Усяго за адзін квартал і яшчэ да «выбараў» інвестыцыі ў IT скараціліся ў 4 разы

Амаль у чатыры разы ўсяго за адзін квартал (за красавік-чэрвень) гэтага года скараціўся аб’ём замежных інвестыцый у самы высокатэхналагічны сектар беларускай эканомікі — інфармацыю і сувязь.


Калі ў першым квартале (у студзені-сакавіку) 2020 года ў гэты кірунак, асноўным складнікам якога з’яўляецца IT і тэлекамунікацыі, быў інвеставаны 266,1 млн долараў (уключаючы 260,1 млн долараў наўпроставых інвестыцый), то ў другім квартале — 69,6 млн долараў (56 млн долараў), сведчаць звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі.

Падзенне цікавасці замежных інвестараў да самага перспектыўнага сектара нацыянальнай эканомікі за тры месяцы склала больш чым 3,8 разы.

Па выніках першага паўгоддзя агульны аб’ём замежных інвестыцый, якія паступілі ў сегмент інфармацыі і сувязі, склаў 335,8 млн долараў, уключаючы 316,1 млн долараў прамых інвестыцый.

У разрэзе відаў эканамічнай дзейнасці гэта чацвёрты паказчык па прывабнасці для інвестараў пасля прамысловасці, аптовага і рознічнага гандлю і транспартна-лагістычнай галіны. Эксперты, аднак, прагназуюць, што гэта становішча і аб’ёмы інвестыцый могуць змяніцца ўжо па выніках трэцяга квартала гэтага года.

Гэта звязана з палітычным і эканамічным крызісам у Беларусі, які змушае шматлікія кампаніі (у першую чаргу, з мабільнага IT-сектара) скарачаць аб’ёмы дзейнасці і пачынаць рэлакацыю ў больш стабільныя краіны.

Дарэчы, аб’ём інвестыцый у гэты сектар, накіраваны беларускімі інвестарамі за мяжу, не так моцна адрозніваўся ў першым і другім кварталах 2020 года. Калі ў студзені-сакавіку сума знешніх укладанняў была роўная 58,2 млн долараў (прамыя інвестыцыі — 58 млн долараў), то ў красавіку-чэрвені — 36,5 млн долараў (36,2 млн долараў).

Усяго за першае паўгоддзе з Беларусі за мяжу ў інфармацыю і сувязь было накіравана 94,7 млн долараў (94,2 млн долараў), паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі.

Крыніца: zautra.by



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: