З паперы і кардону: планы на беларускі эканамічны росквіт

Беларускі ўрад мог бы, у прынцыпе, заявіць, як Сакрат: «Я ведаю толькі тое, што нічога не ведаю». Аднак ад яго патрабуюць іншага. І таму ва ўрадзе ідзе маштабны разумовы працэс: рыхтуецца адначасова і прагноз развіцця краіны на наступны год, і бюджэт на той жа тэрмін.


Бюджэт 2020

Найперш, урад пакуль не можа разабрацца з паказчыкамі на гэты, 2020 год. Сёлетні бюджэт быў прыняты з планавым дэфіцытам у 995,1 мільёна рублёў (0,7% ВУП). Асноўнай праблемай стваральнікі галоўнага фінансавага дакумента краіны лічылі падатковы манеўр Расіі. Але да падатковага манеўру дадаліся эпідэмія каронавіруса, абрынанне кошту нафты, унутрыпалітычныя праблемы, якія выклікалі фінансавую нестабільнасць… У выніку Мінфін закрыў 8 месяцаў 2020 года з дэфіцытам у памеры 1,54 мільярда рублёў.

Удакладнены план па дэфіцыце рэспубліканскага бюджэту цяпер складае 2,2 мільярда рублёў — гэта ў лепшым выпадку. Па больш крызісным сцэнары дэфіцыт бюджэту ў 2020 годзе можа дасягнуць 5 мільярдаў рублёў.

У верасні тады яшчэ намеснік міністра фінансаў Андрэй Белкавец паведамляў, што ў асноўным сцэнары паводзінаў перавышэнне выдаткаў над даходамі ў 2020 годзе складзе 3 мільярды рублёў. Але ў Мінфіна, па яго словах, яшчэ былі рэшткі сродкаў, назапашаных раней за кошт прафіцытных бюджэтаў мінулых гадоў. Паводле звестак чыноўніка, на рахунках Нацбанка гэтыя рэшткі дасягалі 6 мільярдаў рублёў. Імі і плануюць закрыць «дзірку ў бюджэце».

З аднаго боку, з назапашанымі сродкамі мы павінны пратрымацца да канца года. Аднак даходная частка беларускага бюджэту складае крыху больш за 24 мільярды рублёў. Атрымліваецца, што дэфіцыт бюджэту ў нас перавышае 20% сродкаў?

Доктар эканамічных навук, прафесар Барыс Жаліба ў той жа час адзначае — «рэзервовыя» 6 мільярдаў рублёў у нас ёсць толькі па словах чыноўнікаў. І ніхто не ведае, ці засталіся ў нас гэтыя грошы, ці яны ўжо на нешта выдаткаваныя. Апроч таго, пры пакрыцці дэфіцыту ў 5 мільярдаў за кошт назапашаных сродкаў у нас застаецца «ў кубышцы» толькі адзін мільярд рублёў.

«Белкавец сваю пасаду ўжо пакінуў, замест яго прыйшоў іншы чалавек. Але мільярда, ды яшчэ беларускіх рублёў, нам ні для чаго не хопіць. А сітуацыя ўскладняецца тым, што мы, апроч Расіі, пазычыць грошы ні ў каго не можам. Заходні вектар для нас практычна закрыты. Мінфін, канешне, планаваў размяшчэнне там сваіх аблігацый, але гэта будзе вельмі праблематычна. Нават калі іх і купяць — то толькі пад супервысокую даходнасць, якую мы не пацягнем. Сёння з нашым рэйтынгам з даходнасцю менш за 9–10% гадавых нашы аблігацыі ніхто не возьме, а раней мы іх размяшчалі пад 6–7% гадавых. Такім чынам, застаецца толькі Расія, у якой сваіх праблемаў хапае. Таму сітуацыя вельмі напружаная», — кажа Жаліба.

Наколькі ў нас складаная сітуацыя з бюджэтам, можна зразумець па іншых падліках. Па словах эканаміста, параўнанне даходнай часткі бюджэту і дэфіцыту не вельмі карэктнае. Больш слушна лічыць бюджэтны дэфіцыт у тых жа працэнтах ВУП. Пры гэтым дэфіцыт бюджэту ў 3% ВУП лічыцца крайне крытычнай лічбай.

«У нас у мінулым годзе ВУП краіны склаў 132 мільярды рублёў. Такім чынам, 3% ВУП — гэта 3,96 мільярда рублёў. 5 мільярдаў дэфіцыту — гэта больш, чым 3%, гэта вельмі кепска», — зазначае адмыслоўца.

Таму, нават калі сёлета дэфіцыт закрыюць, у нас не застанецца падобнай «падушкі бяспекі» на пачатак 2021 года. І перспектывы ў такім выпадку — вельмі кепскія.

Прагноз 2021

Выказванні наконт бюджэту наступнага года і прагнозу развіцця краіны на той жа наступны год пакуль прыходзяць даволі супярэчлівыя. Першы раз публічны разгляд афіцыйнага прагнозу на 2021 год адбыўся 21 ліпеня. Тады Саўмін выпраменьваў аптымізм: прэм’ер Галоўчанка казаў пра аж 3,5% росту ВУП. Крыніцы плануемага росту ў ліпені ўрад размяркоўваў так: 1,9% дасць знешні попыт (экспарт), а 1,6% — унутраны попыт (спажыванне). Вядучую ролю чыноўнікі адвялі знешняму попыту.

Пры гэтым Галоўчанка аптымістычна спадзяваўся, што і ў 2020 годзе можна не дапусціць правалу эканомікі і звесці падзенне ВУП да нуля. У ліпені прэм’ер даручаў Мінэканомікі «творча падысці да фарміравання наменклатуры таварных балансаў на наступны год, дапоўніць яе канкурэнтаздольнымі пазіцыямі». На думку Галоўчанкі, такім шляхам можна было забяспечыць гэтыя самыя 3,5% ВУП у 2021-м.

Але з тых часоў сітуацыя кардынальна змянілася: у жніўні Нацбанк страціў рэкордную суму з ЗВР, насельніцтва і прадпрыемствы кінуліся забіраць дэпазіты з банкаў, скупляць валюту, суседзі Беларусі па рэгіёне не прызналі вынікі выбараў, што прывяло да адкату каціровак беларускіх еўрабондаў да шматмесячных мінімумаў, еўрапейскія крыніцы грошай «перасохлі», і гэтак далей. Відавочна, што пра +3,5% ВУП давядзецца забыцца.

1 кастрычніка Саўмін абмеркаваў абноўлены прагноз на 2021 год. Цяпер міністры запланавалі рост ВУП на 1,8% — удвая меншы, чым раней. Гэтым разам Галоўчанка нават не канкрэтызаваў, за кошт чаго складуцца гэтыя даволі сціплыя прагнозныя паказчыкі — размеркавання па ўнутраным і знешнім попыце не прагучала. Магчыма, ва ўрадзе самі не ведаюць, як пойдуць справы ў 2021 годзе.

У той жа час міністр фінансаў Юрый Селіверстаў сказаў, што ў 2021 годзе бюджэт зноў будзе з дэфіцытам, і назваў гэта «нармальнай практыкай». Праўда, пры гэтым прызнаўся, што дакладныя памеры дэфіцыту бюджэту невядомыя. Але выказаў здагадку, што ён будзе не меншы, чым у Расіі, а ў Расіі дэфіцыт бюджэту закладзены на ўзроўні 2% ад ВУП.

Зноў — не па сродках

Самае цікавае тут — разыходжанне ў лічбах Галоўчанкі і Селіверстава. Атрымліваецца, што прагноз павелічэння ВУП у наступным годзе ў 1,8% будзе меншы, чым дэфіцыт бюджэту ў 2%.

На думку Барыса Жалібы, гэта азначае, што мы працягваем «жыць не па сродках». «Такі рост ВУП нікога не задавальняе. Мы з такім ростам ВУП ні заробкі не павысім, ні з пазыковай піраміды не вылезем, нягледзячы на тое, што ўрад вясёлкава заяўляе, што мы заўсёды плацілі па пазыках», — кажа адмыслоўца.

У гэтым годзе частку знешняга доўгу нам рэфінансуе Расія, аднак, як лічыць эканаміст, нам усё роўна трэба думаць пра тое, як выплачваць знешнія пазыкі: «Нам трэба думаць, як вылезці з гэтых пазыкаў. Але і закладаць большы рост ВУП — гэта зноў планаваць відавочна невыканальны паказчык».

Адзінае, за што Жаліба можа пахваліць урад, — за «больш-менш рэалістычны падыход». «Яны не малююць на паперы недасяжныя лічбы. Але мы можам не дасягнуць і гэтага, бо ўжо бачна: 2020 год мы заканчваем з мінусам па ўсіх паказчыках, і галоўнае — будзе мінус у ВУП. Таму прырост ВУП 1,8%, калі ён будзе, — гэта яшчэ вельмі добра», — кажа Жаліба.

Ці варта псаваць паперу?

Чым вырашыцца палітыка-эканамічны крызіс у Беларусі, прадказаць не бяруцца нават самыя моцныя экстрасэнсы. Дык ці варта цяпер ствараць нейкія планы? Можа, лепш хаця б часткова ўратаваць лясы Амазоніі ды не ствараць планаў развіцця ў такой ненадзейнай для прагнозаў сітуацыі? Тым больш, што бюджэт у нас пастаянна карэктуецца.

Паводле меркавання Барыса Жалібы, нейкі дакумент усё ж патрэбны: «Як будзе змяняцца бюджэт у наступным годзе — практыка пакажа. Але бюджэт прымаць трэба, павінен жа быць нейкі дакумент. Яго прымуць, але як ён будзе выконвацца па факце — вялікае пытанне».

А вось да прагнозу развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку, які агучваецца на кожным Усебеларускім народным сходзе (ён павінен прайсці неўзабаве), у адмыслоўцы іншае стаўленне. «Калі гарыць хата, я не ведаю, як магчыма думаць пра прагнозы на пяцігодку. Рашэнне цяпер трэба прымаць на бліжэйшы год, прычым — рашэнне, як выйсці з палітычнага крызісу. А пакуль не вырашыцца гэтая праблема, якая спарадзіла палітыка-эканамічны крызіс, думаць пра нешта іншае не даводзіцца», — кажа эканаміст.

Больш за тое, паводле яго назіранняў, той прагноз, які быў агучаны і прыняты на мінулым Усебеларускім народным сходзе, аказаўся поўнасцю праваленым. «Калі прааналізаваць мінулы пяцігадовы план — там нічога не выканана. Не выкананы рост ВУП, не выкананы рост вытворчасці працы, было закладзена давядзенне пенсій да 40% ад сярэдняга заробку па краіне — гэтага няма. Было, што квадратны метр жылля павінен каштаваць месячны заробак, — гэтага няма і блізка. Адзіны параметр, які выконваўся, — інфляцыя, гэта якраз заслуга Нацыянальнага банка. Але і сёлета пакуль інфляцыя 5,6%, а закладзеная гадавая інфляцыя — 5%. І не факт, што гэты паказчык мы таксама выканаем, бо дэвальвацыя беларускага рубля ідзе аж з сакавіка. Таму я стаўлюся да гэтага прагнозу дастаткова скептычна — няма нічога з таго, што там было напісана. Дык які сэнс пісаць на наступныя пяць гадоў?» — адзначае адмыслоўца.

Да гэтага варта дадаць: усе распрацаваныя ўрадам прагнозы перад іх прыняццем накіроўваюцца на візаванне Лукашэнку. У мінулым годзе Лукашэнка быў вельмі незадаволены «сціплымі» прагнознымі паказчыкамі на гэты, 2020 год, і ўрад быў вымушаны змяніць разлікі на тыя, што больш спадабаліся пакуль што кіраўніку Беларусі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: