Усходні вектар дэмаграфічнага крызісу

Уплывы Польшчы з аднаго боку, а з другога — Расіі падчас гістарычных падзелаў тэрыторыі нашай краіны не маглі не прывесці да наяўнасці пэўных сацыяльных адрозненняў паміж заходнімі і ўсходнімі абласцямі Беларусі.


З цягам часу адрозненні паступова нівеляваліся. Аднак, калі зірнуць на развіццё дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне, то і цяпер кідаюцца ў вочы відавочныя рэгіянальныя дыспрапорцыі.

Заходнія рэгіёны — крыніца прыросту насельніцтва

Складаная дэмаграфічная сітуацыя — даўно не навіна для Беларусі. У апошні раз натуральны прырост насельніцтва ў нас адзначаўся ў далёкім 1992 годзе. Аднак сумная дэмаграфічная абстаноўка характэрная не для ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Напрыклад, у сталіцы з 2006 года няўхільна адзначаецца натуральны прырост насельніцтва. А з 2013-га рэгіёнам з устойлівым натуральным прыростам насельніцтва стала яшчэ і Брэсцкая вобласць. Калі натуральны прырост беларускай сталіцы забяспечваецца самым нізкім у краіне паказчыкам смяротнасці, дык павелічэнне колькасці жыхароў Брэстчыны абумоўлена самым высокім у краіне паказчыкам нараджальнасці — 13,5 народжаных на 1000 насельніцтва.

У 2016 годзе на другое месца паводле паказчыку нараджальнасці пасля Брэстчыны выйшла Гродзенская вобласць, дзе за два апошнія гады нараджальнасць вырасла на 5% і склала 13,2 народжаных на 1000 насельніцтва. Калі тэндэнцыя працягнецца, паўночна-заходні рэгіён Беларусі таксама стане крыніцай прыросту насельніцтва нашай краіны.

Паказчык нараджальнасці цесна звязаны з колькасцю штучных перапыненняў цяжарнасці. Па гэтым паказчыку таксама прасочваецца выразная геаграфічная заканамернасць.

Малюнак 1. Колькасць абортаў у разліку на 100 родаў па рэгіёнах Беларусі ў 2016 годзе


Калі ў заходніх абласцях на 100 родаў у 2016 годзе прыпадала да 20 абортаў, то ў Гомельскай і Віцебскай — больш за 30.

На першы погляд можа здацца, што розніца ў колькасці абортаў звязаная з сацыяльнымі або рэлігійнымі адрозненнямі. Аднак вывучэнне колькасці абортаў у гістарычнай рэтраспектыве паказвае, што яшчэ 10 гадоў таму лідарам па колькасці штучных перапыненняў цяжарнасці была менавіта Брэсцкая вобласць. Усходнія вобласці выйшлі ў лідары па колькасці абортаў толькі апошнія 7–8 гадоў. Гэта дазваляе выказаць здагадку, што цяперашнія дыспрапорцыі выкліканыя знешнімі прычынамі, якія ўзніклі ў апошнія час.


Ранні шлюб — не прычына разводу

З канца ХХ стагоддзя ў Беларусі назіраецца паступовае павелічэнне сярэдняга ўзросту ўступлення ў першы шлюб. За апошнія дваццаць гадоў гэты паказчык павялічыўся на тры гады як для мужчын, так і для жанчын. Аднак і тут назіраюцца прыкметныя адрозненні паміж заходнімі і ўсходнімі абласцямі Беларусі.

Малюнак 2.1. Сярэдні ўзрост уступлення ў першы шлюб жанчын па рэгіёнах Беларусі ў 2016 годзе


Малюнак 2. Сярэдні ўзрост уступлення ў першы шлюб мужчын па рэгіёнах Беларусі ў 2016 годзе

Жыхары заходніх рэгіёнаў жэняцца амаль на год раней за сваіх суайчыннікаў з усходніх абласцей. Самыя раннія першыя шлюбы заключаюцца ў Брэсцкай вобласці. Мясцовыя дзяўчаты ўпершыню выходзяць замуж у сярэднім у 24,7 года, а хлопцы жэняцца ў 27 гадоў. Самыя познія першыя шлюбы заключаюцца ў Мінску. Сярэдні ўзрост нявесты тут складае 26,7 года, а жаніха — 28,4 года.

Прыемна, што ў апошнія гады колькасць разводаў у Беларусі паступова скарачаецца. Аднак заключэнне пазнейшых шлюбаў зусім не азначае меншую верагоднасць разводу.

Малюнак 3. Колькасць разводаў у разліку на 1000 шлюбаў па рэгіёнах Беларусі ў 2016 годзе


З Малюнка 3 відаць, што ў заходніх абласцях, дзе маладыя людзі заключаюць шлюбы ў больш раннім узросце, коль­касць разводаў у разліку на 1000 шлюбаў прыкметна меншая. І такая сітуацыя назіраецца ўжо не адзін год. Найбольш шчасныя шлюбы ў Гродзенскай вобласці, дзе ў 2016 годзе на 1000 шлюбаў прыпадала 452 разводы. Самы высокі працэнт шлюбаў, што распадаюцца, у 2016 годзе быў у Віцебскай вобласці, дзе на 1000 заключаных шлюбаў прыпала 558 разводаў.

Варта таксама адзначыць, што колькасць разводаў у разліку на 1000 шлюбаў у 2016 годзе рэзка ўзрасла па ўсёй Беларусі. Калі ў 2015 годзе гэты паказчык складаў 402 на 1000 шлюбаў, дык у 2016 годзе — ужо 506. І гэтая сітуацыя выкліканая не колькасцю разводаў, якая працягвае скарачацца, а тым, што імкліва скарацілася колькасць шлюбаў. Так, у 2016 года колькасць зарэгістраваных шлюбаў скарацілася аж на 21,3%.

Верагодней за ўсё, такая сітуацыя звязана з пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў краіне. Бо папярэдні раз аналагічная тэндэнцыя адзначалася ў 90-х гадах мінулага стагоддзя, калі за дзесяцігоддзе колькасць шлюбаў скарацілася амаль на 40%.


Узрост маці б’е рэкорды

Пазнейшыя шлюбы і агульнае развіццё медыцыны спрыяюць таму, што жанчыны нараджаюць ва ўсё больш познім узросце. У 2016 годзе статыстычныя дадзеныя ўпершыню ў гісторыі Беларусі зафіксавалі парадзіху, старэйшую за 49 гадоў. Дзіця, якое нарадзілася, для яе стала чацвёртым. Сярэдні ўзрост парадзіхі ў 2016 годзе дасягнуў 28,9 года. І нават па гэтым паказчыку заходнія вобласці крыху адрозніваюцца ад іншых рэгіёнаў Беларусі.

Розніца паміж рэгіёнамі нязначная, тым не менш, адзначым, што менавіта ў заходніх абласцях Беларусі ў 2016 годзе назіраецца самы нізкі сярэдні ўзрост парадзіх — 28,5 года. Самыя ўзроставыя пара­дзіхі ў сталіцы — 30,2 года.

Калі супаставіць узрост маці пры нараджэнні першага дзіцяці з сярэднім узростам уступлення жанчын у першы шлюб, то можна заўважыць, што ва ўсходніх (Гомельскай і Магілёўскай) абласцях гэтыя паказчыкі амаль супадаюць. Гэта сведчыць аб тым, што многія жанчыны ў гэтых рэгіёнах нараджаюць дзяцей, не знаходзячыся ў зарэгістраваным шлюбе.

Такім чынам, мы можам назіраць цэлы шэраг відавочных сацыяльных дыспрапорцый. Жанчыны ва ўсходніх рэгіёнах пазней уступаюць у шлюб, часцей разводзяцца і робяць аборты, нараджаюць у больш познім узросце і ў канчатковым рахунку забяспечваюць меншую нараджальнасць. Відавочна, што ў гэтых дыспрапорцый павінна быць адна агульная прычына, прычым з’явілася яна адносна нядаўна, паколькі яшчэ 10 гадоў таму такіх выразных рэгіянальных заканамернасцяў не назіралася. У чым жа справа?


Варты заробак замяняе сямейнае шчасце

У першы раз дэмаграфічныя дыспрапорцыі выявіліся ў перыяд фінансавага крызісу 2011 года, калі ручаінка працоўнай міграцыі ва ўсходнім кірунку ператварылася ў струмень. Рэзкі кантраст ва ўзроўні заробкаў разам з магчымасцю вольнага працаўладкавання на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі прывялі да істотнага ўсплёску працоўнай міграцыі. За мінулую пяцігодку сітуацыя толькі пагоршылася. Калі раней матывацыйным фактарам былі казачныя паводле беларускіх мерак маскоўскія заробкі, дык зараз уладкавацца ў Беларусі на годную працу стала зусім праблематычна.

У выніку імкненне палепшыць матэрыяльны дабрабыт прымусіла многіх беларусаў адсунуць на другі план такія жыццёвыя каштоўнасці, як стварэнне сям’і і нараджэнне нашчадкаў. І зусім не дзіўна, што згубныя дэмаграфічныя тэндэнцыі ярчэй праяўляюцца менавіта ў памежных з Расіяй рэгіёнах. А пацвярджэннем з’яўляецца і той факт, што менавіта ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях падатковымі службамі была адпраўлена найбольшая колькасць «лістоў шчасця» ў суадносінах да колькасці працаздольнага насельніцтва.

Можна і далей не звяртаць увагу на працэсы, якія адбываюцца, задавальняцца тым, што паказчык натуральнага змяншэння насельніцтва паступова скарачаецца. Можна лічыць выяўленыя сацыяльныя дыспрапорцыі нязначнымі. У той жа час цалкам відавочна, што сітуацыя, якая склалася, зусім не выпадковая. Больш за тое, у бліжэйшай перспектыве праблема будзе толькі абвастрацца.


Ці ёсць рашэнне праблемы?

Замест прыняцця адэкватных мер сацыяльнай падтрымкі дзяржава паспрабавала ўвесці падатак на непрацуючых грамадзян. Ці здольная такая мера выправіць дэмаграфічную сітуацыю? Цалкам відавочна, што ніякім чынам.

У той жа час, чаму б не прадугледзець увядзенне сістэмы абавязковых даплат да заработнай платы для бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў. Гэта, з аднаго боку, падыме ўзровень сацыяльнай абароненасці маладых сем’яў, а з другога — створыць эканамічны стымул для працаўладкавання маладых бацькоў унутры краіны.

Вельмі важны аспект сацыяльнай адказнасці бацькі перад сваім дзіцем і сваёй сям’ёй. Таму лагічным рашэннем было б прызначэнне дадзеных выплат толькі для тых бацькоў, якія знаходзяцца ў афіцыйна зарэгістраваным шлюбе з маці дзіцяці.

Сума меркаваных выплат павінна быць досыць вялікая, каб утрымліваць работніка на беларускім прадпрыемстве, але яна не павінна залежаць ад узроўню аплаты працы ў арганізацыі, для таго, каб ствараць роўныя стымулы для ўсіх грамадзян. Лагічна таксама прадугледзець павелічэнне сумы выплат з узростам дзіцяці. Гэта б яшчэ больш узмацніла матывацыю супрацоўніка працягваць працоўную кар’еру ў сябе на радзіме.

*  *  *

Дадзеных за 2017 год пакуль няма, таму наш аналіз базуецца на лічбах 2016 года, аднак, гле­дзячы па ўсім, тэндэнцыі 2016-га захаваліся і ў 2017 годзе.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!