«Ваенны камунізм з ручным кіраваннем». Яраслаў Раманчук пакінуў Беларусь

Беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук пакінуў краіну. Тыдзень таму сілавікі прыйшлі да яго з ператрусам. Зараз Раманчук пражывае ў Кіеве.

— Перш за ўсё хачу распытаць Вас пра абставіны вашага ад'езду. У вас быў ператрус, вас затрымлівалі. Як Вам удалося выехаць з Беларусі?

— Не, мяне не затрымлівалі. Ператрус быў, таму, каб не патрапіць у непрыемную сітуацыю, я вымушаны быў пераехаць у свабодную краіну, — цытуе Яраслава Раманчука «Настоящее Время».

— У сувязі з чым быў ператрус?

— Ніхто не ведае. Вось гэта асаблівасць Беларусі, што ператрус можа быць з любой пазіцыі, а ў кантэксце  заканадаўства аб нацыянальнай і інфармацыйнай бяспецы, якое прымаецца, я парушаю такога роду становішча практычна дзесяць разоў у дзень.

— Гэта значыць, да вас прыходзяць сілавікі, нешта шукаюць, але пры гэтым не паведамляюць, што ў вас шукаюць?

— Так, не паведамляюць. У Беларусі гэта ўжо, на жаль, норма паводзінаў улад.

— Як вы пакідалі Беларусь? Ці было гэта бесперашкодна?

— Паколькі я пакідаў усё праз Расію, то гэта адносна бесперашкодна, але дарога працягвалася 48 гадзін.

— Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што заходнія санкцыі не нанеслі шкоды беларускай эканоміцы, што ВУП за першыя паўгода толькі вырас. Вы ж месяц таму прадракалі абвал беларускай эканомікі і страту да 15% ВУП у выпадку сектаральных санкцый. Хто мае рацыю ў гэтым выпадку?

— Калі мы гаворым пра сектаральныя санкцыі, мы гаворым вось так: нафтапрадукты, калійныя ўгнаенні, металы — той спіс, які цыркуляваў. І гэтыя тавары з 1 ліпеня не ў стане будуць прадавацца ніяк. Тое, што было прынята, на самой справе з'яўляецца лёгкім папярэджаннем, сектаральнымі яны з'яўляюцца ўмоўна, санкцыі-рэшата. А паказчыкі, на якія спасылаецца Аляксандр Лукашэнка, — гэта паказчыкі за першае паўгоддзе. За першае паўгоддзе сапраўды яшчэ ёсць эканамічны рост. Я не ўпэўнены, што ён 3,3%, таму што ў нас адмысловая метадалогія разліку індыкатараў, ацэнкі інфляцыі, таму ў мяне ёсць падставы не давяраць гэтым паказчыкам.

Але з пункту гледжання таго ж экспарту санкцыі як бы [датычацца экспарту ў] Еўрапейскі саюз, а за пяць месяцаў экспарт Беларусі ў Еўрасаюз павялічыўся больш чым у два разы. Вось усё, што трэба ведаць з нагоды эфектыўнасці папярэдніх пакетаў санкцый, таму што новы пакет пачне дзейнічаць толькі ў другой палове 2021 года.

Прамысловая вытворчасць — плюс 10, зноў-ткі, праз тое, што човен глабальнай эканомікі падымае ў тым ліку і беларускіх экспарцёраў. І асновы беларускага экспарту сёння, як і пяць-дзесяць гадоў таму, складаюць усё тыя ж сыравінныя рэсурсы, нафтапрадукты, калійныя ўгнаенні, хімічныя тавары, аўтамабілі.

Але тут гэта не прыводзіць ні да паляпшэння занятасці, ні да паляпшэння фінансавага становішча прадпрыемстваў і становішча банкаў. Таму гэта такі валавы анабалічны рост, наступствы якога будуць вельмі сумнымі для нашай краіны.

— Наступствы сектаральных санкцый. Я правільна разумею, што [яны ўдараць па] Беларусі ўжо ў пачатку наступнага года?

— Я думаю, што, можа быць, нават раней — у залежнасці ад таго, як будуць паводзіць сябе ўлады ў плане макраэканамічнага рэгулявання. У першым паўгоддзі Нацыянальны банк правёў вельмі дысцыплінаваную жорсткую грашовую палітыку, прыйшло павелічэнне грашовай масы, Мінфін гаварыў пра тое, што «так, нам патрэбныя будуць новыя запазычанні», але з-за таго, што такі бурны рост экспарту — экспарт тавараў за першыя пяць месяцаў павялічыўся на 35%, гэта ўнікальны для беларускай эканомікі паказчык у апошнія 10-15 гадоў.

Але, зноў-ткі, гэта ўсё за кошт тых тавараў, якія я назваў. І ўзнавіць такую ж кан'юнктуру і такія ж паказчыкі ў другой палове будзе немагчыма, таму, безумоўна, будзе пагаршэнне, будзе халодны душ на эканоміку. І ўсе тыя анабалічныя крыніцы росту, якія былі задзейнічаны ў першай палове 2021 года, натуральна, выпарацца.

— Адна з апошніх эканамічных навін: з Беларусі забаранілі вываз грэчкі і пшанічнай мукі. Прычыну Савет Міністраў Беларусі не ўдакладніў. Як гэта можна растлумачыць?

— Сістэма кіравання для беларускай эканомікі — гэта такі ваенны камунізм з ручным кіраваннем. У нас амаль 60% цэн на спажывецкія тавары рэгулююцца ўручную, хоць адна справа — гаварыць, а іншая справа — рабіць. Гэта эканамічная непісьменнасць, гэта спроба не дапусціць росту цэн унутры краіны, таму што, паводле адчуванняў людзей — гэта даныя Нацыянальнага банка, — інфляцыйныя чаканні складаюць 22%. Гэта рэкорд.

І калі ўлады кажуць, што інфляцыя «ўсяго-та не дацягвае да 10%», а людзі бачаць у крамах на тыя тавары, якія яны купляюць, рост цэн да 80%, вось і ствараецца дадатковая крыніца недаверу да ўлады і недаверу да тых крыніц інфармацыі, якія самі ўлады падтрымліваюць. Адсюль вось такое рашэнне.

Зразумела, што грэчка не знікне, яна будзе даражэйшая, яна будзе запакаваная па-іншаму, але беларусы ў гэтым плане даўным-даўно навучыліся адаптавацца да вар'яцтваў ручнога рэгулявання цэн.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: