За 2020 год Беларусь страціла кожнае пятае турагенцтва

За 2020 год у Беларусі перастала існаваць кожная пятая турыстычная кампанія. Гэта адбылося на фоне пандэміі COVID-19 і глабальнага лакдаўну.


«Прыкладна 20% невялікіх турыстычных агенцтваў, па нашых ацэнках, сышлі з рынку па выніках працы 2020 года», — перадае Еўрарадыё словы кіраўніцы Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Аксаны Бічун.

Па яе словах, турфірмы спадзяваліся, што ў Беларусі прымуць меры падтрымкі кшталту тых, якія выкарыстоўваліся ў іншых краінах. Але турфірмы не атрымалі ні субсідый, ні льготнага крэдытавання, ні падатковых вакацыяў.

Частка кліентаў пагадзілася перанесці выкупленыя ў 2020 годзе туры на 2021-шы. Аднак сёлетні год для туркампаніяў таксама выглядае не вельмі перспектыўным. Многія турфірмы кампенсавалі ад 60% да 80% абавязацельстваў, узяўшы грошы з абароту.

Але ў фірмаў ёсць яшчэ запазычанасці па падатках, заробках, камунальных ды іншых паслугах. Па словах Бічун, у галіне назіраюцца масавыя звальненні работнікаў, што выклікана катастрафічнай стратай аб’ёмаў выручкі — да 80%. Каля 60% спецыялістаў перайшлі на іншую працу.

«Нам спатрэбіцца гадоў пяць-сем для таго, каб аднавіцца і выйсці на аб’ёмы 2019 года», — канстатуе спецыялістка.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: