Зэльва. Падаткавікі патрабуюць грошы за 10 гадоў беспрацоўя

Каб дамагчыся выплаты падатку за даходы, якія жыхар Зэльвы Аляксандр Лінкевіч не прызнае, падатковая інспекцыя хоча пазбавіць яго правоў кіроўцы і права выезду за мяжу.

Аляксандр Лінкевіч

Зэльвенскі раённы суд не задаволіў пазоў Зэльвенскай раённай падатковай інспекцыі да мясцовага жыхара Аляксандра Лінкевіча з тым, каб пазбавіць яго правоў на кіраванне аўтамабілем і права выезду за мяжу за тое, што ён, быўшы беспрацоўным, нібыта не выплаціў падаткаў на даходы за амаль дзесяцігоддзе.

Суд прапанаваў падатковай шукаць іншыя шляхі спагнання запазычанасці. Аляксандр Лінкевіч цяпер будзе сам падаваць у суд на падатковую інспекцыю.

Аляксандр Лінкевіч распавёў “Радыё Свабода”, што каля 10 гадоў не меў сталай працы, хоць меў спецыяльнасць слесара механазборачных работ. Да гэтага працаваў, дзе толькі ўдавалася: на будоўлі і ў калгасе, а пазней жыў з сям’ёю пераважна з выпадковых заробкаў, кажа Лінкевіч:

— Мне няма чаго ўтойваць, паколькі дапамагалі мае бацькі і жончына маці. Думаеце, гэта добра вось так жыць? Але так сёння жыве палова краіны, калі грошы даюць бацькі альбо дзед з бабаю за свае пенсіі ўтрымліваюць. Я не вінаваты ў тым, што няма працы, няма дзе ўладкавацца. Заводы стаяць, а заробкі такія, што сям’ю не ўтрымаць. І красці я не пайшоў.

Апошнія 3 месяцы Лінкевіч афіцыйна ўладкаваўся на працу ў Польшчы, плаціць там падаткі, у вольны час прыязджае да сям’і ў Зэльву. Сёлета яго выклікалі ў раённую падатковую інспекцыю і папрасілі запоўніць дэкларацыю.

Дэкларацыю спадар Лінкевіч запоўніў, пісаў, што на ўтрыманне яго і ягонай сям’і грошы пэўны перыяд часу давалі альбо ягоныя бацькі, альбо цешча.

У падатковай, аднак, выявілі, што Лінкевіч на працягу пэўнага часу ездзіў у Польшчу, а значыць, запраўляў аўта, купляў рэчы, якія заносіліся на мяжы ў кампутар, а потым былі перададзеныя ў падатковую. У выніку атрымалася, што ягоныя расходы перавысілі даходы паводле складзенай дэкларацыі.

— Але ж я падаткавікоў пытаюся: адкуль вы ўзялі, што калі я ездзіў у Польшчу, то запраўляў бак за свае грошы? Чаму вы палічылі гэта за мае расходы? Побач сядзеў ці мой бацька, ці мая цешча, і яны запраўлялі аўта за свой кошт. Я прасіў, каб падатковая прадаставіла мне доказы таго, што менавіта я аплачваў гэтыя расходы. Такіх доказаў мне ніхто не даў.

Лінкевіч, у сваю чаргу, запатрабаваў, каб падатковая паказала яму камеральны акт, дзе б памесячна было распісана, якія даходы ён меў, бо ў адваротным выпадку яму прапаноўваюць плаціць за тыя даходы, якіх ён не меў наагул.

Начальнік падатковай інспекцыі Зэльвенскага раёну Святлана Панасік патлумачыла “Радыё Свабода”, што камеральны акт не складаецца паводле дэкларацыі аб даходах і маёмасці:

— Робіцца разлік на падставе складзенай ім самім дэкларацыі, і спадару Лінкевічу гэта не адзін раз тлумачылі, і нават у пісьмовым выглядзе. Ды і ён сам запоўніў сваю дэкларацыю, у падатковай зрабілі разлік, і атрымалася пэўная сума.

У адным з лістоў з падатковай інспекцыі Лінкевічу тлумачаць, што да расходаў фізічнай асобы залічваюцца расходы ў памеры пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Маўляў, дзяржава вызначыла неабходную для захавання здароўя чалавека колькасць харчоў, нехарчовых тавараў і паслуг, што ў выніку складае пражытковы мінімум у краіне. І вось, маўляў, сума, якая перавышае даходы над расходамі, і з’яўляецца падатковай базай для налічэння падаходнага падатку. На што Лінкевіч адказвае наступным чынам:

— Тое, што дзяржава прыняла за пражытковы мінімум, не заўсёды было ў маёй сям’і. Прыняць-то яны прынялі, але хто даў мне і маёй сям’і гэты пражытковы мінімум? Мы нават і даходу такога на кожнага сямейніка не мелі, а мне налічылі, што расходы перавышаюць даходы.

Зыходзячы з дэкларацыі, Лінкевічу першапачаткова налічылі каля 1 тысячы рублёў недаплачаных падаткаў у бюджэт. Пасля таго, як ён здолеў сабраць дадатковыя дакументы, сума падатку зменшылася да 700 рублёў. І на падставе таго, што падатак не заплачаны, інспекцыя выступіла з пазовам у суд, каб пазбавіць Лінкевіча права на кіраванне аўтамабілем, а таксама права на выезд за мяжу.

Праўда, рашэнне Зэльвенскага раённага суду прагучала не на карысць падатковай інспекцыі. Суд прапанаваў падаткавікам шукаць іншыя шляхі спагнання недаплачаных падаткаў.

Лінкевіч настойвае на тым, што нічога не павінен плаціць дзяржаве. Паводле яго, падатковая павінна прызнаць, што бяздоказна налічыла суму на даходы, якіх ён насамрэч не меў. З гэтае прычыны Лінкевіч збіраецца падаваць у суд на інспекцыю.

— Мне крыўдна за ўсё гэта, паколькі я столькі гадоў без нармальнай працы і ніхто ні разу нічога не прапанаваў. Калі было цяжка, то дзяржава ад мяне адвярнулася, нават ніхто не пацікавіўся, як я гадую сваіх дзяцей, дзе і за што жыву. А цяпер раптам у мяне знайшлі недаплачаныя падаткі. Падатковая інспекцыя хоча, каб я заплаціў падаткі з тых даходаў, якіх не меў. Яны не паказалі мне камеральнага акту, ім дастаткова напісаць паперу, ні на што не спасылаючыся. Але так немагчыма, у нас яшчэ ёсць права і суды. Буду змагацца.

www.svaboda.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: