Важкія дробязі

Ёсць дробязі, якія іншым разам кажуць пра стан нашай краіны больш, чым нейкія глабальныя рэчы. Напрыклад, на тыдні намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк заявіў, што на сёння ступень гатоўнасці першага энергаблока Астравецкай АЭС у частцы рэалізацыі праектных рашэнняў можна ацаніць у 87%, другога — у 67%

Малюнак www.4tololo.ru


«У дадзены момант мы ўшчыльную падышлі да этапу гідравыпрабавання, халоднай і гарачай абкаткі абсталявання. Пасля паспяховага завяршэння гэтага этапу наступны — фізічны пуск ядзернай устаноўкі першага энергаблока, што азначае загрузку ядзернага паліва ў рэактар і пачатак адпаведных выпрабаванняў на розных рэжымах.

Пасля паспяховага завяршэння фізічнага пуску наступны этап — энергетычны пуск, які будзе ажыццяўляцца з прыпынкамі на магутнасцях праз кожныя 5% для правядзення неабходных выпрабаванняў. На ўзроўні набору магутнасці прыкладна 40% праводзіцца ўключэнне генератара ў сетку з паступовым далейшым наборам магутнасці да праектнай.

«Уся наша праца накіраваная на праходжанне гэтых этапаў у 2019 годзе», — распавёў Міха­дзюк у інтэрв’ю «СБ — Беларусь сегодня».

Намеснік міністра энергетыкі таксама паведаміў, што адпрацаванае паліва з БелАЭС плануецца накіроўваць на перапрацоўку ў Расію з вяртаннем у Беларусь «высокаактыўных адкідаў, уключаных у шклопадобную матрыцу, з выключэннем доўгажывучых радыенуклідаў». Гэта, па словах намесніка міністра, «дазво­ліць ажыццявіць іх пахаванне ў заглыбленых прыпаверхневых збудаваннях, а не ў глыбокіх геалагічных фармацыях». Праект стратэгіі абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам БелАЭС цяпер знаходзіцца на разглядзе ўрада.

Мяне заўсёды цікавіў такі падыход да падачы інфармацыі. Нібыта, па словах Міхадзюка, усё добра. Але… Што будзе, калі «халодная і гарачая абкатка абсталявання» не скончыцца «паспяхова»? Пры наборы магутнасці прыкладна 40% право­дзіцца «ўключэнне ў сетку», — а сетка вытрымае? Адпрацаванае паліва «плануецца» накіроў­ваць у Расію — то-бок, гэта яшчэ недакладна? Праект стратэгіі абыходжання з радыеактыўнымі адкідамі знаходзіцца ва ўрадзе — ён яшчэ не падпісаны? Дзе будзе ажыццяўляцца «пахаванне ў заглыбленых прыпаверхневых збудаваннях»?

Ці не варта было б прыпыніць «праходжанне гэтых этапаў» запуску БелАЭС да тых часоў, пакуль мы не атрымаем уцямныя адказы на гэтыя пытанні? «Мірны атам» — гэта не жарт. І тут лепш перастрахавацца. Наеліся мы ўжо Чарнобылю, ці не так?

І, дарэчы. Хто-небудзь патлумачыў Аляксандру Лукашэнку, як АЭС будзе ўбудаваная ў нацыянальную эканоміку Беларусі? Ён гэтае пытанне задаваў два гады таму, а пра такія тлумачэнні нічога не чуваць.

Тым часам канцэрн «Газпрам» выдаў справаздачу пра тое, што ён паставіў у Беларусь у 2018 годзе 20,33 мільярда кубаметраў газу. Паводле ацэнкі гендырэктара кампаніі «Газпрам трансгаз Беларусь» Уладзіміра Маёрава, гэты аб’ём вырас больш чым на мільярд кубічных метраў у параўнанні з 2017 годам.

Фактычная максімальная прадукцыйнасць у аб’ёме 19,6 млн кубаметраў і агульны аб’ём вытворчасці ПСГ (сума адабранага і запампаванага газу) больш за 2 мільярды кубаметраў з’яўляюцца рэкорднымі паказчыкамі за перыяд усёй дзейнасці ПСГ ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь».

Што на справе азначаюць словы Маёрава? Па-першае, яны з’яўляюцца фактычным абвяржэннем словаў пасла Расіі ў Мінску Бабіча, што «Расія корміць Беларусь». Каб «Газпраму» было не выгадна пастаўляць сюды газ — ён бы гэтага не рабіў. А калі ён рэкордна нарошчвае пастаўкі — значыць, давярае Беларусі і мае з гэтага пэўны гешэфт.

Па-другое, рэкордныя пастаўкі газу робяць сумнеўным праект запуску БелАЭС. Навошта нам такое небяспечнае прадпрыемства, калі мы газам перакрываем усе нашы патрэбы ў энергарэсурсах?

Яшчэ 20 гадоў таму ва ўніверсітэце на курсе «Экалогія і бяспека» мы, студэнты, разглядалі магчымасць пабудовы АЭС у Беларусі. І я тады рабіў даклад на тэму таго, што ў нас няма праблемаў з энергарэсурсамі. У нас ёсць праблема з аплатай гэтых рэсурсаў. Але гэта ўжо — праблема не рэсурсаў, а эканомікі. І тое, што зараз сказаў спадар Маёраў, толькі пацвярджае гэты тэзіс. Мы можам і без АЭС забяспечыцца энерганосьбітамі — трэба толькі разлічвацца за іх.

Яшчэ адна цікавая навіна: прадпрыемства «Віцязь» мае намер у 2019 годзе пачаць серыйны выпуск хуткіх зарадных станцый для электрамабіляў. Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар прадпрыемства Генадзь Азараў на абласной нарадзе па пытанні эфектыўнасці работы прамысловага комплексу Віцебскага рэгіёну.

Паводле слоў гендырэктара, першыя дзве станцыі (ЭЗС) Mode 4 хуткага тыпу (зарадная прылада для электрамабіляў, якая забяспечвае хуткую зарадку — за 15–30 хвілін да 80%) прадпрыемства выпусціць ужо ў сакавіку. Яны цалкам адпавядаюць усім тэхнічным патрабаванням заказчыка — нацыянальнага аператара сеткі «Беларуснафта», па дамоўленасці з якой віцебскі завод у другім паўгоддзі плануе вырабіць не менш за 20 такіх ЭЗС. «Яны будуць усталяваныя па ўсёй краіне ў найбольш знакавых месцах на заправачных станцыях і іншых пляцоўках», — адзначыў Генадзь Азараў.

Безумоўна, гэта добры знак. Галоўнае, каб было што зара­джаць гэтымі станцыямі. Тым не менш, калі паставіць такія станцыі, найперш, на заходняй мяжы — можа быць, гэта завабіць і турыстаў? Інфраструктура — першае, на што скардзяцца замежнікі ў Беларусі.

Яшчэ адзін прарыў у нас таксама можа быць. Рэзідэнтам СЭЗ «Гроднаінвест» стала кампанія «Габі-БЕЛ», якая мае намер пабудаваць мэблевую фабрыку для галандска-шведскай сеткі IKEA. Плануецца стварыць 170 новых працоўных месцаў.

Варта зазначыць, што IKEA некалькі разоў спрабавала трапіць у Беларусь з вытворчасцю мэблі і яе кампанентаў. Але праблема ў тым, што ў кампаніі прынцыповы момант: хабар не даваць. І з гэтага ўзніклі праблемы як у нас, так і ва Украіне, і ў Расіі. Але GABI Group, якая мае намер рабіць кампаненты IKEA, — кампанія польская. Можа, нешта атрымаецца?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!