Вінаватыя жанчыны? У 90% раёнаў Беларусі скарацілася насельніцтва

Колькасць насельніцтва за мінулы 2018-ы год скарацілася ў 107 са 118 раёнаў Беларусі. Міністр працы і сацыяльнай абароны лічыць, што гэта звязана са скарачэннем колькасці жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту. Незалежныя эксперты на гэты конт маюць іншыя тлумачэнні.



Фота edu.by

У 2018 годзе колькасць насельніцтва знізілася ў 90% раёнаў Беларусі. Пра гэта сведчаць афіцыйныя статыстычныя звесткі.

У Мінскай вобласці насельніцтва паводле вынікаў года павялічылася толькі ў 5 з 22 раёнаў (Мінскім, Смалявіцкім, Дзяржынскім, Уздзенскім, Лагойскім).

У Гомельскай вобласці колькасць насельніцтва павялічылася ў абласным цэнтры, у аднайменным раёне, а таксама ў Мазырскім і Веткаўскім (на 48 чалавек) раёнах. У астатніх 18 раёнах Гомельскай вобласці насельніцтва скарацілася.

У Гродзенскай вобласці вырасла колькасць жыхароў абласнога цэнтра, аднак амаль ва ўсіх раёнах (у 20 з 21) насельніцтва змяншалася. Адзінае выключэнне — Астравецкі раён, на тэрыторыі якога будуецца атамная электрастанцыя.

У Магілёўскай і Брэсцкай абласцях вырасла колькасць насельніцтва ў абодвух абласных цэнтрах і ў аднайменных раёнах, а ў астатніх раёнах — зменшылася. У Брэсцкай вобласці у 2018 годзе насельніцтва скарацілася ў 15 з 16 раёнаў, у Магілёўскай — у 20 з 21. У Віцебскай вобласці насельніцтва павялічылася толькі ў абласным цэнтры, а ва ўсіх раёнах — скарацілася.

Змяншэнне колькасці насельніцтва ў Беларусі звязанае са скарачэннем колькасці жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту, заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч на прэс-канферэнцыі ў студзені. “Рэпрадуктыўнага ўзросту дасягае зараз тая малалікая кагорта грамадзян, якія нарадзіліся ў 1990-х гадах”, — канстатавала яна. Як следства, адзначыла чыноўніца, колькасць дзяцей на адну жанчыну змяншаецца.

У сваю чаргу незалежныя эксперты лічаць, што насельніцтва ў раёнах змяншаецца не толькі з-за дэмаграфічных, але і з-за эканамічных прычын — рынак працы ў раёнах становіцца малапрывабным.

Людзі прыцягваюцца ў рэгіёны са спрыяльным эканамічным асяроддзем, і туды пераязджаюць маладыя людзі, самая мабільная частка насельніцтва, што стымулюе нараджальнасць. У рэгіёны, дзе няма прывабных умоў для працы, мала хто паедзе”, — адзначыла ў каментары БелаПАН акадэмічны дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

Верагоднасць, што неспрыяльныя дэмаграфічныя тэндэнцыі ў большасці раёнаў удасца развярнуць назад, даволі малая, лічаць эксперты.

Урбанізацыя — глабальны трэнд, і яму складана супрацьстаяць, лічыць старшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі. “У Мінску ўжо жыве больш за 20% насельніцтва краіны, жыхары тут багацейшыя. Таму людзі пераязджаюць з раёнаў жыць альбо ў сталіцу, альбо ў абласныя цэнтры, дзе ўзровень жыцця таксама вышэйшы, чым на перыферыі”, — падкрэсліў ён у каментары БелаПАН.

Паводле belapan.by,  www.racyja.com



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!