З кампаніі Hoster.by пасля 52 дзён блакавання знялі абмежаванні па разліках

Аб разблакаванні сваіх рахункаў IT-кампанія паінфармавала ў сацсетках.


«Пачынаем закрываць даўгі па аплаце за абсталяванне, ліцэнзіі, офіс і заробак супрацоўнікам, — цытуе паведамленне Радыё Свабода — Мы перажылі 52 дні фінансавай бязладзіцы і не выпусцілі ніводнага сервера. Гэты час даказаў, што ў нас найлепшыя кліенты, партнёры і супрацоўнікі. На жаль, пакуль не можам падзяліць гэтую радасць асабіста з Сяргеем Павалішавым. Але ён вельмі прасіў, каб яму не было сорамна за нас. Таму мы абяцалі рабіць лепшы ў краіне хостынг, нягледзячы ні на што».

У Hoster.by адзначаюць, што кампанія працягвае працаваць і выконваць свае абавязанні перад кліентамі і партнёрамі.

«Нам удалося ўсталяваць новыя маршрутызатары ў дата-цэнтрах, працягваць паляпшаць інфраструктуру: мы зрабілі магутную платформу абароненага хостынгу для захоўвання персанальных дадзеных і працы плацёжных сістэм. Працягваем паляпшаць асабісты кабінет карыстальніка, а на сайце з’явілася шмат карысных раздзелаў», — удакладнілі ў кампаніі.

У сувязі з накладаннем абмежаванняў у Hoster.by не было магчымасці рабіць некаторыя плацяжы — напрыклад, за ліцэнзіі на праграмнае забеспячэнне. Аднак у сувязі з форс-мажорнай сітуацыяй многія пастаўшчыкі далі свае паслугі ў растэрміноўку, а некаторыя ўвогуле дазволілі аплаціць іх на працягу 500 дзён.

У офіс Hoster.by сілавікі прыйшлі 18 траўня. Рахункі кампаніі тады заблакавалі, а дырэктара Сяргея Павалішава затрымалі, ён да сёння за кратамі. Таксама ў той дзень адбыліся ператрусы ў TUT.BY, Av.by, Tam.by, Rabota.by, шэраг ключавых супрацоўнікаў арыштавалі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: