Нафтагазавыя стасункі Беларусі і Расіі: ці ўсё так добра як на словах выглядае?

Насуперак прагнозам аналітыкаў, у Новы год Беларусь увайшла без традыцыйнай «нафтагазавай спрэчкі» з Расіяй. Бакі дамовіліся пра пастаўкі энерганосьбітаў у Сінявокую адносна задоўга да звону крамлёўскіх курантаў. Толькі ўсё ж узнікае пытанне: добра гэта ці дрэнна?


Перад новым годам, наведваючы «Беларуськалій», прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка заявіў, што ўраду ўдалося дамовіцца з Расіяй пра пастаўкі нафты і газу на выгадных умовах. «Як заўсёды, перамовы любога роду суправаджаюцца пэўным гандлем адносна ўмоў. Але ў прынцыпе ўсё скончылася для Беларусі на добрых, выгадных умовах», — сказаў ён.

Але ці так гэта на самай справе? Бо ўсё выглядае на тое, што беларускі бок, верагодна, з палітычных прычынаў, проста «падмахнуў» усё тое, што прапанавала Расія.

Газ

Прэм’ер, выступаючы на «Беларуськаліі», не стаў канкрэтызаваць дамоўленасці. Ён толькі сказаў, што цана на газ «захавалася практычна на ўзроўні 2020 года».

«Калі казаць пра бягучы ўзровень цэн на сусветных валютных рынках, то Беларусь купляе газ практычна ў два разы танней у параўнанні з сусветнымі цэнамі, якія складваюцца», — сказаў Галоўчанка.

Трэба адзначыць, што ў апошнія тыдні кошт газу на еўрапейскіх гандлёвых пляцоўках сапраўды вырас, аднак у першай палове года ў перыяд падзення коштаў на еўрапейскіх газавых хабах, Беларусі даводзілася плаціць больш, чым спажыўцам ЕС, што выклікала абурэнне Лукашэнкі.

Ва ўжо мінулым годзе Беларусь плаціла за расійскі газ 127 долараў за тысячу кубаметраў. Аднак, на самай справе, усё залежыць ад методыкі падліку. «Газпрам Беларусь» сапраўды імпартуе расійскі газ па 127 долараў за тысячу кубоў (кошт вар’іруецца ў залежнасці ад якасці газу). Але пры гэтым ён дадае сваю нацэнку ў 20 долараў і ПДВ. Такім чынам, «Белпалівагаз», які затым рэалізуе газ унутры краіны, купляе сыравіну па рэальным кошце ў 176–180 долараў за тысячу кубоў.

Калі сыходзіць са словаў Галоўчанкі, «сусветныя цэны ў два разы даражэй за беларускія» — гэта 254 долара па ніжнім паказчыку (уваходзе ў Беларусь) і 352–360 долараў па рэальным беларускім паказчыку.

На галоўнай еўрапейскай гандлёвай пляцоўцы, хабе TTF у Нідэрландах, 29 снежня 2020 года спотавая цана на газ складала 17,529 еўра за 1 мегават. Па еўрапейскіх правілах, бярэм верхні каэфіцыент цеплатворнасці ў 11,28 — і атрымліваем цану ў 197,7 еўра за тысячу кубоў, пераводзім у долары па $1,22 за еўра і атрымліваем 241 долар за тысячу кубаметраў.

Калі пералічыць па максімальным каэфіцыенце цеплатворнасці 9,5, які выкарыстоўвае Украіна, то цана выйдзе значна ніжэйшай — 203 долары за тысячу кубаметраў. Звычайна ж цеплатворнасць расійскага газу Украіна ацэньвае ў 8,0 — 8,3, што дае 177,5 долара за тысячу кубаметраў.

Такім чынам, «льготная цана» для Беларусі па рэальным уваходзе — цане для «Белпалівагаза» — цалкам супастаўная з нармальнай і далёка не «льготнай» цаной тысячы кубаметраў газу для Украіны.

Пры гэтым Беларусь спажывае каля 20 мільярдаў кубаметраў газу за год.

Нафта

Што тычыцца коштаў нафты, то і тут прэм’ер не агучыў канкрэтныя ўмовы кантракту. Вядомыя толькі аб’ёмы пастаўкі. Па словах Галоўчанкі, яны будуць вызначацца мэтазгоднасцю. «Але расійскі бок гатовы паставіць пад максімальны аб’ём фактычна столькі, колькі для нас будзе выгадна перапрацоўваць. Там 18 мільёнаў тон, то будзем перапрацоўваць столькі. Будзе залежаць, вядома, ад сітуацыі на рынку», — сказаў ён.

Таксама вядома, што ў новым годзе Расія не будзе кампенсаваць Беларусі частку прэміі пастаўшчыкам нафты, як яна рабіла гэта пасля маштабнай нафтавай спрэчкі ў першай палове 2020 года. Тады бакі дамовіліся, што расійскі бюджэт праз механізм міжбюджэтных разлікаў кампенсуе Беларусі частку прэміі ў цане нафты — 4,7 долара за тону нафты. Усяго «нафтавая прэмія» плюсавала да цаны сыравіны каля 12 долараў.

Цяпер гэтай кампенсацыі не будзе, дый і не павінна быць. Міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак казаў, што дамоўленасць аб кампенсацыі нафтавай прэміі дзейнічае толькі ў тым выпадку, калі кошт нафты ў свеце не перавышае 40–45 долараў за барэль. Цяпер сусветная цана нафты павысілася да 45–50 долараў за барэль. Ці дзейнічала «кампенсацыйная зніжка» пасля павышэння коштаў? Публічна пра гэта ні адзін з бакоў не казаў.

Акрамя таго, у Расіі працягваецца «падатковы манеўр» — замена экспартнай пошліны на нафту ўнутраным падаткам на здабычу карысных выкапняў. І таму колькасць грошай, якія Беларусь пакідала ў сябе (экспартную пошліну на нафту мы не пералічвалі ў расійскі бюджэт, і за яе кошт «зніжаўся» кошт нафты) паступова скарачаецца. Калі ў мінулым годзе беларускія НПЗ куплялі расійскую нафту па цане, якая складала 85% ад сусветнай, то ў гэтым, новым годзе яна падвысіцца, паводле дадзеных «Белнафтахіма», да 88–90% ад сусветнай.

У цэлым беларускі ўрад ацэньвае прамыя страты даходаў бюджэту ў 2021 годзе толькі ад рэалізацыі падатковага манеўру ў суму каля 350 мільёнаў рублёў.

Таму пытанне пра кошт нафты ў яе грашовым выразе застаецца адкрытым. Цяпер цана на нафту для Беларусі вызначаецца, зыходзячы з сярэднямесячных каціровак Urals у Паўночна-Заходняй Еўропе і Міжземнамор’і за мінусам экспартнай пошліны на нафту і транспартных выдаткаў. Цяпер сусветная цана гэтай маркі нафты складае каля 50 долараў за барэль. Беларускі бюджэт–2021 разлічаны, зыходзячы з цаны на нафту маркі Urals у 40 долараў за барэль.

Аднак усё можа памяняцца хутка, істотна і нечакана — дакладна гэтак жа, як і ніхто не чакаў «нафтавага крызісу» 2020 года, калі цэны на нафту ўпалі ледзь не да 4 долараў за барэль, а цана Urals у пэўны перыяд і зусім была адмоўнай. Выклікана гэта было, вядома ж, «каронавірусным лакдаўнам»: імкнучыся спыніць пандэмію, многія краіны закрылі свае межы на ўезд замежнікаў. Адпаведна, істотна скараціліся авія- і транспартныя перавозкі (асабліва пасажырскія), і, як вынік, істотна ўпаў попыт на паліва — нафтапрадукты.

Цяпер сітуацыя больш прадказальная, паколькі свет навучыўся жыць ва ўмовах пандэміі. Паводле Маскоўскага нафтагазавага цэнтра кампаніі EY, у 2021 годзе глабальны рынак нафты ўстане на шлях аднаўлення пасля першага ў яго гісторыі «шоку попыту». Аднак чаканая велічыня прыросту не перакрые падзення бягучага года, і цалкам магчыма, што да канца года аб’ёмы здабычы нафты яшчэ не вернуцца да дакрызіснага ўзроўню. Як вынік, лічаць эксперты, бягучы дыяпазон коштаў на нафту ў 50–55 долараў за барэль, дасягнуты за апошнія месяцы, верагодна, захаваецца і ў 2021 годзе.

Але гэта — усяго толькі меркаванні экспертаў. Сітуацыя, нягледзячы на «большую прадказальнасць», усё роўна ў любы момант можа павярнуцца ў любы бок. Напрыклад, транспартныя выдаткі, — а значыць, і спажыванне нафтапрадуктаў, — могуць узрасці з-за дастаўкі вакцыны ад Sars-Cov-2 у розныя кропкі планеты. А з іншага — новы, больш заразны штам каронавіруса, выяўлены ў Вялікабрытаніі і некаторых краінах Еўропы, можа, наадварот, прывесці да новага «лакдаўну» і закрыцця межаў (што, уласна, ужо адбываецца).
Пакуль у свеце — калядныя вакацыі, таму невядома, як павядзе сябе рынак той жа нафты.

Беларуская АЭС

Галоўчанка таксама вельмі ўразіў нас яшчэ адной лічбай. «Толькі за кошт уключэння ў сістэму першага энергаблока (Беларускай АЭС — НЧ) і эканоміі пэўнага аб’ёму прыроднага газу ў дзень краіна эканоміць парадку 750 тысяч долараў, — сказаў прэм’ер, дадаўшы, што цяпер першы рэактар працуе на 75% магутнасці. — Але ўжо пэўны аб’ём газу мы замяшчаем, і такую суму для краіны эканомім».

Пакуль гэтая эканомія, хутчэй, віртуальная, — адбор газу Беларусь не скараціла. Але лічба ўражвае. Праўда, уражвае яна да таго моманту, пакуль не возьмеш у рукі калькулятар.

750 тысяч долараў у дзень — гэта ў сярэднім 274 мільёны долараў на год. Дапусцім, з увядзеннем другога энергаблока гэтая лічба падвоіцца і складзе 548 мільёнаў долараў на год. Але пры гэтым варта ўлічыць, што станцыя пабудаваная ў крэдыт, за 10 мільярдаў долараў.

Такім чынам, для таго, каб станцыя хоць бы абстрактна «выйшла ў нуль», нам спатрэбіцца каля 20 гадоў яе працы (улічваючы, што крэдыт, як правіла, выплачваецца з працэнтамі).

Расійскія 10 мільярдаў долараў нам выдадзеныя на 25 гадоў. Нібыта, мы і можам расплаціцца. Але «эканомія Галоўчанкі» не ўлічвае выдаткаў на эксплуатацыю самой станцыі, уключаючы закупку паліўных стрыжняў, іх абслугоўванне і замену. Каштуе ядзернае паліва вельмі дорага, таксама не вырашана да канца пытанне з утылізацыяй адкідаў станцыі. У любым выпадку, атрымліваецца, што «зэканомленыя» на ўводзе ў эксплуатацыю АЭС грошы мы ўсё роўна будзем перадаваць Расіі — за паліва для станцыі, за крэдыт, і гэтак далей.

Такім чынам, адчувальнага эканамічнага эфекту ад Беларускай АЭС мы не ўбачым і не памацаем рукамі каля 30 гадоў. Пры гэтым, як піша Вікіпедыя, нарматыўны тэрмін эксплуатацыі атамных энергаблокаў звычайна складае 30–40 гадоў.

Таму дагэтуль застаецца адкрытым пытанне: ці патрэбны нам той «праект стагоддзя», ці не больш выгадна было б нам не будаваць атамную станцыю, а проста плаціць Расіі за прыродны газ? Бо нават у доўгатэрміновай перспектыве (30 гадоў я лічу доўгатэрміновай перспектывай) выходзіць, што гэтая станцыя ў фінансавым плане будзе працаваць не на Беларусь, а выключна на Расію.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: