З 29 кастрычніка ў Беларусі вырастуць штрафы

З 29 кастрычніка ў Беларусі зменяцца памеры штрафаў за многія парушэнні, а таксама з'явяцца новыя штрафы. Да прыкладу, увядуць адміністрацыйную адказнасць для камунальнікаў за лішнія выстаўленыя сумы ў жыроўках. Зменяцца памеры штрафаў за некаторыя падатковыя парушэнні. Змены закрануць незаконныя разлікі валютай, а таксама разгалашэнне персанальнай інфармацыі.
Гэтыя новаўвядзенні прадугледжаны зменамі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, а таксама ў Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Камунальнікаў будуць караць рублём за лішнія сумы ў жыроўках

З 29 кастрычніка увядуць адміністрацыйную адказнасць для камунальнікаў за лішнія выстаўленыя сумы ў жыроўках. Так, службовым асобам арганізацый, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю жыллёвага фонду і прадастаўляюць жыллёва-камунальныя паслугі, пагражае папярэджанне або штраф у памеры да дзвюх базавых велічынь (да 49 рублёў).

Караць рублём будуць не толькі за лішнія сумы ў жыроўках насельніцтва, але і арандатараў, лізінгаатрымальнікаў жылога памяшкання, сяброў арганізацыі забудоўшчыкаў, дольшчыкаў, якія заключылі дагавор, які прадугледжвае перадачу ім у валоданне i карыстанне аб'екта долевага будаўніцтва.

Падставай для штрафу могуць стаць у тым ліку налічаныя ў жыроўкі сумы з перавышэннем за асноўныя і дадатковыя ЖКП, а таксама сумы за дадатковыя паслугі, на аказанне якіх не заключаўся дагавор.

Вырастуць штрафы за аплату тавараў і паслуг валютай

Вырастуць таксама памеры штрафаў за незаконныя разлікі валютай за тавары і паслугі. Цяпер штраф прадугледжаны за незаконнае прыняцце замежнай валюты ў якасці плацежнага сродку, ён складае для фізасобы да 50 базавых велічынь.

З 29 кастрычніка караць рублём таксама будуць і за выкарыстанне каштоўных папер або плацежных дакументаў у замежнай валюце з парушэннем валютнага заканадаўства. Пры гэтым памер штрафу для фізасобы складзе ад 50 да 100 базавых велічынь. Такі ж штраф будзе і за незаконныя разлікі валютай за тавары і паслугі.

Для ІП і юрасоб за гэтыя парушэнні прадугледжана пакаранне ад 100 да 200 базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння або без
канфіскацыі.

«Тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні, — цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад ста да дзвюхсот базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння або без канфіскацыі, а на індывідуальнага прадпрымальніка або юрыдычную асобу — ад ста пяцідзесяці да трохсот базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння або без канфіскацыі», — гаворыцца ў дакуменце.

Штрафы за разгалашэнне персанальных дадзеных

Папраўкі ў КоАП таксама прадугледжваюць увядзенне адміністрацыйнай адказнасці за наўмыснае незаконнае разгалашэнне персанальных дадзеных «асобе, якой вядомыя гэтыя звесткі ў сувязі з яе прафесійнай або службовай дзейнасцю, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства». За здзяйсненне такіх дзеянняў у новай рэдакцыі прадугледжана накладанне штрафу ад 4 да 20 базавых велічынь, адзначаюць у Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі МУС.

«Прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці будзе ажыццяўляцца пры наяўнасці выяўленага ва ўстаноўленым ПВКоАП парадку патрабавання пацярпелага альбо яго законнага прадстаўніка, — удакладняюць у ведамстве. — Правам складання пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях у пералічаных выпадках надзелены супрацоўнікі органаў унутраных спраў. Разглядаць справы па такіх адміністрацыйных парушэннях будзе выключна суд».

Зараз у Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях прапісана адказнасць за «наўмыснае разгалашэнне камерцыйнай ці іншай ахоўваемай законам тайны без згоды яе ўладальніка асобай, якой такая камерцыйная ці іншая таямніца вядомая ў сувязі з яго прафесійнай або службовай дзейнасцю, калі гэта дзеянне не цягне крымінальнай адказнасці».

Вырастуць штрафы за некаторыя падатковыя парушэнні

У Беларусі вырастуць з 29 кастрычніка таксама і памеры штрафаў, што накладаюцца за некаторыя падатковыя парушэнні. Новаўвядзенні датычацца адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні супраць парадку падаткаабкладання і захоўвання бухгалтарскіх дакументаў.

Да прыкладу, для фізічных асоб, якія наўмысна не выплацяць або не поўнасцю выплацяць падаткі (пры гэтым яны не з'яўляюцца службовай асобай юрыдычнай асобы або ІП), памер штрафу за парушэнне з 29 кастрычніка вырасце да 40% ад нявыплачанай сумы падатку, але не менш за 10 базавых велічынь (цяпер — 20% ад нявыплачанай сумы падатку, але не менш 5 базавых велічынь). За паўторнае парушэнне штраф складзе ад 100 да 200 базавых велічынь.

Штраф за нявыплату або няпоўную выплату сумы падатку для ІП з 29 кастрычніка складзе 40% ад нявыплачанай сумы падатку, але не менш 2 базавых велічынь (цяпер — 20%, але не менш за 2 базавых). Для юрыдычных асоб за такое ж парушэнне штраф складзе 40% ад нявыплачанай сумы падатку, але не менш за 10 базавых велічынь (цяпер — 20% ад нявыплачанай сумы падатку, але не менш за 10 базавых).

Зменяцца таксама памеры штрафаў за «правод» грошай міма касавага тэрмінала. Фізасоба з 29 кастрычніка зможа атрымаць штраф ад дзвюх да трыццаці базавых велічынь, ІП — ад пяці да пяцідзесяці базавых велічынь, а юрыдычная асоба — да ста базавых велічынь. Зараз штрафы як для фізічных асоб, так для ІП і юрасоб складаюць ад 2 да 50 базавых велічынь.

Увядуць забарону на наведванне стадыёнаў

У Беларусі з 29 кастрычніка увядуць новы від адміністрацыйнага спагнання — забарона на наведванне стадыёнаў. Так, адміністрацыйная забарона на наведванне фізкультурна-спартыўных збудаванняў будзе прымяняцца за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў на тэрыторыі фізкультурна-спартовага будынка падчас правядзення спартыўна-масавага мерапрыемства, спартыўнага спаборніцтва.

Парушэнні антыманапольнага заканадаўства і нядобрасумленная канкурэнцыя


Штрафы за ўхіленне ІП або службовай асобы юрыдычнай асобы ад выканання прадпiсання антыманапольнага органа або прадстаўленне заведама ілжывай інфармацыі таксама вырастуць: яны складуць ад дваццаці да ста базавых велічынь (ад 490 да 2450 рублёў). Цяпер — ад 20 да 50 базавых велічынь.

Зменамі таксама прадугледжана адміністрацыйная адказнасць для ІП і службовых асоб юрыдычных асоб за нядобрасумленную канкурэнцыю, а таксама за злоўжыванне дамінуючым становішчам.

Якія яшчэ змены чакаюць беларусаў з 29 кастрычніка?

Унесены змены таксама датычна знішчэння альбо пашкоджання лесу, яго забруджвання, а таксама незаконнай высечкі лесу. Ёсць новаўвядзенні па штрафах за парушэнне тэрмінаў рэгістрацыі зброі. Асобныя змены датычацца парушэнняў патрабаванняў у галіне ветэрынарнай дзейнасці.

TUT.BY


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • александр
  • 2018-11-01 19:12:53
страна штрафов и поборов
  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: