Вялікае перасяленне народаў

Нарэшце беларускія ўлады ўцямілі, што рабіць са стратнымі прадпрыемствамі. Пасля праведзеных мадэрнізацый з глыбокай багны можа выйсці шматпакутнае мінскае ААТ «Камволь». Варта адзначыць, што кіраўніцтва змагалася за гэта прадпрыемства дзесяцігоддзямі, а вынікі былі амаль нулявыя.

Намеснік прэм’ера Уладзімір Сямашка на пасяджэнні мастацка-тэхнічнага савета ААТ паведаміў, што на прадпрыемства плануецца запрасіць спецыялістаў-тэхнолагаў адной з вядучых турэцкіх кампаній, якія «навучаць нашых тэхнолагаў атрымліваць максімум ад усталяванага абсталявання як з пункту гледжання прадукцыйнасці, так і з пункту гледжання якасці».

У сваю чаргу намеснік старшыні канцэрна «Беллегпрам» Мікалай Рагожнік праінфармаваў, што ў цэлым мадэрнізацыя на «Камволі» завершана. «Абсталяванне — самае сучаснае, яно адпавядае ўсім сусветным стандартам. Цяпер ідзе напрацоўка новых рэцэптур тканін, ствараецца калекцыя. Над гэтым працуюць дэсінатары сумесна з маркетынгавымі службамі», — адзначыў ён.

Па словах кіраўніка канцэрна, магутнасці прадпрыемства, якія складаюць 6 мільёнаў пагонных метраў у год, дастатковыя для таго, каб цалкам закрыць патрэбы ўнутранага рынку і экспартаваць істотныя аб’ёмы прадукцыі. «Разам з тым, неабходна адзначыць досыць сур’ёзную канкурэнцыю з боку турэцкіх, кітайскіх вытворцаў. Таму прадпрыемству важна працаваць над зніжэннем сабекошту, шукаць рынкі збыту», — кажа Рагожнік.

Сапраўды, мала паставіць на прадпрыемстве новае сучаснае абсталяванне — трэба наву­чыць працоўных ім карыстацца. Мала навучыць працоўных ім карыстацца — трэба падумаць, што ствараць. І, галоўнае — створанае прадаць. Пажадана, з выгадай для сябе.

Паглядзім, ці атрымаецца ў чарговы раз рэанімаваць «Камволь». Вялікія праблемы могуць узнікнуць менавіта з апошняй часткай — продажам прадукцыі. Як паведамляе Белстат, з пачатку года ў Беларусі закрыліся на 4,5 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў больш, чым з’явілася.

У студзені-верасні па ўсёй краіне спынілі сваю дзейнасць 31 249 ІП. Для параўнання — за ўвесь 2015 год у Беларусі адкрылася 41 772 ІП, а тых, хто спыніў сваю дзейнасць, было больш толькі на 73 чалавекі. У цэлым па краіне за год колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў скарацілася на 19,9 працэнта.

Гэтыя гандляры з задавальненнем бралі б на рэалізацыю «беларускае турэцкае», не ез­дзячы ў Турцыю або Маскву. Аднак указ №222 не пакінуў ім выбару.

Але што цікава: пры тым, што толькі ІП закрылася 30 тысяч, у дзяржаўную службу занятасці за 9 месяцаў 2016-га звярнулася ўсяго 20 тысяч чалавек. А зараз, на грунце гэтых лічбаў, паспрабуйце вылічыць аб’ём «ценявой эканомікі» ў краіне.

А можа, і не ценявой. Аказваецца, з радасцю і абдымкамі нашых грамадзян чакаюць дзе заўгодна — толькі не ў роднай краіне. 8 лістапада на прэс-канферэнцыі, прысвечанай праграме прасоўвання польскай прадукцыі «Смакі Еўропы: якасць і традыцыі», пасол Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік зазначыў, што хацеў бы бачыць больш беларусаў у Польшчы. Па яго лічбах, легальна ў Польшчы працуе 611 тысяч украінцаў, 9 тысяч малдаван і толькі 7 900 беларусаў. «Мы гатовыя прымаць на кароткачасовы перыяд (ад аднаго да шасці месяцаў) не толькі ў сельскую гаспадарку, але і ў іншыя галіны эканомікі грамадзян іншых краін, у тым ліку Беларусі», — адз­начыў кіраўнік дыпмісіі.

Па словах Паўліка, кожны дзень у польскае пасольства ў Мінску паступаюць запыты ад працадаўцаў, прадстаўнікоў розных кампаній наконт работнікаў з Беларусі для кароткачасовай працы ў Польшчы ў сферы вытворчасці, сельскай гаспадаркі і паслуг.

Ён адзначыў, што «ёсць вялікі попыт у Польшчы, у тым ліку на працаўнікоў з Беларусі. Калі будзе такая ж зацікаўленасць і з беларускага боку, каб арганізаваць усё гэта сістэмна, мы гатовыя да супрацоўніцтва».

Такім чынам, з Беларусі адбываецца ўцечка не толькі белых каўнерыкаў, але і звычайных працоўных. Хто будзе вырабляць прадукцыю на той жа «Камволі»? Туркі?

Ну і прыемная навіна на заканчэнне. Усім памятны выпадак гомельскага ўрача, у якога канфіскавалі ўласны бар з 178 бутэлькамі алкаголю. Тады высветлілася, што ёсць ліміт — 15 літраў на чалавека. Зараз тыя, хто затаварваюцца да святаў, могуць не турбавацца. Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт, згодна з якім алкаголю можна захоўваць колькі заўгодна (для ўласнага спажывання, зразумела).

Але пры гэтым застаецца абмежаванне на перавоз алкаголю — толькі пяць літраў. За парушэнне гэтага ўсталявана адміністрацыйная адказнасць — штраф ад 10 да 100 базавых велічынь з канфіскацыяй алкагольных напояў, якія перавышаюць дазволеную да перамяшчэння колькасць, або без канфіскацыі. За паўторны на працягу года перавоз алкаголю прадугледжваецца магчымасць канфіскацыі транспартных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца для перамяшчэння такога алкаголю, незалежна ад таго, у чыёй уласнасці яны знаходзяцца.

З аднаго боку, добра. З іншага — не вельмі. Бо, калі браць на вялікаю кампанію, скажам, 20 літраў піва — гэта ўжо звыш нормы. І дагэтуль не вядома, што рабіць на вяселлі і памінанні, калі, зазвычай, алкаголь перасоўваецца ў вялікіх колькасцях.

Беларусам зноў прыйдзецца выкручвацца. Альбо з’язджаць у Польшчу, дзе такіх дурных законаў няма. Але хто тады застанецца працаваць тут? Ці сапраўды туркі з кітайцамі?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • фцф
  • 2016-11-12 14:59:59
Ура, туркі едуць! Яны нам раскажуць што трэба рабіць на тых суперсучасных станках, якія нам прадалі кітайцы. Мо яны нам распавядуць і пра тое, што нам зрабіць з нашым кіраўніцтвам?

Больш цікавага на «Новым Часе»: