Віцэ-прэм'ера Васіля Жарко выклікалі на допыты

У сераду, 11 ліпеня віцэ-прэм'ер, экс-міністр аховы здароўя Васіль Жарко быў выкліканы на допыт. Пра гэта паведамілі TUT.BY тры крыніцы. Інфармацыю пацвердзілі ў колах, блізкіх да Адміністрацыі прэзідэнта.
«Жарко выклікалі на размову ў праваахоўныя органы ў другой палове дня ў пятніцу. Сёння, 11 ліпеня, ён таксама быў на допыце», — расказала знаёмая з сітуацыяй крыніца. Гэтую інфармацыю TUT.BY пацвердзілі яшчэ два суразмоўцы, а таксама ў колах, блізкіх да Адміністрацыі прэзідэнта.

У прэс-службе ўрада паведамілі, што Васіль Жарко знаходзіцца на працоўным месцы.

Раней крыніцы TUT.BY паведамілі пра затрыманне віцэ-прэм'ера, але гэтая інфармацыя афіцыйна не пацвярджаецца.

Васіль Жарко нарадзіўся ў 1956 годзе ў Брэсцкай вобласці. Прайшоў шлях ад урача-інтэрна Брэсцкай абласной дзіцячай бальніцы да міністра аховы здароўя. На гэтай пасадзе ён прапрацаваў з мая 2006 года па снежань 2016-га. У снежні 2016 года пайшоў на павышэнне, атрымаўшы пасаду віцэ-прэм'ера Беларусі.

У канцы чэрвеня Жарко заяўляў журналістам, што не ведаў пра існаванне маштабнай карупцыйнай схемы ў сферы аховы здароўя, якую выявіў КДБ.

— Калі б ведаў, то меры былі б прынятыя ўжо тады (калі Васіль Жарко быў міністрам. — Заўвага. TUT.BY), — заявіў віцэ-прэм'ер. — Мы сапраўды кантралявалі сітуацыю тады, закупкі гэта няпростае пытанне. Дзень свой працоўны пачыналі з закупак і завяршалі закупкамі. Калі дзесьці мы нешта адчувалі, то адразу прымалі меры да вінаватых — аж да вызвалення ад займаных пасадаў. Але што такая справа вырасце, я проста не чакаў.

Нагадаем, 25 чэрвеня старшыня КДБ Валерый Вакульчык паведаміў аб тым, што камітэт выявіў маштабную карупцыйную схему ў сферы аховы здароўя Беларусі, затрыманыя некалькі дзясяткаў чалавек. 

Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць