Усе пры справе

Даручэнне кіраўніка Беларусі выкананае, усе працаўладкаваныя. Гэта, бадай, самы сенсацыйны вынік працяглых першамайскіх святаў.

Фота www. kraj.by

Пра гэта журналістам паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ірына Касцевіч. Яна нагадала, што ў красавіку ва ўсіх рэгіёнах была разгорнутая маштабная праца. «Мы дайшлі да кожнага чалавека. За красавік працаўладкавалі больш за 85 тысяч чалавек, — падкрэсліла яна. — Хто хацеў, той, вядома, быў працаўладкаваны».

Паводле яе звестак, на рынку працы сітуацыя досыць стабільная, і колькасць занятых у эканоміцы вырасла на 5,6 тысячы чалавек.

Самае цікавае, што пацвер­дзіць ці аспрэчыць словы міністра цяпер немагчыма. На сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта лічба беспрацоўных — пакуль толькі за сакавік гэтага года. І там сітуацыя не вельмі вясёлая: у сакавіку звольнена на 5 тысяч чалавек больш, чым працаўладкавана.

Якім жа чынам Міністэрства працы дамаглося прарыву ў выкананні даручэння Аляксандра Лукашэнкі?

Мінскі актывіст-прадпрымальнік Ілля Дабратвор расказвае цікавую гісторыю. Вырашыў ён скарыстацца загадам Лукашэнкі, знайшоў вакансію, аднёс дакументы, яго прынялі. На працу трэба было выходзіць 2 мая. Ён прыйшоў — і яго адразу ж звольнілі. Такім чынам 1 мая ён быў «працоўным», а ўжо 2 мая — зноў беспрацоўным.

Магілёўскі актывіст АГП Ула­дзімір Шанцаў, напрыклад, расказвае, што колькасць «працоўных» наганяецца штучна. «Там, дзе павінен працаваць адзін чалавек, вобразна кажучы, робяць так, каб працавалі чатыры».

Гэтага не хаваюць нават улады. Сайт vitebsk.cc раскапаў рашэнне Наваполацкага гарвыканкама пра «павелічэнне аб'ёмаў аплатных грамадскіх работ у арганізацыях жыллёва-камунальнай гаспадаркі». Раней, згодна з прынятым у канцы 2016 года рашэннем, у 2017 годзе планавалася 50 чалавека-дзён аплатных грамадскіх работ. Паводле змен, унесеных гарвыканкамам, аб'ём такіх работ у сферы ЖКГ павялічаны да 3000 чалавека-дзён.

То бок, можна «працаўладкаваць» у 60 разоў (!) больш народу! Праўда, па-першае, праца гэта часовая. Па-другое, які будзе заробак на такой працы?

Той жа Шанцаў кажа пра зразумелую кожнаму нармальнаму чалавеку рэч: грошы ніадкуль не бяруцца. А таму плануе ўзмац­ненне пратэстных настрояў, калі заробак аднаго чалавека па­дзеляць на чатырох, і калі гэтыя чатыры атрымаюць разліковыя лісты: «Тады, магчыма, пратэст актывізуецца, можа быць нават, без нашага ўдзелу, самастойна», — кажа Шанцаў.

І ён у нечым мае рацыю. Праўда, пратэст актывізуецца «не потым», а зараз. Грошай не хапае на самае святое.

Крычаўскія міліцыянты абурыліся эканоміяй ва ўласным ведамстве. Кіраўніцтва прымушае іх выконваць план па «злачынствах» і аддаваць частку заробкаў. 11 супрацоўнікаў правапарадку даслалі ліст міністру Шуневічу, у якім апісваюць умовы сваёй працы.

Падпалкоўнік міліцыі Ігар Вусік праслужыў у міліцыі 21 год, атрымаў летась медаль «За бездакорную службу». Аднак кажа, што цяперашні ягоны кіраўнік, падпалкоўнік Станіслаў Чупрын, перайшоў усе межы: супрацоўнікам не даюць прэміяў, а калі прэміруюць, грошы трэба аддаць кіраўніцтву. Паборы, кажа Вусік, ягоны кіраўнік дзяліў з намеснікам кіраўніка па ідэалагічнай працы Васілём Ціханенкам.

«У снежні 16-га года нам выдалі прэміі, але мы гэтае прэміяванне мусілі вярнуць. Ціханенку і іншым кіраўнікам, відаць», — распавядае ўчастковы Крычаўскага РАУСу Андрэй Шашкоў.

Паводле міліцыянтаў, дзяжурныя не маглі сыходзіць са службы, не выявіўшы правапарушэнняў «за хуліганства» і «за распіванне алкагольных напояў у грамадскіх месцах». Міліцыянты мусілі дзяжурыць, пакуль не знойдуць вінаватых паводле адпаведных артыкулаў. На ўзмоцнены рэжым нясення службы за мінулы год працаўнікоў аддзелу аховы парадку пераводзілі 8 разоў, зазначае былы міліцыянт Юрый Дзюбанаў. «Узмоцнены рэжым — 10 дзён без выходных і 12-гадзінны працоўны дзень», — кажа Дзюбанаў.

Магілёўскае Упраўленне ўласнай бяспекі парушэнняў паводле скаргі міліцыянтаў не знайшло. Цяпер Ігар Вусік, і яго паплечнікі разлічваюць на расследаванне сталічных органаў. У звароце да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча яны пералічылі ўсё, з чым сутыкаліся пад кіраўніцтвам Чупрына: знявагі і кпіны, несправядлівыя пакаранні, неабгрунтаваныя з гледзішча міліцыянтаў пераводы на ўзмоцнены варыянт нясення службы ды абавязковыя выяўленні правапарушэнняў. Падпісалі зварот 11 чалавек.

Ці прыслухаецца Шуневіч да сваіх падначаленых, ці ён больш заклапочаны захаваннем «помніка гарадавому»?

Не лепш справы ў другой «святой каровы» беларускіх уладаў —  спорту. Старшыня футбольнага клубу «Нафтан» Леанід Падліпскі напісаў ліст старшыні АБФФ Сяргею Румасу. Паводле звароту, футбалісты не атрымліваюць заробак ужо чатыры месяцы, а ў клубе няма грошай ні на харчаванне, ні на бензін.

Пытанне, дзе ўзяць грошы,  дагэтуль застаецца самым актуальным у дзяржаве. Бачна, крэдыты, пра якія Лукашэнка дамовіўся з Пуціным, краіну не выратавалі. Таму шукаюцца новыя формы ад’ёму грошай у насельніцтва.

Напрыклад, Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову прыраўняць электронныя цыгарэты да тытунёвых вырабаў, паведаміла прэсе начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) Віялета Бразоўская па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы.

Плануецца забараніць рэкламу электронных сістэм курэння і іх продаж непаўналетнім. Таксама будуць вызначаны месцы, дзе можна рэалізоўваць дадзеныя прылады.

Галоўнае — забарона рэкламы? Не. Галоўнае, што зараз электронныя цыгарэты і вадкасці для іх будуць абкладацца такім жа акцызам, як і звычайны тытунь. Вось у гэтым дасягненне.

Трэба яшчэ наконт кальянаў падумаць.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: