Заходзьце ў госці!

Беларусы гасцінныя. Таму не дзіва, што мы прымаем з абдымкамі ўсіх. Асабліва тых, з каго зараз альбо ў перспектыве можна стрэсці грошы.

Фота Алены Ляшкевіч

У нашай краіне з 5 чэрвеня працуе місія Міжнароднага валютнага фонду. Яе ўзначальвае Пітэр Долман. Улады Беларусі ўжо некалькі гадоў спадзяюцца на атрыманне крэдыту ў памеры 3,5 мільярда долараў. Перамовы з МВФ працягваюцца, але выніку пакуль няма. Эксперты фонду заяўлялі пра неабходнасць правядзення структурных рэформаў беларускай эканомікі. Перш за ўсё абмяркоўваюцца пытанні ЖКГ, кампенсацыі насельніцтвам жыллёва-камунальных паслуг, павышэння эфектыўнасці кіравання дзяржпрадпрыемствамі. Цяпер гаворка пойдзе пра актуальную сітуацыю ў беларускай эканоміцы.

Але спадзявацца на тое, што мы хутка атрымаем гэтыя грошы, не варта. Па-першае, эксперты фонду, якія цяпер працуюць у Беларусі, толькі рыхтуюць прыезд больш прадстаўнічай місіі ў кастрычніку 2017 года. Па-другое, некаторыя мяркуюць, што гэты крэдыт нам увогуле не патрэбны.

Мы ўжо пісалі пра петыцыю супраць выдзялення афіцыйнаму Мінску крэдыту МВФ. Яе падпісалі 3200 чалавек, і 23 мая ініцыятар звароту Дзяніс Казакевіч перадаў дакумент прадстаўніку МВФ у Еўрапейскім Саюзе Джэфры Фрэнксу.

«Незалежна ад макраэканамічнай сітуацыі ў краіне, урад Беларусі на працягу больш чым 20 гадоў надае першарадную ўвагу фінансаванню КДБ, міліцыі, аддзелаў ідэалогіі, міжнародных спартыўных мерапрыемстваў, ваенных парадаў… Кіраўніцтва краіны паказала, што не можа праводзіць эфектыўныя эканамічныя рэформы. Такім чынам, вельмі верагодна, што новы крэдыт ад МВФ будзе зноў неэфектыўным і не дапаможа аднавіць макраэканамічную стабільнасць Беларусі», — гаворыцца ў лісце.

У дакуменце згадваюцца не толькі эмацыйна-палітычныя моманты, але і тое, што з-за выдачы крэдыту Беларусі «макраэканамічная стабільнасць у рэгіёне знізіцца». А гэта супярэчыць «фундаментальнай місіі МВФ па павелічэнні глабальнай макраэканамічнай стабільнасці», — адзначае аўтар ліста.

І яшчэ цікавы момант: Беларусь сустрэла місію эканамістаў добрай статыстыкай і стрыманым аптымізмам: паводле Белстату, за першы квартал наша эканоміка прырасла на 0,3%. І гэта, як ні дзіўна, мінус. На думку старшага аналітыка кампаніі «Альпары» ў Мінску Вадзіма Іосуба, фонд не выстаўляе ніякіх патрабаванняў па тэмпах росту эканомікі. Але, калі гаворка ідзе пра перамовы з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі, працуе логіка «чым горш — тым лепш». Калі ў краіне цяжкая эканамічная сітуацыя, кіраўніцтва мае патрэбу ў грошах і гатовае на ўсё, абы гэтыя грошы атрымаць. А калі эканоміка пачынае падаваць сігналы да росту, то навошта нам грошы МВФ?

Фота Алены Ляшкевіч

Але ці не самым вырашальным фактам у гэтым пытанні будзе пазіцыя Аляксандра Рыгоравіча. Каментуючы працу папярэдняй місіі аналагічнага ўзроўню, Лукашэнка заявіў, што ўмовы МВФ накіраваныя на ўдушэнне беларускага народа. Між тым, міжнародныя структуры патрабуюць зараз гарантый правядзення рэформ «на самым высокім узроўні». І наўрад ці такія гарантыі атрымаюць.

Затое аптымізму дадае (ужо ў які раз) наша «шматвектарная» палітыка. 7 чэрвеня падпісалі пагадненне аб адкрыцці крэдытнай лініі для Беларусі кіраўнікі «Афрэксімбанка» і Банка развіцця Беларусі. Старшыня «Афрэксімбанка» Бенядзікт Арама паведаміў, што запланаваны аб'ём усёй крэдытнай лініі складзе да 800 мільёнаў долараў.

«Афрыцы трэба абсталяванне, каб будаваць дарогі, масты, бальніцы, парты, электрастанцыі... У Афрыцы ёсць дэфіцыт харчовых культур, мяса, садавіны і гародніны… Наш банк упэўнены, што велізарныя вытворчыя магутнасці Беларусі ў цяжкай прамысловасці і вытворчасці трактароў — гэта магчымасць атрымаць даступныя інвестыцыйныя тавары, якія патрэбныя нашаму кантыненту для развіцця», — зазначыў Арама.

Канешне, «грошы не пахнуць». Але тое, што Афрыка адкрывае для Беларусі крэдытную лінію, як бы намякае на стан развіцця нашай эканомікі.

І на гэтым кірунку нас чакаюць вялікія складанасці. Не сакрэт, што афрыканскі кантынент у зону сваіх стратэгічных інтарэсаў уключыў Кітай. Ці здолеем мы адкусіць свой кавалак пірага ў лідара сусветнай эканомікі? Можа і не, але паспрабаваць варта.

Тым часам з міжнароднай эканамічнай пляцоўкі прыйшла яшчэ адна цікавая навіна. Сусветны банк выступіў з аптымістычным прагнозам развіцця сусветнай эканомікі. «Упершыню за апошнія чатыры гады мы не знізілі прагноз росту сусветнай кан'юнктуры, і я думаю, што гэта добры знак», — заявіў дырэктар дэпартамента вывучэння перспектыў эканамічнага развіцця Сусветнага банка Айхан Касе ў інтэрв'ю AFP.

Эксперты вашынгтонскай арганізацыі мяркуюць, што ў 2017 годзе сусветны эканамічны рост складзе 2,7%, у 2018 і 2019 гадах — 2,9%. Рашэнне пакінуць нязменным прагноз Касе патлумачыў зніжэннем рызыкаў у сусветнай эканоміцы. Пры гэтым у развітых краінах эканамічны рост у 2017 годзе паскорыцца да 1,9%. У краінах еўразоны гэты паказчык, паводле прагнозу арганізацыі, складзе 1,7%. Яшчэ ў студзені, калі быў прадстаўлены папярэдні прагноз, Сусветны банк зыходзіў з 1,5% росту ў еўразоне ў бягучым годзе.

Прагноз эканамічнага развіцця Кітая зніжаны да 6,5%. У Расіі пасля двух гадоў рэцэсіі эксперты чакаюць росту ў 1,3% у 2017 годзе і 1,4% — у 2018-м.

Што гэта азначае? Гэта азначае, што ўсе спасылкі нашага кіраўніцтва на тое, што мы дрэнна жывём, таму што ўсе дрэнна жывуць, і ў свеце эканамічны крызіс — ані каліва не вартыя. Няма ў свеце ніякага крызісу. Нават у Расіі, абкладзенай санкцыямі з ног да галавы, плануецца эканамічны рост. І толькі мы сядзім у сваёй багне. А значыць, вінаваты ў гэтай багне не сусветны крызіс, якога няма, а нешта іншае.

radiokultura.by

Ну і пра сабе забывацца не трэба. Грошы часам проста поўзаюць у нас пад нагамі. Прыемную навіну агучыў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўхута. Аказваецца, за пяць гадоў Беларусь зарабіла каля 4 мільёнаў на экспарце вельмі незвычайнага прадукту. Што мы экспартавалі? Вінаградных смаўжоў!

А ўвогуле за мінулы год Беларусь экспартавала больш за 23 тысяч тон прадукцыі расліннага свету: грыбы, свежыя ягады, прадукцыю перапрацоўкі. Агульны кошт экспарту склаў каля 60 мільёнаў долараў.

І, заўважце, без усялякіх крэдытных ліній.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: