Заробак ў 500 долараў? Хоць бы 400 рублёў!

Для даглядчыцы цялят з вёскі Балгавічы Капыльскага раёна, Наталлі Прымшыц, марай ёсць зарплата ў 400 рублёў.

 

Наталлі Прымшыц 54 гады. Яна працуе на дарошчванні цёлак да сталага ўзросту і першага асемянення на ферме ў вёсцы Балгавічы Капыльскага раёна. За сваю нялёгкую працу са студзеня гэтага года атрымлівае ў сярэднім 230 рублёў. Працуе па дарошчванню цялят ужо 4 гады. Цялят яна любіць, па сведчаннях мясцовых людзей, выконвае свае абавязкі добра. Вось што сама Наталья гаворыць пра сваю работу:


— Будынак цялятніка яшчэ не стары, падача кармоў ажыццяўляецца механізаваным спосабам — у адрозненне ад Яўсеевіцкай фермы, што знаходзіцца ў трох кіламетрах. Зараз у мяне на даглядзе 121 цялё, але бывае і па 160–170 галоў. Работу я сваю люблю, раней атрымлівала па 4-5 мільёнаў за працу. Але пасля прыходу новага дырэктара ў снежні мінулага года зрэзалі расцэнкі. Мой цялятнік лічыцца механізаваным, але ручной працы тут таксама хапае. Напрыклад, зімой падмёрзшыя цюкі прыходзілася раскідваць уручную, а падсцёл разбіваць ломам, — распавяла жанчына.


Падсцілаць цёлак 3 разы на тыдзень дапамагае памочнік з брыгады паляводаў. Але калі той зламаў нагу і два месяцы знаходзіўся на бальнічным, яго ніхто не замяніў. Бывае, што на ферме прыходзіцца быць і цэлы дзень. Выходных Наталля не мае.


Жанчыне хацелася б зарабляць па-ранейшаму, але на новага дырэктара яна не скардзіцца. Пахваліла, што наладзіў асвятленне на цялятніку, дапамог адрамантаваць дзверы.

— Некалькі гадоў працавала без электрычнага асвятлення, падсвечвала ліхтарыкам ад тэлефона. А калі сказала новаму дырэктару, ён навёў парадак. Ён — строгі, казаў на сходзе, што можа выбачыць п’янку, але не крадзёж.

Скардзіцца ж на што-небудзь іншае, у тым ліку і на меншы заробак, Наталля баіцца, бо калі выганяць з гэтай працы, то зможа працаваць толькі паляводам у брыгадзе. Там заробкі яшчэ ніжэйшыя.


Дарэчы, гэтая баязлівасць мае пад сабой рэальную аснову, паколькі, пасля размовы з журналісткай загадчыца фермы, па словах Наталлі, пагражала ёй пераводам у палявую брыгаду.

Цяпер жанчына перажывае, што, калі перавядуць, не зможа выплочваць крэдыты, якія ўзяла ў двух банках на рамонт вясковай хаты.


З пачатку года заробак Наталлі і так зменшыўся амаль напалову. Хаця яна працуе, як і раней, без выходных, колькасць цялушак прыкладна такая ж, цялушкі ў вазе прыбываюць штомесяц не горш, чым на іншых фермах. Штомесячныя разліковыя лісткі па заробку, якія маглі б утрымліваць больш канкрэтную нфармацыю, жанчына не атрымлівае, як і іншыя працаўнікі сельскагаспрадпрыемства.

У бухгалтэрыі прадпрыемства патлумачыць гэта адмовіліся. Галоўны эканаміст параіў звярнуцца да дырэктара філіяла «Грозава» унітарнага прадпрыемства «Прыёртрансагра». Дырэктар, Аляксандр Дарошчанка, па тэлефоне паведаміў, што «грошы трэба зарабляць».


— Для таго, каб добрыя грошы зарабляць, трэба добра працаваць. На Балгавіцкай ферме дарошчванне цялят адбываецца механізаваным спосабам. Калі жанчына хоча атрымліваць большыя грошы — хай ідзе працаваць на Яўсеевіцкую ферму, там праца выконваецца ўручную і даглядчыцы атрымліваюць больш, — параіў дырэктар.

Адна з даглядчыц цялят на Яўсеевіцкай ферме, якая пажадала застацца невядомай, інфармацыю пра больш высокі заробак на іх ферме не падцвердзіла.

А вось загадчыца фермы Алена Лявонава паведаміла, што зарплата ў 230 рублёў — гэта нармальная зарплата для Наталлі, і ёй няма на што скардзіцца.

За каментаром я звярнулася да былога галоўнага эканаміста сельскагаспадарчага ААТ «Праснакі» Капыльскага раёна Рамана Сімановіча.

— Са студзеня 2017 года мінімальны заробак у краіне складаў 265 рублёў — ужо нават па гэтай пазіцыі відавочна, што заробак цялятніцы заніжаны, — распавёў былы галоўны спецыяліст. — Да таго ж яна павінна атрымліваць дадатковыя выплаты за працу ў выходныя дні, за шкоднасць. Пры адсутнасці разліковага ліста незразумела, ці выпісваліся нарады за дадатковыя работы, якія не ўваходзяць у расцэнкі. Дарэчы, па артыкулу 80 Працоўнага Кодэксу разліковыя лісты павінны выдавацца працанаймальнікамі ў абавязковым парадку. Гэта павінна зацікавіць інспекцыю па працы.

Па словах спецыяліста, у дадзеным выпадку патрэбна праверыць і законнасць рэзкага паніжэння расцэнак за прадукцыю. Раман Сімановіч лічыць, што бяспраўнасць сельскіх працаўнікоў наўпрост залежыць ад прававой непісьменнасці.

— Я б парэкамендаваў Наталлі звярнуцца з пісьмовым зваротам да дырэктара з просьбай азнаёміць пад распіску з працоўнымі абавязкамі і канкрэтнымі расцэнкамі за розныя віды працы, з нормамі нагрузкі, з графікам працы, — раіць ён.


Ці скарыстае даглядчыца Балгавіцкай фермы гэтыя парады — невядома, але праз некалькі дзён пасля гутаркі з карэспандэнткай на дзвярах фермы з’явіўся распарадак яе працы, падпісаны загадчыцай і зацверджаны дырэктарам філіяла «Грозава».

А яшчэ праз 10 дзён на яе картку быў пералічаны заробак, які ўжо склаў 313 рублёў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!