«Загадзя даведацца, што набліжаецца абвал, не атрымаецца». Іосуб пра курс долара па 3,5–4 рубля

На тыдні з'явілася інфармацыя, што ў адным з беларускіх банкаў у якасці магчымага сцэнару развіцця падзей на валютным рынку разглядалі скачок курсу долара да 3,5–4 рублёў ці то ў другім квартале, ці то ў пачатку трэцяга. Myfin.by высвятляла, што павінна адбыцца, каб такі абвал беларускага рубля здарыўся.

Фота: Myfin.by

На гэта пытанне адказаў старшы аналітык кампаніі "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб.

Рэцэпт абвалу — эмісія

Вадзім Іосуб распавёў пра магчымасць сцэнара долара па 3,5–4 рублі:

— Такое развіццё падзей магчыма толькі ў адным выпадку — пры вельмі масавай эмісіі, гэта значыць, пры актыўным уключэнні друкарскага станка. Пакуль ва ўладаў няма неабходнасці рабіць гэта, таму што ў распараджэнні ўрада яшчэ ёсць рэшткі сродкаў, якія ён назапашваў на рахунках пры прафіцыце бюджэту — аж да 2019 года. Частка гэтых сродкаў выдаткаваная на пакрыццё дэфіцыту бюджэту ў мінулым годзе — і немалая, а астатняя будзе выдаткаваная ў новым 2021-м.

Калі гэтыя грошы скончацца і не будзе магчымасці рабіць новыя пазыкі, тады перад кіраўніцтвам краіны можа ўстаць пытанне: "запускаць ці не друкарскі станок"?

Што тады выберуць — прагназаваць складана, таму што зразумела ўсім, у тым ліку і кіраўніцтву краіны, што эмісія прывядзе да абвалу курсу рубля і гіперінфляцыі. Зразумелая справа, папулярнасці Лукашэнку гэта відавочна не дадасць. 

Адсутнасць крэдытаў — адзін з трыгераў

Ці можна вызначыць, што хутка здарыцца праблема? Якія прыкметы даюць зразумець, што дэвальвацыя непазбежна адбудзецца?

— Канкрэтных прыкмет, якія даюць зразумець, што набліжаецца абвал, няма. Такія рашэнні прымаюцца дакументамі, якія не публікуюцца. Таму прыкметы могуць быць дастаткова ўскоснымі. Скажам, рост даходаў насельніцтва, працяг масавага дырэктыўнага крэдытавання, калі сродкі ўрада будуць вычарпаныя, і адбывацца гэта будзе на фоне адсутнасці новых крэдытаў. 

Не Калаур будзе вырашаць

Ці ёсць надзея, што гэтага не здарыцца, пакуль Павел Калаур ля стырна Нацыянальнага банка Беларусі?

— Калі рашэнне аб эмісіі будзе прынятае, то зроблена гэта будзе на «вышэйшым палітычным узроўні». І такое рашэнне зусім не будзе залежаць ад прозвішча таго, хто да гэтага моманту стане ўзначальваць Нацбанк. Рашэнне пра ўключэнне друкарскага станка не прымаецца кіраўніком Нацбанка. Таму што ні адзін разумны старшыня, ці то Павел Калаур, ці то хтосьці іншы, такое рашэнне не будзе прымаць і не будзе нават вітаць яго.

Але, з іншага боку, калі рашэнне пра эмісію будзе прынятае, то Калаур (ці ж любы іншы кіраўнік Нацбанка) будзе вымушаны яго выконваць. 

Антон Зарудніцкі, Myfin.by

Пераклад НЧ

 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: