля (484,1 долара) па стане на жнівень.

На канец 2019 года лічбы сярэдняга заробку запланаваныя крыху большыя: 1134,7 рубля. На сёння гэта 537,26 долара — але колькі гэта будзе ў доларавым эквіваленце на канец 2019-га, невядома. І пры тым, што плануецца рост заробкаў на 5,65%, інфляцыя «не павінна перавышаць 5%» (так лічыць Нацбанк). Гэта значыць, у 2019-м у людзей намінальна будзе больш грошай, але застанецца амаль такая ж пакупніцкая здольнасць.

Прэм’ер-міністар Сяргей Румас нядаўна тлумачыў, што падвышаць сярэднія заробкі збіраюцца за кошт тых, хто атрымлівае нізкія даходы. Сапраўды, заробкі бюджэтнікам паступова падвышаюць.

На II квартал 2018 году 65,8% беларусаў мелі менш за 500 рублёў рэальных даходаў, а 5,7% мелі менш за пражытковы мінімум.

Трэба ўлічваць, што сярэдні заробак — гэта не той, які атрымлівае сярэднестатыстычны беларус. Заробак сярэднестатыстычнага чалавека завецца медыянным, і ён ніжэйшы за сярэдні налічаны. У траўні 2018 году медыянны заробак у Беларусі склаў 709,3 рубля. І гэта да вынятку падаткаў і збораў.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць