З Беларусі забаранілі вывозіць пшанічную муку і грэчку

19 ліпеня ўрад прыняў пастанову №412 «Аб увядзенні часовай забароны на вываз асобных відаў тавараў». Яна забараняе вывозіць з Беларусі муку з пшаніцы і спельты, крупы грубага памолу з грэчкі, грачанае зерне абсушанае, гатовыя харчовыя прадукты з грэчкі — незалежна ад краіны іх паходжання.

Гэтыя тавары нельга вывозіць у дзяржавы, якія не з'яўляюцца членамі ЕАЭС. Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання і дзейнічае на працягу трох месяцаў. Забарона не новая, яе перыядычна ўводзяць на розныя прадукты «для забеспячэння харчовай бяспекі».

Напрыклад, у красавіку гэтага года за межы Беларусі забаранілі вывозіць пшаніцу, жыта, ячмень, авёс, кукурузу, грэчку, проса, трыцікале і іншыя травы. Забарону ўвялі на тры месяцы, да 21 ліпеня. Тады яе патлумачылі так:

— Мы не гандлюем збожжам — гэта значыць, у прыярытэце не гандаль збожжам, а перапрацоўка гэтага збожжа праз жывёлагадоўлю, атрыманне прадукцыі жывёлагадоўлі і рэалізацыя з даданым коштам (сыры, малако, мяса, алей), — патлумачыў у эфіры тэлеканала СТБ намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун. — Таму ў апошні час мы ўбачылі, што пачынаецца вываз збожжа. Мы ўвялі трохмесячную забарону, каб забяспечыць сваё пагалоўе і атрымаць тую прадукцыю, якую мы планавалі.

Паводле onliner.by.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: