
Паводле эксперта, беларускім кампутарным фірмам цяпер няма неабходнасці міграваць у Літву альбо Эстонію, бо ўсе ўмовы ёсць у Беларусі. Ён прагназуе, што неўзабаве і айцішнікі будуць уплываць на ўладу і палітыку.
«У дэкрэце рэалізавана большая частка чаканняў ІТ-супольнасці»
— У гэты момант, калі мы з вамі запісваем інтэрв’ю, праходзіць сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі дзелавых колаў, на якой прысутнічае каля трохсот чалавек. Але вас там няма. Чаму?
— Мяне туды ніхто не запрашаў, шчыра кажучы.
— Вы ўжо бачылі асноўныя палажэнні доўгачаканага дэкрэту «Аб развіцці лічбавай эканомікі», які 22 снежня афіцыйна падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Як бы вы яго ў цэлым ацанілі? Гэта тое, чаго вы чакалі? Што гэты дакумент нясе эканоміцы краіны?
— Я вельмі чакаў гэтага дэкрэту. Ягонае прыняцце заняло надта шмат часу. Яшчэ ў верасні я прадказаў, што ён будзе падпісаны ў апошні працоўны дзень году. Як бачыце, памыліўся на цэлых 5 дзён. Думаю, паўгода можна было не губляць.
Але добра, што ён увогуле падпісаны, і, наколькі я разумею, падпісаны ў першапачатковым выглядзе. То бок ніхто на яго не замахнуўся, не абкарнаў, не нівеляваў, і гэта вельмі добра.
Дэкрэт рэвалюцыйны для ІТ-галіны, рэалізаваная большасць чаканняў ІТ-супольнасці. Прыкметна, што ён рыхтаваўся групай юрыстаў паводле заявак ІТ-супольнасці. Таму ён атрымаўся цэласны, кампактны, там няма нічога лішняга і ёсць усё неабходнае. Ён канцэптуальна цэласны.
— Гэта ваша агульная стратэгічная ацэнка. А што канкрэтна вы б назвалі галоўным пазітыўным чыннікам у прыняцці гэтага дэкрэту, што можа прывесці да станоўчых і патрэбных зменаў у беларускай эканоміцы?
— Самае галоўнае, што ў параўнанні з ПВТшным дэкрэтам 2005 году разам з аўтсорсінгам узаконена «прадуктовае праграмаванне». Нарэшце фірмам, якія гэта робяць, можна будзе працаваць легальна, а не праз нейкія пасярэднія структуры на Захадзе.
Крытыкі ПВТ увесь час кажуць, што «стымулюем продаж мазгоў за мяжу». Па-першае, гэта ўжо даўно ня так. Нашы «прадуктовыя кампаніі» цяпер атрымалі магчымасць працаваць без «фірмаў-пракладак», легальна. Дэкрэт будзе стымуляваць іхні рост, таму што будучыня не ў аўтсорсінгу, мы моцныя сваімі мазгамі.
— Ініцыятары новых льготаў для ІТ-сферы кажуць, што менавіта гэтая галіна стане лакаматывам усёй беларускай эканомікі. А крытыкі — што яна становіцца прывілеяванай сферай, «дзяржавай у дзяржаве», якая працуе выключна на сябе і не мае станоўчага эфекту ў маштабах усёй краіны.
— У эканоміцы любой краіны ёсць вядучыя галіны. Ужо сёння беларускія праграмісты трацяць грошы на будаўніцтва жылля, набыццё ўласнасці, беларускіх прадуктаў харчавання, плацяць за дзіцячыя садочкі, палепшаную медыцыну і гэтак далей. Гэтыя грошы застаюцца ў краіне і падымаюць іншыя сферы эканомікі, галоўным чынам сферу паслугаў. Таму нельга казаць, што гэта нешта ізаляванае, гэта ўплывае на ўсю эканоміку.

Парк высокіх тэхналогій у Мінску
«Беларускім фірмам няма неабходнасці міграваць у Літву або Эстонію»
— Аргумент, які прыводзяць многія, у тым ліку, напрыклад, эканаміст Сяргей Чалы — калі ІТ-сфера такая прагрэсіўная і паспяховая, як сцвярджаецца, чаму яна ўвесь час патрабуе нейкіх ільготаў ад дзяржавы? Microsoft ці Apple не патрабавалі ад дзяржавы падтрымкі, і без гэтага вырваліся ў лідэры рынку. Чаму наша ІТ-сфера ўвесь час патрабуе ўмоваў значна лепшых, чым у іншых?
— Microsoft ці Apple ад пачатку развіваліся ў лепшых умовах. Іхнія ўмовы супастаўныя з тымі, якія ёсць цяпер у ПВТ. У ПВТ, вядома, шыкоўныя, ільготныя, «шакаладныя» ўмовы. Але амерыканскія ўмовы не параўнаць з тымі, якія існуюць у Беларусі для іншых галінаў.
Дарэчы, Сяргей Чалы цалкам справядліва запытваецца, чаму гэтыя льготы ўведзеныя толькі для ПВТ, а не для ўсіх. Тут я з ім салідарны. Але я ўпэўнены, што для ўсіх галінаў такі дэкрэт бы не прайшоў, яго б завярнулі. Таму добра, што ён прайшоў хаця б для ІТ-галіны, і потым можна будзе гэты досвед распаўсюдзіць на іншыя галіны, хаця б часткова.
— А што такога новага прапануе гэты дэкрэт, каб беларусы маглі вырвацца ў лідэры на гэтым вельмі канкурэнтным рынку? Як вы казалі, беларусы дагэтуль пераважна займаліся аўтсорсінгам. Ці ёсць падставы меркаваць, што пасля прыняцця дэкрэту будзе зроблены скачок наперад, каб дагнаць тую ж Эстонію, Ізраіль, Індыю?
— Даганяць Эстонію ці Літву нам не трэба, мы даўно наперадзе, па-мойму. Але пакуль вельмі многія беларускія фірмы працуюць у Вільні, бо там ад пачатку былі нармальныя ўмовы для праграмавання прадуктаў. Цяпер тыя фірмы, якія там працуюць, могуць спакойна вяртацца працаваць дадому, у Беларусь. А новым фірмам няма неабходнасці міграваць у Літву або Эстонію, бо цяпер усе ўмовы ёсць тут.
Беларускія прыкладанні агульнавядомыя ў свеце, імі карыстаюцца. Цяпер гэты бізнес зможа легальна развівацца ў Беларусі. Дагэтуль цалкам легальна, цалкам «па-беламу» гэта было фактычна немагчыма.
— Адна з ацэнак гэтага дэкрэту — улады хочуць працягваць курс на аўтарытарную дзяржаву, але на гэты раз у пэўным саюзе з ІT-бізнесам. То бок людзі, які ня ўвойдуць у спіс абраных, да «новага жыцця» ня будуць дапушчаныя. Хіба можна казаць, што гэты дэкрэт спрыяе фармаванню нейкага шырокага слою «сярэдняй клясы»?
— Уласна кажучы, а што такое ІТ-супольнасць? Гэта і ёсць сярэдняя кляса. Так, праграмісты часта абыякавыя да палітыкі. Але рана ці позна яны задумваюцца, і, у прынцыпе, гэта добра для фармавання грамадзянскай супольнасці.
— Ці можна чакаць, што за гэтым крокам пойдуць далейшыя па пераўтварэньнях у беларускай эканоміцы? То бок улада пабачыла добрыя вынікі — і вырашыць, што гэтыя мэтады можна скарыстаць і ў іншых сфэрах? Ці ІТ-сфэра застанецца такім асобным востравам?
— Цяжка сказаць. Бо ўсе гэтыя перамены адбываюцца вельмі павольна, паўзком, з вяртаннямі назад. Але будзем спадзявацца на лепшае.
— Я зноў спрабую ацаніць усе пазытыўныя і нэгатыўныя бакі. Магчыма, сярод станоўчага можна адзначыць, што паступова расце ўплыў новых людзей, ІТшнікаў, — на ўладу і ўвогуле сытуацыю ў краіне. Можа, разам з ростам іхняга ўплыву можна канстатаваць і змяншэнне ўплыву «чырвоных дырэктараў» і нават сілавікоў?
— Тут я вельмі з вамі згодны, гэта вельмі станоўчы чыннік у сэнсе палітыкі. Мяняецца арыентацыя дзяржавы з мінулага на будучыню. Калі дагэтуль наша дзяржава была накіраваная ў мінулае, — то гэты дэкрэт сымбалізуе пачатак развароту ў будучыню.
Абмеркаванне:
ВР