За паўгода беларусы забралі з банкаў амаль паўтары мільярды долараў

Нацбанк абнавіў статыстыку па грашовай масе. Дадзеныя рэгулятара паказваюць магутны адток сродкаў насельніцтва з банкаўскіх дэпазітаў. Адток сродкаў насельніцтва фіксуецца з красавіка: за гэты час з валютных дэпазітаў уцякло 1,428 млрд USD.


У верасні сярэднія рэшткі на рублёвых пераводных дэпазітах (пад пераводнымі дэпазітамі часцей за ўсё маюцца на ўвазе карт-рахункі грамадзян) фізічных асоб склалі 2,866 млрд BYN. У параўнанні з рэшткамі ў жніўні яны зменшыліся на 722,6 млн BYN. Такое вялікае скарачэнне не характэрна для верасня, яно тлумачыцца дэвальвацыяй беларускага рубля і канвертаваннем часткі зберажэнняў у валюту.

Іншыя дэпазіты фізічных асоб (чытай: тэрміновыя ўклады) у «зайчыках» склалі 4,602 млрд BYN. У параўнанні са жніўнем сярэднія рэшткі скараціліся на 215,4 млн BYN.

Зрэшты, беларусы захоўваюць у рублях менш траціны зберажэнняў. У верасні доля рублёвых інструментаў склала ўсяго 31,6%. Гэта значыць, што астатнія 68,4% былі намінаваныя не ў рублях — рэдкі прыклад недаверу да ўласнай валюты і палітыкі ўладаў.

У верасні сярэдняя рэшта на валютных рахунках беларусаў склала 6,199 млрд USD. Да жніўня яна зменшылася на 706,2 млн USD. Адток сродкаў насельніцтва фіксуецца з красавіка: за гэты час з валютных дэпазітаў выцякло 1,428 млрд USD.

На карт-рахунках фізічных асоб у верасні 2020-га засталося 1,23 млрд USD. Адносна жнівеньскага значэння падзенне склала 259,2 млн USD. Падобна на тое, што беларусы актыўна канвертавалі безнаяўную валюту ў кэш і хавалі яе ў скарбонкі.

Тэрміновыя ўклады насельніцтва ў сярэднім за верасень склалі 4,969 млрд USD. Па параўнанні з жніўнем рэшта ўкладаў зменшылася на 447,1 млн USD.

Паводле banki24.by



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: