З бульбаедаў у мясалюбы?

Харчовая перапрацоўчая прамысловасць — адна з самых паспяховых галінаў эканомікі ў Беларусі. Хаця і не беспраблемная. Напрыклад, мы ўваходзім у сусветны Топ-20 краінаў па экспарце мяса, а яго вытворчасць у нас аж удвая большая, чым у суседзяў. Аднак якім коштам?

soglasiesk.ru


Не рыба, а мяса!

На 99,7% мяса і мясныя прадукты, што прадаюцца ў нашых крамах ды на рынках, — прадукцыя менавіта беларускай вытворчасці. Прычым па ўсіх пазіцыях: ад ялавічыны да курыцы. Для параўнання, беларускай бульбы ў нашых гандлёвых сетках, паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэта, толькі 89,8% (дадзеныя за леташняе першае паўгоддзе). Так што бульбаеднай Беларусь можна назваць у меншай ступені, чым мясалюбнай.

Што да іншых папулярных прадуктаў, якія мацуюць нам харчовую бяспеку, то наперадзе тут яйкі: яны на 100% нашы мясцовыя, беларускія. Іншая справа — іх якасць ды натуральнасць. Параўнайце хаця б колеры жаўткоў крамных яек ды вясковых ці фермерскіх — бледна-жоўтыя супраць аранжавых. Але гэта, як і параўнанне мяса курак на вольным выгуле і інкубатарскіх, — асобная тэма. Таксама вельмі «патрыятычны» на нашых крамных прылаўках цукар — на 94,5% ён беларускі ад усяго прадаванага, масла — на 99,9%, мука — на 90,2%. З іншага боку, імпартаваная доля ў продажы садавіны складае 93,2%, алею — 87,7%, рыбы — 82,3%. Так што слоган беларусаў — «Не рыба, а мяса!».

Беларусь у рэгіёне (дакладней, сярод краінаў СНД) першынствуе па вытворчасці бульбы, малака і, як мы ўжо адзначылі вышэй, мяса на душу насельніцтва. На аднаго чалавека ў 2018 годзе прыпала 129 кілаграмаў мяса. Гэта прыкладна ўдвая болей, чым у суседняй Расіі, куды ў асноўным ідзе наш мясны экспарт. У 2010 годзе ў Беларусі вытворчасць свініны, ялавічыны ды мяса птушкі была 102 кілаграмы на душу насельніцтва. Адпаведна, вырасла і пагалоўе ў жывёлагадоўлі.

Што да гаспадарак розных формаў уласнасці, то доля ад усіх кароваў у сельгасарганізацыях складае 95,4%, у фермераў — 0,4%, у дварах насельніцтва — 4,2%. Па свіннях лічбы такія — 87,3%, 0,8% і 11,8% адпаведна. 15 гадоў таму ў прыватных гаспадарках было больш як у два разы болей свінняў — 28,6%. Гэта — вынік вымірання вёскі і наступствы АЧС (афрыканскай чумы свінняў). Паводле народнай канспіралагічнай версіі, улады разбіраліся з успышкамі эпідэміяў так, каб зменшыць канкурэнцыйную колькасць свінняў у гаспадарках насельніцтва. Затое прыватныя гаспадаркі выйграюць у дзяржавы па колькасці авечак: у сельскагаспадарчых арганізацыях іх доля ад усяго пагалоўя ў Беларусі складае толькі 15%. Што да абласцей, то па вытворчасці мяса ў лідарах — Мінская вобласць. Зрэшты, як па яйках і малаку.

Калі ўзяць агульнае пагалоўе, то ў 2018 годзе ў нашай краіне было 2,8 мільёна свінняў і 1,5 мільёна кароваў, 150 тысяч козаў і 43 тысячы коней, а птушак — 51 мільён галоваў. Зразумела, што гэта пераважна куры і ў меншай ступені —індычкі, качкі ды гусі. Для параўнання: у 2010 годзе статыстыка налічыла 37 мільёнаў галоваў птушак, у 1995-м — 26 мільёнаў. То-бок, рост пагалоўя за часы незалежнасці — амаль у два разы.

А вось кароваў і асабліва свінняў істотна паменела: 25 гадоў таму іх было, адпаведна, 2,1 і 3,8 мільёна галоваў. Выснова на паверхні — у вытворчасці, экспарце і, адпаведна, ва ўнутраным спажыванні мяса прыярытэт усё больш аддаецца кураціне. Прыкіньце і самі: якое мяса вы часцей за ўсё спажываеце апошнім часам ці, дакладней, можаце сабе дазволіць згодна з сямейным бюджэтам?


Стаўка на кураціну

Перавага кураціны — сусветная тэндэнцыя. Тлумачэнне простае. Вытворчасць кураціны больш рэнтабельная, чым вытворчасць іншых відаў мяса, у сувязі з больш кароткім тэхналагічным цыклам і меншай колькасцю спажытых кармоў. А меншы кошт на гэтае мяса падвышае, у сваю чаргу, спажывецкі попыт. Цяпер у мясной прамысловасці першынства ў птушкі, і менавіта кураціны, прадукаваць якую больш выгадна, чым мяса індычкі, а тым болей качкі ці гусі.

Мясная прамысловасць Беларусі — гэта каля 250 прадпрыемстваў, дзясятая частка з якіх — мясакамбінаты. Доля дзяржавы маецца ва ўсіх, і ў некаторых мясакамбінатах сягае амаль да 100%.

Самыя буйныя прадпрыемствы галіны — Брэсцкі, Гродзенскі, Бярозаўскі, Віцебскі мясакамбінаты, прыватны аграхолдынг «Сервалюкс», які вырабляе траціну ўсяго беларускага мяса птушкі. Яшчэ адно заўважнае недзяржаўнае прадпрыемства — «Інка-Фуд». Абедзве кампаніі разгарнуліся, набыўшы ў свой час магутнасці шэрагу стратных дзяржаўных птушкагадоўчых фабрык.

Мясакамбінаты працуюць з розным поспехам і дастаткова нестабільна. Чысты прыбытак у розныя гады можа адрознівацца ледзьве не ў разы, але добра, што ён ёсць. «Новы Час» вывучыў бухгалтарскія справаздачы шэрагу мясакамбінатаў за 2018 год.

Напрыклад, Ваўкавыскі мясакамбінат, які прадукуе мяса, каўбасы, вэнджаніну, фаршы, катлеты, пельмені ды варэнікі — усяго 300 найменняў прадукцыі. Доля дзяржавы ў статутным фондзе прадпрыемства — амаль 59%. Чысты прыбытак у 2018 годзе склаў больш за 12 мільёнаў рублёў, на 4 мільёны рублёў былі нават выплачаныя дывідэнды акцыянерам. Але ў 2017-м прыбытак быў істотна большым — 19 мільёнаў. А вось Мінскі мясакамбінат ужо які год запар працуе ў страты. У 2018 годзе яны склалі больш за 6 мільёнаў рублёў, у 2017-м сітуацыя выглядала дрэнна, але лепей — стратаў было больш за 2 мільёны рублёў.

Тым мясакамбінатам, якія трымаюцца на плыву, даюць у нагрузку стратныя «калгасы», а слабыя дзяржава спрабуе рэанімаваць — ручным дырэктыўным спосабам. Яскравы прыклад гэтай з’явы — Барысаўскі мясакамбінат, адно з буйнейшых прадпрыемстваў у аднайменным раёне. З 2012 года яго праца стала стратнай, і на пачатак 2016-га абавязальніцтвы (даўгі) істотна перавысілі актывы.

Фота cdn.rbth.com


Кланіраваны мясакамбінат

Паколькі камбінат забяспечваў працай больш за 2 тысячы чалавек, гэта зрабіла недапушчальным для дзяржавы яго наўпроставае банкруцтва. Каб выканаць задачу, захаваць працоўныя месцы і адначасова вырашыць праблему хранічна стратнага прадпрыемства, мясцовыя ўлады, паводле «Нацыянальнай эканамічнай газеты», якая аналізавала гэты кейс, «вымушаныя былі праявіць цуды эквілібрыстыкі».

Схема сапраўды была правернутая арыгінальная. У жніўні 2016 года была праведзеная рэарганізацыя ААТ «Барысаўскі мясакамбінат», у выніку якой з яго складу ўтварыліся тры новыя арганізацыі — ААТ «Барысаўскі мясакамбінат №1», ААТ «Свінакомплекс Негнавічы» і ААТ «Лошніцкі край». Праз месяц, у верасні 2016 года, само ААТ «Барысаўскі мясакамбінат» з рэшткамі маёмасці і абавязальніцтвамі праз працэдуру рэарганізацыі далучылася да сельскагаспадарчага прадпрыемства ААТ «Забашавічы».

Праз месяц гэтае ААТ «Забашавічы», праз дзіўны збег абставінаў, трапіла ў пастанову Саўміна як прадпрыемства, датычна якога ініцыююць правядзенне працэдуры эканамічнай неплатаздольнасці (або банкруцтва). У выніку ланцужка рэарганізацый са 188,6 мільёна рублёў абавязальніцтваў на нібыта новым мясакамбінаце засталося ўсяго 3 мільёны, астатнія былі скінутыя на прадпрыемствы, якія падлягалі банкруцтву.

І вось сёння Барысаўскі мясакамбінат — не надта, але прыбытковае прадпрыемства. Якое нават выплачвае дывідэнды. І, улічваючы, што дзяржава з’яўляецца акцыянерам са 100-працэнтнай доляй удзелу, уся сума дывідэндаў накіроўваецца ў бюджэт. Цікава, што некалькі гадоў таму да рэарганізацыйна-аздараўляльных пераўтварэнняў на камбінаце мінарытарным акцыянерам (у асноўным, фізічным асобам) у сукупнасці належала 7% акцый. То-бок, яны ў выніку засталіся разам з крэдыторамі дзесьці ў дрэннай гісторыі.

Наступны ў чарзе на рэанімацыю — Аршанскі мясакамбінат. Працэс пад кантролем самога кіраўніка краіны. Бо, нагадаем, Аршанскі раён улады развіваюць па адмысловай праграме, якая потым павінна стаць прыкладам для астатніх раёнаў Беларусі. Аляксандр Лукашэнка пастанавіў навесці тут парадак да 7 лістапада 2020 года, ператварыўшы прадпрыемства ў сучаснае: «Яно павінна быць як самыя лепшыя мясакамбінаты». Паглядзім — якім хітрым спосабам і якім коштам будзе выкананая мясакамбінатная ўстаноўка кіраўніка краіны.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: