Затрыманы кіраўнік кампаніі "Сэрвалюкс" Яўген Баскін

Затрыманыя кіраўнік СЗАТ "Сэрвалюкс" Яўген Баскін і яшчэ некалькі работнікаў кампаніі. У КДБ і МУС гэтую інфармацыю пакуль не каментуюць, але сваякі аднаго з затрыманых ужо занятыя пошукам адваката.



Фота svaboda.org


У кампаніі таксама не пацвярджаюць звесткі аб затрыманні кіраўнікоў. "У мяне такой інфармацыі няма. У нас усё ў парадку, мы працуем у планавым рэжыме", — заявіла БелаПАН намеснік дырэктара па маркетынгу "Сэрвалюкса". Тэлефон прыёмнай Баскіна не адказвае.
 

Між тым аб затрыманні Баскіна і іншых супрацоўнікаў "Сэрвалюкса" стала вядома магілёўскаму праваабаронцу Барысу Бухелю.


Паводле яго інфармацыі, прадстаўнікі кампаніі былі затрыманыя ўвечары 14 сакавіка ў Магілёве, дзе размешчаны цэнтральны офіс кампаніі. Затрыманне рабілі супрацоўнікі КДБ з Мінску.


"Да мяне звярнуліся сваякі аднаго з затрыманых з просьбай аб дапамозе ў пошуку адваката. Яны сказалі, што ўчора затрыманы Баскін і тры-чатыры чалавекі. Усіх павезлі ў Мінск. Арыштоўваў КДБ, машыны былі з мінскімі нумарамі, распавялі сваякі", — паведаміў Бухель.


Паводле яго слоў, сваякі затрыманага сказалі, што супрацоўнікі КДБ дазволілі Баскіну патэлефанаваць блізкім.


Група "Сэрвалюкс" — найбуйнейшы аператар і вытворца на аграпрамысловым рынку Беларусі. На сайце кампаніі адзначаецца, што "група з'яўляецца лідарам аграрынку ў сегменце птушкагадоўлі і імкліва нарошчвае магутнасці па вытворчасці камбікормавай прадукцыі". Стратэгія кампаніі прадугледжвае арыентацыю на інавацыйны падыход у галіне вытворчасці, лагістыкі, продажу і IT, што дазваляе пільна адсочваць усе працэсы вытворчасці прадукцыі і гарантаваць яе высокую якасць і бяспеку.


"Сэрвалюкс" з'яўляецца афіцыйным дылерам кампаній, якія ўваходзяць у найбуйнейшы аграхолдынг Еўропы Nutreco (Нідэрланды), шэрагу лепшых еўрапейскіх вытворцаў сельскагаспадарчага абсталявання — Сhore-Time Europe, Fancom (Нідэрланды).


Яўген Баскін — адзін з самых паспяховых беларускіх бізнесменаў. Створаная ім група кампаній "Сэрвалюкс" вядомая такімі брэндамі, як "Пятруха", "Браты Грыль", "Кувшинка". У яе склад уваходзяць птушкафабрыкі, мяса- і малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы, камбікормавыя заводы, малочна-таварная ферма, рознічная сетка і іншыя падраздзяленні.


Варта адзначыць, што "Сэрвалюкс" фігуруе ў крымінальнай справе сенатара Ганны Шарэйкі, гендырэктара Віцебскай бройлернай фабрыкі. Гэтая справа зараз разглядаецца ў Вярхоўным судзе Беларусі. Менавіта ў групу "Сэрвалюкс" уваходзіць прадпрыемства "Экамол" — беларускі канкурэнт замежных пастаўшчыкоў кармоў на фабрыку.


За апошнія некалькі дзён ужо другім буйным беларускім бізнесменам зацікавіліся праваахоўныя органы. Увечары 11 сакавіка з'явілася інфармацыя аб затрыманні ўладальніка групы кампаній "Трайпл" Юрыя Чыжа. У КДБ яе таксама спачатку не каментавалі, затым пацвердзілі. Як паведаміла прэс-службы гэтага ведамства, Чыж затрыманы супрацоўнікамі КДБ паводле падазрэння ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Разам з Чыжом затрыманыя шэраг асоб, якія падазраюцца ў здзяйсненні гэтага злачынства і саўдзеле ў ім. Усе затрыманыя знаходзяцца ў СІЗА КДБ.
 
 
Уладзімір Лапцэвіч, Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: