З 26 лютага зменены правілы працы міжгародніх маршрутак

З 26 лютага ў Беларусі зменены правілы працы міжгародніх маршрутак. З-за новаўвядзення з панядзелка некаторыя прыватнікі (напрыклад, у Полацку і Наваполацку) прыпынілі перавозкі.

Фота: minsknews.by

Дагэтуль гэты від дзейнасці лічыўся “нерэгулярнымі аўтамабільнымі перавозкамі пасажыраў”. Аднак з сённяшняга дня пачалі дзейнічаць змены, унесеныя ў закон “Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках”.

Калі раней маршрутка магла збіраць пасажыраў (як і развозіць) па адвольным маршруце, цяпер ад перавозчыкаў патрабуюць адпраўляцца з аўтавакзала, мець зацверджаныя графік і маршрут (прыпынкі мусяць быць толькі ў вызначаных месцах).

Адсюль у іх з’яўляюцца новыя выдаткі, напрыклад, трэба будзе заплаціць аўтавакзалу.  

Як вядома, згаданы від транспарту за апошнія гады набыў вялікую папулярнасць у пасажыраў. На маршрутцы можна было хутка даехаць практычна да любога горада краіны і кошты на білеты былі невысокія.

Чакаецца, што ў панядзелак з’явяцца каментары чыноўнікаў з Міністэрства транспарту і камунікацый.

euroradio.fm


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!