З Беларусі за мяжу едуць пераважна для шопінгу, у Беларусь — для наведвання сваякоў

Асноўнай мэтай паездак грамадзян Беларусі за яе межы, з’яўляецца набыццё або продаж тавараў. У Беларусь жа замежныя грамадзяне пераважна едуць для наведвання родных і блізкіх.
Такі адзін з вынікаў выбарачнага абследавання фізічных асоб у аўтадарожных пунктах пропуску праз дзяржаўную мяжу Беларусі, праведзенага ў лістападзе Белстатам. Яно паказала, якім спажывецкім таварам аддаюць перавагу беларусы пры ўвозе і з якіх краін.

Высветлілася, што аб увозе тавараў паведаміў практычна кожны трэці жыхар Беларусі, які вяртаўся дадому аўтатранспартам. Пры гэтым з агульнага ліку выязджаючых вывозіў спажывецкія тавары таксама кожны трэці.

Што везлі?

Найбольшыя вартасныя аб’ёмы ўвозу тавараў былі зафіксаваныя з Польшчай і Украінай (адпаведна 38,4% і 34% ад агульнага кошту тавараў, увезеных у Рэспубліку Беларусь падчас абследавання), і Літвой (21,5%).

Размеркаванне асоб, увозу і вывазу тавараў, па краінах (чалавек)

Асноўныя віды тавараў, што ўвозяцца: тэлевізары (увезена ў сярэднім на 414 даляраў ЗША на аднаго чалавека, якія ўказалі факт ўвозу і кошт гэтага віду тавару), кампутарная тэхніка і сродкі сувязі (390 даляраў), электраінструмент, бензапілы (213 даляраў), шыны і колы ( 156 даляраў), сантэхніка (153 даляры), аўтазапчасткі (98 даляраў), электрычная бытавая тэхніка (87 даляраў), будаўнічыя матэрыялы (86 долараў), адзенне (71 даляр), абутак (61 даляр), бензін, дызельнае паліва (55 даляраў ), цацкі, гульні, спартыўны інвентар (44 даляры), прадукты харчавання ( 27 даляраў).

Вываз тавараў з Беларусі ажыццяўляўся галоўным чынам у Польшчу (на яе прыйшлося 33,4% ад агульнага кошту вывезеных тавараў), Латвію (29,5%) і Украіну (25,2%).

Асноўныя віды тавараў на вываз: мэбля, матрацы, асвятляльныя прыборы (вывезена ў сярэднім на 500 даляраў на аднаго чалавека, з тых, што ўказалі факт вывазу і кошт гэтага віду тавару), кампутарная тэхніка і сродкі сувязі (434 даляры), тэлевізары (429 даляраў), электрычная бытавая тэхніка (183 даляры), электраінструмент, бензапілы (97 даляраў), адзенне (60 даляраў), бензін і дызельнае паліва (55 даляраў), лекавыя сродкі (54 даляры), аўтазапчасткі (50 даляраў), абутак (41 даляр), шыны і колы (32 даляры), прадукты харчавання (21 даляр).

Навошта ездзілі?

Асноўнай мэтай паездкі грамадзян Беларусі, якія выязджаюць за яе межы, з’яўлялася набыццё або продаж тавараў. Так адказала 38,7% рэспандэнтаў, якія запоўнілі анкеты. У Беларусь жа замежныя грамадзяне пераважна ехалі для наведвання родных і блізкіх. Пра гэта паведаміла 50% апытаных.

Вынікі абследавання паказалі, што найбольшая колькасць апытаных грамадзян Рэспублікі Беларусь вынікала ў Польшчу (56,1%), Украіну (28,2%), Літву (6,7%), Егіпет (5,3%).

У Беларусь у гэты ж час праз аўтадарожныя пункты пропуску заязджалі пераважна рэзідэнты Літвы (34,1%), Украіны (31,5%), Латвіі (16,7%), Польшчы (10,3%).

Паездкі грамадзян Беларусі і замежных грамадзян падчас правядзення абследавання ў асноўным былі кароткатэрміновымі (на 3 дні і менш). Такую працягласць паездкі ўказала 78,4% рэзідэнтаў і 83,1% замежнікаў.

Большасць рэзідэнтаў нашай краіны (44,3%) падарожнічалі без начлегу, размяшчаліся ў паездцы ў родных і блізкіх — 23%, паслугамі гасцініц за мяжой скарысталіся 22,4% грамадзян рэспублікі.

Нерэзідэнты Беларусі таксама пераважна падарожнічалі без начлегу (52,8%), спыняліся ў паездцы ў родных і блізкіх (29,4%), а таксама карысталіся прыватным жыллём і паслугамі гасцініц (адпаведна 8,2% і 7,5% іншаземцаў).

Асноўная частка апытаных рэзідэнтаў і нерэзідэнтаў Беларусі (адпаведна 53,4% і 55,1% ад агульнай колькасці якія запоўнілі анкеты) паказала, што асабістыя выдаткі падчас паездкі за мяжу (на куплю тавараў, харчаванне і жыллё) не перавысілі 300 даляраў.

Паводле thinktanks.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: