Валютная выручка Беларусі ў студзені-верасні скарацілася на 4,5 млрд долараў

У студзені-верасні валютная выручка Беларусі склала 26,5 млрд долараў і паменшылася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 4,5 млрд долараў, або на 14,5%, сведчаць афіцыйныя статыстычныя дадзеныя.


У тым ліку выручка ад экспарту тавараў склала 19,4 млрд долараў і паменшылася на 17,1%, або на 4 млрд долараў, выручка ад экспарту паслуг склала 6,45 млрд долараў і скарацілася на 6,4%, або на 444 млн долараў ЗША, перадае БелаПАН.

На думку экспертаў, значнае скарачэнне валютнай выручкі ў гэтым годзе абумоўлена уплывам некалькіх фактараў:

  • памяншэннем паставак расійскай нафты ў Беларусь у першым квартале;
  • скарачэннем знешняга попыту на беларускія тавары і паслугі з-за пандэміі;
  • зніжэннем кошту ў свеце сыравінных тавараў (нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў), якія экспартуе Беларусь.

Міжнародныя фінансавыя арганізацыі прагназуюць, што з-за змяншэння знешняга попыту на беларускія тавары і паслугі эканоміка краіны ў 2020 годзе скароціцца. Так, Сусветны банк прагназуе зніжэнне ВУП Беларусі сёлета на 4%, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця — на 3%, міжнародны валютны фонд — на 3%.

Між тым Міністэрства эканомікі Беларусі разлічвае не дапусціць зніжэння ВУП у бягучым годзе і чакае аднаўлення эканомікі ў другім паўгоддзі. За студзень-верасень ВУП Беларусі знізіўся на 1,3%.

Беларускія эканамісты мяркуюць, што скарачэнне валютнай выручкі ў бягучым годзе будзе мець негатыўныя наступствы.

«Многія беларускія прадпрыемствы прыцягвалі валютныя крэдыты, і натуральна, што скарачэнне валютнай выручкі негатыўна адбіваецца на мікраўзроўні — на магчымасцях прадпрыемстваў плаціць па крэдытах, павышаць зарплату і ўжо тым больш рэалізоўваць інвестыцыйныя праекты», — адзначыла ў каментары БелаПАН навуковы дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая.

Яна таксама звярнула ўвагу, што скарачэнне валютнай выручкі прывяло да зніжэння даходаў беларускага бюджэту, у які залічваюцца вывазныя пошліны на нафту, нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні, падатак на прыбытак прадпрыемстваў-экспарцёраў.

У студзені-верасні паступленні падатку на прыбытак скараціліся на 506,8 млн рублёў, або больш чым у 2,5 разы ў параўнанні з узроўнем аналагічнага перыяду мінулага года. Даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці ў студзені-верасні склалі зменшыліся на 776,5 млн рублёў, або на 22,2% у параўнанні паказчыкам студзеня—верасня 2019 года.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: