«За бабуляй могуць хавацца бандыты»: у Мінску хочуць утаймаваць вулічны гандаль

У Мінску пры гарвыканкаме створана рабочая група па барацьбе з нелегальным гандлем на вуліцах, паведамляе «Еўрарарадыё»
Кадр з кінафільма «Джэнтльмены ўдачы»​ 

Кадр з кінафільма «Джэнтльмены ўдачы»​ 


Ініцыятарамі выступіла аб'яднанне прадпрымальнікаў «Перспектыва». Іпэшнікі наракаюць на сезонных «нелегалаў» — вулічных прадаўцоў агародніны і садавіны, якія не плацяць арэнду, падаткі і нядобрасумленна канкуруюць з законапаслухмянымі прадпрымальнікамі.

У сацсетках адразу ж занепакоіліся за бабулек, якія гандлююць на вуліцах: няўжо цяпер будуць змагацца са старымі, якія спрабуюць знайсці хоць нейкую прыбаўку да пенсіі?

Старшыня «Перспектывы» Анатоль Шумчанка тлумачыць Еўрарадыё, супраць каго будуць накіраваныя дадзеныя меры:

«Не трэба займацца падменай паняццяў. Мы гаворым пра незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць у асабліва буйных маштабах, якія вылічаюцца дзясяткамі тысяч долараў. Той асартымент і той фармат, які займаецца нелегальным гандлем, — гэта не бабуля, якая гандлюе кропам, гэта добра арганізаваны, адладжаны бізнес. Ён сёння існуе толькі таму, што ім займацца выгадней, чым працаваць легальна».

 
Не міліцэйская гэта справа


Шумчанка звяртае ўвагу, што цяпер штраф за продаж "бульбы з багажніка" складае ўсяго толькі 12 рублёў 75 капеек. Але "нелегалаў" і так асабліва не "кашмараць". «Перспектыва» звярнулася да мінскай міліцыі з просьбай разабрацца з незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю. Было пералічана каля 20 канкрэтных адрасоў нелегальнага гандлю ў Маскоўскім раёне. Аднак прадпрымальнікам адказалі, што «пры правядзенні праверкі якіх-небудзь фактаў парушэння заканадаўства, якія датычацца кампетэнцыі АУС, не выяўлена».

Паводле слоў Шумчанкі, галоўная задача ініцыятывы — зрабіць так, каб нелегальным бізнесам было дорага і нявыгадна займацца.

«Мы ніякім чынам не хочам рабіць замах на прыбаўку да пенсіі старых, якія вымушаны гэтым займацца. Адназначна — не. Мы, наадварот, будзем прапаноўваць, каб гарвыканкам у сацыяльным плане іх падтрымаў», — кажа Шумчанка.

Старшыня Вышэйшага каардынацыйнага савета Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін, які ўзначаліў новую рабочую групу, нагадвае, што для пенсіянераў у Мінску і так створаны асаблівыя ўмовы працы:

"Мінгарвыканкам на рынках вылучыў месцы для пенсіянераў, для ветэранаў працы і тых бабуль, якія вырошчваюць сваімі рукамі [агародніну і садавіну] на прысядзібных участках, дачах. Такіх месцаў больш за 500, але, напэўна, мала хто пра іх ведае".

 
Няправільныя бабулі

Аднак Уладзімір Карагін звяртае ўвагу, што сярод бабуль могуць быць і «пярэваратні ў хустках»:

«Прадпрымальнікі асцерагаюцца, што пад выглядам бабуль могуць хавацца нейкія злачынныя групоўкі (ужо раней з такім сутыкаліся). Я вось нават нядаўна правёў эксперымент: купіў у такой вось бабулі памідоры, але яны аказаліся не свойскія. Вывучыў іх: яны не былі зроблены ў Беларусі. Гэта значыць, яна займаецца спекуляцыяй, перапродажам».

Як жа можна адрозніць бабулю з арганізаванай злачыннай групы ад звычайнай пенсіянеркі?

Пошукам рашэння гэтай праблемы ў тым ліку будзе займацца рабочая група.

«Трэба падумаць і комплексна гэта вырашыць. Магчыма, нават прыцягнуць актыўных пенсіянераў да абмеркавання гэтага пытанн», — заключае Карагін.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: