Вадзім Іосуб: Дэкрэт аб дармаедах ціха пахаваюць

З 1 кастрычніка ў Беларусь вяртаецца Дэкрэт №3, больш вядомы як «дэкрэт аб дармаедах». Улада звужае кола «дармаедаў» — з паўмільёна да 300 тысяч, але не збіраецца адмаўляцца ад сваёй ідэі — прымусіць не жадаючых афіцыйна працаўладкоўвацца грамадзян папоўніць дзяржбюджэт.

«Мы выдзелілі людзей па персаналіях: хто можа, але не хоча, хто хоча, але не можа, і тых, якім трэба рыдлёўку ў зубы — і пайшоў працаваць», — заявіў беларускі кіраўнік падчас нядаўняй паездкі ў Брэст.

«Улада не ўмее прызнаваць свае памылкі, — адзначыў у інтэрв'ю Службе інфармацыі «ЕўраБеларусі» старэйшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб. — Відавочна, што з гэтай задумы нічога не атрымаецца. У краіне зараз не атрымліваецца працаўладкаваць усіх тых, хто хоча працаваць, якім чынам улада працаўладкуе тых, хто не жадае працаваць — незразумела».

Вадзім Іосуб таксама нагадаў, што ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зафіксавана адваротнае жаданням улады: «Абавязкі працаваць — няма, і наогул прымусовая праца ў краіне забаронены. Але, хутчэй за ўсё, і ў новай версіі гэты дэкрэт не будзе працаваць, будзе проста ціха ігнаравацца, пакуль пра яго — даволі хутка — усё не забудуць. Гэта значыць ён не будзе выконвацца дэ-факта, але, вядома, улада ніколі не прызнае таго, што першапачаткова быў невыканальным, што ён быў і застаецца неканстытуцыйным. Гэта можна растлумачыць: не ў звычках беларускай улады прызнавацца ў памылках».

Што тычыцца яшчэ аднаго абяцанні — выйсці ў канцы 2018 года на зарплату ў 1.500 рублёў, то выглядае яно «досыць дзіўным», бо яшчэ не выканана «папярэдняя мэта па сярэднім заробку ў 1.000 рублёў». «Чыста тэарэтычна ў снежні можна выцягнуць сярэдні заробак у 1.000 рублёў, улічваючы тое, што ў канцы года людзі атрымліваюць прэміі за квартал, хтосьці за паўгоддзе, хтосьці за год. Гэта значыць разава дасягнуць гэтага паказчыка можа і атрымаецца, але ў пачатку наступнага года зарплата зноў будзе менш жаданай тысячы. Таму заводзіць размову пра 1.500 рублёў — даволі дзіўна, — сказаў Вадзім Іосуб. — І наогул, калі казаць з пункту гледжання эканомікі, то ставіць мэту па сярэдняй зарплаце — досыць неразумны занятак. Якія на самай справе мэты ў эканоміцы павінна ставіць дзяржаву? На маю думку, дзяржава павінна забяспечваць рост эканомікі, рост прадукцыйнасці працы. Калі ў гэтым будзе рост, то і сярэднія зарплаты без усялякіх патрабаванняў будуць таксама расці. Калі ж ставіць асобнай мэтай рост сярэдняй зарплаты — гэта бессэнсоўна».

Да чаго прывядзе выкананне дырэктаратам задачы «ўсім па 1.500»? «Тэарэтычна гэта можна зрабіць, што прывядзе да вымывання выручкі прадпрыемстваў, да пагаршэння рэнтабельнасці, да росту сабекошту прадукцыі — усё гэта, безумоўна, будзе пагаршаць эканоміку прадпрыемстваў на мікраўзроўні», — сказаў Вадзім Іосуб.

«Апроч гэтага, ёсць важны і крыўдны для ўладаў момант. Па законах матэматыкі, большасць пры любых раскладах атрымлівае заробак ніжэй за сярэдні. Па маіх разліках, у нас гэта большасць складае ад 60% да 70% працаздольнага насельніцтва. Так што нават калі сярэдні заробак вырасце да праславутай 1.000 або да наступнай мэты ў 1.500 рублёў, і аб гэтым дасягненні абвесцяць па тэлевізары, то людзі — не павераць, яны як не бачылі гэтай сумы у сябе ў кішэні, так і не ўбачаць. І да таго ж гаворка будзе ісці аб налічанай зарплаце, з сумленна налічаных 1.000 рублёў на рукі чалавек атрымае 850 — зноў жа, хто паверыць у абвешчаны вынік? Другі момант, гэта размеркаванне па геаграфіі. У Мінску атрымліваюць вышэй за сярэдні заробак па краіне, ва ўсіх астатніх рэгіёнах, за рэдкімі выключэннямі накшталт Мазыра, Наваполацка, Жодзіна, Салігорска, атрымліваюць ніжэй сярэдняй. Такі вось парадокс: пры дасягненні мэты ў яе ніхто не паверыць, хоць яна будзе сапраўды па статыстыцы дасягнута», — адзначыў эканаміст.

Вадзім Іосуб кажа, што «ўлада ставіць няправільныя мэты». «Давайце ўспомнім, як у нас шмат гадоў ставілі мэту па курсе даляра. Потым праз чараду крызісаў дайшло, што курсам даляра руліць нельга, таму што гэта вынік попыту і прапановы на валюту. Дык вось зарплата — гэта таксама не мэтавы паказчык, гэта — вынік працы эканомікі. Можна ставіць задачы па росту эканомікі — тады следствам будзе і рост зарплаты. Руліць жа заробкам пры адсутнасці росту эканомікі ці слабым росце — такі ж бессэнсоўны занятак, як і адміністрацыйнае кіраванне курсам валюты. Каб зразумець сітуацыю з доларам — спатрэбілася 20 гадоў, можа быць, пройдзе яшчэ адно-два дзесяцігоддзе — і зразумеюць, што нельга дэкрэтамі і ўказамі кіраваць сярэднім заробкам», — сказаў на заканчэнне Вадзім Іосуб.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!