Выйсці з матрыцы

«Планавалі, планавалі ды не выпланавалі», — прыкладна так можна ахарактарызаваць дзейнасць нашага ўраду. Атрымаўшы рэалістычны бюджэт, міністры зноў заняліся псаваннем паперы.


Як паведаміла прэс-служба Саўміна, праект пастановы гэтага органа «Аб рэалізацыі задач сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2017 год» быў разгледжаны 29 лістапада падчас пасяджэння прэзідыума, якое прайшло пад старшынствам прэм’ера Андрэя Кабякова.

Кіраўнік урада паведаміў прысутным, што ў кастрычніку кіраўнік дзяржавы падпісаў Указ пра задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2017 год. У гэтым дакуменце вызначаны найважнейшыя параметры прагнозу, іх колькасныя арыенціры і сфармуляваны мэтавыя задачы на наступны год.

«Даручана выбудаваць поўную матрыцу персаніфікаваных паквартальных задач на 2017 год, мабілізаваць усю вертыкаль улады на дасягненне канкрэтных вынікаў. Ад урада і аблвыканкамаў патрабуецца арганізаваць працу кіраўнікоў усіх узроўняў, нацэліўшы іх на павышэнне эфектыўнасці вытворчасці тавараў і паслуг, зніжэнне выдаткаў, нарошчванне і дыверсіфікацыю экспарту, стварэнне новых працоўных месцаў, прыцягненне прамых замежных інвестыцый, а таксама вырашэнне іншых прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны», — падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

Прэм’ер заявіў, што пры фарміраванні прагнозу на 2017 год вызначана структура прыросту ВУП. «Палова — за кошт росту прадукцыйнасці працы на дзеючых прадпрыемствах, істотнага скарачэння выдаткаў, укаранення новых тэхналогій і ўдасканалення сістэмы кіравання, больш актыўнай і агрэсіўнай працы на знешніх рынках. Другую палову прыросту эканомікі плануем атрымаць за кошт так званай «новай эканомікі». Фактычна гэтая задача вырашаецца праз развіццё малога і сярэдняга бізнесу, стварэнне новых прадпрыемстваў, новых працоўных месцаў, прыцягненне замежных інвестыцый. На гэтым грунтуюцца і мэтавыя задачы ў прадстаўленым праекце пастановы», — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Што мы выносім з гэтай траскатні ў сухім астатку? Лукашэнка даручыў ураду стварыць матрыцу. Не як у знакамітай трылогіі братоў (зараз ужо сёстраў, бо яны змянілі пол) Вачоўскіх — з Нэа, Трыніці і агентам Смітам, а план па вырашэнні праблем эканомікі. Урад жа, гледзячы па ўсім, праглынуў сінюю пігулку і заглыбіўся ў віртуалку.

«Мабілізаваць усю вертыкаль», «арганізаваць працу кіраўнікоў», «нацэліць іх» і гэтак далей — звыклая спроба пакіраваць эканомікай у камандна-адміністрацыйным стылі. Ужо ад каго гэтага не чакалі, дык ад Кабякова. Нарэшце, што гэта за кіраўнікі такія, што іх трэба «нацэльваць», «арганізоўваць» і «мабілізоўваць»? Не кіраўнікі, а нейкі офісны планктон. Навошта нам такая «вертыкаль»? Можа, лепей іх проста замяніць на тых, хто будзе працаваць, — на ўжо нацэленых і мабілізаваных?

А «структура прыросту ВУП» па Кабякову ўжо ўвогуле аскому набіла. Гэта  штогод паўтараецца не меней за дзесяцігоддзе, а вынікаў — пшык. Ці спадар Кабякоў гэтымі заклінаннямі спрабуе вызваць джына, які ўсё гэта зробіць? Ці (чаму я кажу пра сінюю пігулку) разлічвае, што такія «крэкс-пэкс-фэкс» раптам зменяць рэальнасць, як Нэа змяняў матрыцу — па сваім жаданні і разуменні?

Сто разоў гаворана: укараненне новых тэхналогій і за іх кошт скарачэнне выдаткаў, стварэнне новых прадпрыемстваў і працоўных месцаў немагчымае без замежных інвестыцый. Каб былі інвестыцыі, патрэбны адпаведны клімат. А які клімат можа быць у краіне з правам «залатой акцыі» ў дзяржавы? Вы паглядзіце спачатку, колькі бізнесоўцаў за гэты год праз турму КДБ прайшло, а потым пра інвестыцыі разважайце.

Для таго, каб «задача вырашалася праз развіццё малога і сярэдняга бізнесу», трэба, каб гэты бізнес спачатку быў — каб было што развіваць. А прадпрымальнікаў у краіне заціснулі па самае не магу. З пачатку года спынілі сваю дзейнасць больш за 30 тысяч прадпрымальнікаў, а ўказ №222, які іх заціснуў, так і не адменены.

Але самае цікавае, што сказаў Кабякоў: «для фармавання поўнай і правільна структураванай матрыцы» ён папрасіў «актыўна ўключыцца ў гэтую працу» наш любімы Белстат. То бок, хаця б у лічбах неяк суаднесці тую матрыцу з рэальнасцю.

Пакуль што, сапраўды, гэтае ведамства пігулак не глытала, і спрабуе ацвярозіць чыноўнікаў, кажучы, што настаюць новыя 1990-я. Прынамсі, беларусы, як тады, імкліва бяднеюць. Па дадзеных  Белстата, у трэцім квартале гэтага года за мяжой беднасці апынуліся амаль 158,8 тысячы хатніх гаспадарак. У папярэднім квартале штомесячны даход не перавышаў бюджэт пражытачнага мінімуму (нацыянальную рысу беднасці) у 151,1 тысячы сем’яў. То бок 7700 сем’яў апусціліся за мяжу беднасці толькі за тры месяцы!

У рэальным свеце мы сапраўды вярнуліся нават не ў 1990-я, а ў пачатак перабудовы, страціўшы самае дарагое — час на развіццё. Усё больш нашы ўрадаўцы ператвараюцца ў Міхаіла Сяргеевіча Гарбачова з яго заклікамі «пашырыць, паглыбіць, палепшыць». Эканаміст Леанід Заіка знайшоў лічбы «ліхіх 90-х» — мы не дацягваем нават да іх. «У 1991 годзе ў Беларусі і Эстоніі быў самы высокі ВУП на душу насельніцтва сярод краін былога СССР — 4900 долараў. Тады разлікі рабіла ЦРУ, якое цяжка западозрыць у асаблівай любові да Беларусі. Сёння ВУП на душу насельніцтва складае 4470 долараў — гэта менш за паказчык 1991 года», — адзначае эксперт.

«За 25 гадоў мы зрабілі кола. 25 гадоў у ацэнках эканамістаў — час жыцця трох пакаленняў, такі генерацыйны інструмент. Скажу як навуковец: мы вярнуліся ў 1991-ы год. У мяне пытанне: хто адкажа за 25 страчаных гадоў?» — кажа Заіка. Сапраўды ж, за краіну крыўдна…

Ну і, каб ад пасяджэння Саўміна быў бы хоць які вынік, урад прыняў пастанову пра тое, што з 1 студзеня 2017 года базавая велічыня падымаецца з 21 рубля да 23-х. Гэта азначае не рост дабрабыту насельніцтва, а яго збядненне, бо ў «базавых» вылічваюцца падаткі, штрафы, зборы і гэтак далей. Плаціць будзем больш, а зарабляць — менш.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: