Вайна і вірусы

Беларусь, як і ўвесь свет, з жахам глядзіць на каронавірус. Тэма, шчыра кажучы, ужо нават надакучыла. Мая цешча, як толькі чуе пра гэты вірус па тэлевізары, адразу яго выключае. Бо — зашмат. Ёсць і іншыя праблемы ды цікавыя тэмы.

Фота www.kavpolit.com


Шмат пішуць, што COVID-19 (такую назву дала хваробе Сусветная арганізацыя аховы здароўя) па ўсім свеце захварэлі больш за 100 тысяч чалавек. Але мала хто кажа, што 55 тысяч захварэлых ужо паспяхова вылечыліся. Таму заражэнне каронавірусам — зусім не гарантыя смяротнага заканчэння.

Панікаваць, па-ранейшаму, наўрад ці варта. У прынцыпе, для супрацьдзеяння гэтаму вірусу дастаткова звычайных антыгрыпозных мерапрыемстваў. Мыць рукі і прадукты перад ежай, больш бываць на свежым паветры, пазбягаць натоўпаў людзей і памятаць, што гэты каронавірус (як, дарэчы, і звычайны) пагражае людзям з паслабленым імунітэтам. Так што — піце вітаміны і падтрымлівайце свой арганізм.

А па-за каронавірусам у краіне адбываюцца цікавыя рэчы. Аляксандр Рыгоравіч чарговым разам правёў «нафтавую нараду». Традыцыйна закінуў прэтэнзіі ў бок Расіі: маўляў, «асобныя дзяржавы зразумелі, што пры дапамозе вентыля на нафтавай трубе выгадныя ім пытанні вырашаюцца значна лягчэй… Умовы пастаўкі нафты ва ўльтыматыўнай форме ўвязваюцца з іншымі праблемамі, якія хоча вырашыць краіна-пастаўшчык. Адбываецца гэта без аглядкі на дзеючую дагаворную базу і прынцыпы пабудовы нашых адносін».

Але варта звярнуць увагу і на іншыя словы беларускага правадыра. Напрыклад, на тое, што «мы самі вінаватыя, што не дыверсіфікавалі ў свой час пастаўкі нафты. Манапалізм заўсёды прыводзіць да падобных вынікаў… Каля 40%, можа быць, 50% будзем па-ранейшаму купляць нафты ў Расіі (калі Расія захоча), калі канчаткова дыверсіфікуем. А па 30% можам купляць з партоў Балтыкі і з Адэсы. Гэта будуць тры крыніцы… Патрэбныя комплексныя і сістэмныя інфраструктурныя рашэнні. Варта прадумаць магчымасць рэалізацыі сумесных праектаў з замежнымі кампаніямі — уласнікамі сыравіны».

Па-першае, Лукашэнка вельмі не любіць прызнаваць уласныя памылкі. Але цяпер, схаваўшыся за словам «мы», ён прызнаў — арыентацыя на танную расійскую нафту завяла краіну ў пастку, з якой хочаш — не хочаш, а давядзецца выкарасквацца. Па-другое, ён вымушана, але прызнаў, што «іржавая труба» (як ён казаў, калі прадаваў «Белтрансгаз» Маскве) усё ж нечага каштуе. І, па-трэцяе, кажучы пра «інфраструктурныя рашэнні», падаецца, ён зразумеў ідэю Балта-Чарнаморскага калектара, якую 25 гадоў таму прапанавала Партыя БНФ і якую ён у тыя часы адчайна крытыкаваў.

Адным з такіх праектаў, паводле словаў Лукашэнкі, павінна стаць дабудова нафтаправода да Балтыкі. Размова, верагодна, ідзе пра закансерваваны нафтаправод Унеча — Вентспілс. Кіраўнік краіны запатрабаваў узяць танны крэдыт у ЗША (дзяржаўны сакратар Майк Пампеа, нібыта, сам яму гэта прапанаваў) і за 2 гады максімум прывесці гэты нафтаправод у парадак.

Фактычна, гэта азначае, што курс на тое, каб саскочыць з маскоўскай «нафтавай іголкі» — доўгатэрміновы. І наўрад ці ён будзе змяняцца, нават калі мы замірымся з Расіяй. Што, канешне ж, карысна — калі планы будуць увасобленыя ў жыццё.

Адзінае, што выклікала недаўменне ў народзе, — гэта змена віцэ-прэм’ера, які адказвае за нафтахімічны комплекс. Лукашэнка зняў Ігара Ляшэнку і прызначыў адказным за нафтавую галіну Юрыя Назарава — былога старшыню канцэрна «Беллеспаперапрам», лясніка па адукацыі і прафесійнай дзейнасці. Вельмі дзіўнае рашэнне, таму што ва ўсіх на слыху скандалы з нашымі «папяровымі» прадпрыемствамі ў Добрушы, Шклове і Салігорску. Дый «мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі», для якой уводзілася, па меркаванні прафсаюзаў, «прыгоннае права» на прадпрыемствах гэтай галіны — даволі неадназначная.

У байнэце некаторыя нават жартуюць, што ў прызначэнні ёсць логіка: маўляў, замест нафты і бензіну краіна пераходзіць на лес і дровы.

З гэтага ўзнікаюць пытанні. Напрыклад, ці ёсць у Аляксандра Рыгоравіча спецыялісты, якія здольныя ажыццявіць маштабны праект па дыверсіфікацыі нафтавых патокаў і будаўніцтве таго самага Балта-Чарнаморскага калектара? Ці не ператворыцца гэта ў чарговую «мадэрнізацыю», ад якой мы страцім больш, чым прыдбаем?

Між тым, даволі слушная рэч была зроблена ў дачыненні да бензіну. Быў падпісаны ўказ №84 «Аб акцызах на аўтамабільнае паліва». З 1 сакавіка стаўкі акцызаў на аўтамабільныя бензіны і дызельнае паліва павысіліся ў 4 разы. Адначасова «ў мэтах недапушчэння росту рознічных цэн» для пэўных плацельшчыкаў да ставак акцызаў прымяняецца каэфіцыент 0,25. Да ліку такіх плацельшчыкаў адносяцца беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы.

Сутнасць гэтых захадаў — фактычна прымусіць расійскія кампаніі, якія валодаюць сеткамі АЗС на тэрыторыі Беларусі, пачаць пастаўку нафты на беларускія НПЗ на давальніцкіх умовах дзеля забеспячэння сваіх сетак АЗС нафтапрадуктамі па цэнах, здольных канкураваць з цэнамі беларускіх аператараў. Расійскія кампаніі, якія валодаюць сеткамі АЗС у Беларусі, пастаўленыя перад выбарам: або гандляваць імпартаваным з Расіі бензінам па завышаным кошце, ці паставіць давальніцкую нафту на беларускія НПЗ на ўмовах беларускага боку.

Некаторыя адмыслоўцы нават не выключаюць, што праз пару тыдняў канцэрн «Белнафтахім» спыніць пастаўкі нафтапрадуктаў на аўтазаправачныя станцыі расійскіх кампаній, спаслаўшыся на дэфіцыт нафтапрадуктаў або іншыя форс-мажорныя абставіны.

Канешне, з расіянамі паступілі даволі жорстка. А што рабіць, у нас усё ж «нафтавая вайна», ці не так?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: