Вадзім Іосуб: Грошы ПВТ ніяк не дапамогуць дзяржаве

Страты нерэнтабельных беларускіх прадпрыемстваў выраслі больш чым да мільярда долараў, а Парк высокіх тэхналогіяў паказвае небывалы рост. Экспарт ПВТ за 2018 год вырас на 38 % у параўнанні з 2017 годам і склаў $ 1 мільярд 414 мільёнаў, паведамляе belsat.eu.

Фота REUTERS Vasily Fedosenko / Forum

Навіна пра рэкордны рост экспарту Парку высокіх тэхналогіяў узбударажыла сацсеткі. Тэлеграм-канал «Хромой Бес» паведамляе, што пасля справаздачы Янчэўскага кіраўнік Беларусі збярэ нараду з айцішнікаў.

А паблік «Беларусь головного мозга» піша, што за кошт айцішнікаў «улады нечакана для сябе знайшлі спосаб пакрыць страты ад расейскага падатковага манеўру».

Старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб у каментары Belsat.eu выказаў сумневы, што рэкордныя вынікі ПВТ неяк паўплываюць на папаўненне беларускага бюджэту.

«Гэтыя грошы ніяк не могуць дапамагчы дзяржаве скампенсаваць страты ад падатковага манеўру. Бо гэтыя грошы да дзяржавы дачынення не маюць. Наступствы падатковага манеўру — гэта страты для дзяржавы. У гэтым выпадку мы гаворым пра суму продажаў ПВТ, гэта нават не прыбытак, а ўгандляванае.

Гэтыя кампаніі амаль нічога не плацяць дзяржаве, апроч падаткаў на заробак. Частка гэтай сумы пойдзе на заробкі — і ўсё. Не варта разлічваць, што ПВТ у адзіночку выцягне ўсю эканоміку Беларусі ды ўзбагаціць бюджэт».

Аляксандр Лукашэнка падпісаў нашумелы Дэкрэт аб развіцці лічбавай эканомікі 21 снежня 2017 года. Тады яго аўтары казалі, што ён ператворыць Беларусь у славянскі Ган-Конг.

belsat.eu

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!