Ці пераможа пустая лядоўня тэлевізар?

У мінулым аглядзе сітуацыі ў краіне мы пісалі, што Беларусь — на парозе стагнацыі. Пра гэта сведчаць усе эканамічныя паказчыкі і прагнозы. Але Аляксандр Рыгоравіч сказаў — і «вжух!» — у нас усё добра, і нават яшчэ лепш, чым было!


Як паведамляе прэс-служба Савета міністраў, урад Беларусі «з улікам даручэнняў Лукашэнкі» абнавіў прагноз па росце ВУП у 2020 годзе з 2,5% да 2,8%. У адпаведнасці з абноўленым праектам прагнозу, рост экспарту тавараў і паслуг у 2020 годзе запланаваны на ўзроўні 3,6%, прафіцыт знешнегандлёвага сальда сфарміруецца на ўзроўні 1% ВУП, дэфіцыт дзяржбюджэту складзе 995,1 мільёна рублёў (менш за 1% ВУП), які будзе прафінансаваны за кошт знешніх дзяржаўных пазыкаў, што прадстаўляюцца на фінансаванне расходаў бюджэту, у суме 869,2 мільёна долараў і рэшткаў сродкаў дзяржбюджэту на 125,9 мільёна рублёў. Пры гэтым плануецца, што рэальная зарплата ў 2020 годзе вырасце на 2,5%.

Такую рэвалюцыю (нагадаем, Міжнародны валютны фонд прагназуе рост беларускага ВУП у 2020-м толькі на ўзроўні 0,3%) плануецца ажыццявіць за кошт «павышэння эфектыўнасці работы дзяржаўных арганізацый, развіцця малога і сярэдняга бізнесу, стымулявання прытоку інвестыцый, задзейнічання нявыкарыстаных рэзерваў эканамічнага росту… У дапрацаваным прагнозе максімальна ўлічаны ўсе рэсурсы па паскарэнні дынамікі росту сферы паслуг — пашырэнне спажывецкага попыту на фоне росту рэальнай заработнай платы, значны попыт на IT-прадукт беларускай вытворчасці, павелічэнне фінансавання сродкаў на навуку», — сцвярджаецца ў паведамленні Саўміна.

Шчыра скажам: казкі пра «эфектыўнасць работы дзяржарганізацый» і «развіццё малога бізнесу» ўжо набілі аскому. З падобнымі планамі мы сутыкаемся апошнія гадоў дзесяць, і іх прыняцце — фактар, хутчэй, трывожны. Бо пасля кожнага такога плана «эфектыўнасць работы дзяржарганізацый» вылівалася ў новае субсідаванне стратных прадпрыемстваў і хранічна хворай сельскай гаспадаркі, а малы і сярэдні бізнес абкладаўся новымі паборамі і падаткамі.

Адзінае, у чым можна не сумнявацца, — гэта ў росце заробкаў на 2,5%. Наступны год — год прэзідэнцкіх выбараў, а дасягненні ўлады на ўсіх франтах такія, што ім ці не ўпершыню няма чаго прапанаваць насельніцтву. Застаецца толькі «подкуп выбаршчыкаў» абяцанкамі падвышэння заробку. Гэтым разам — на дробязь.

Асабліва цікава, што «дэфіцыт дзяржбюджэту будзе прафінансаваны за кошт знешніх дзяржаўных пазыкаў». Як вядома, Расія дасюль не пагаджаецца выдаць Беларусі крэдыт у 600 мільёнаў долараў, які Беларусь папрасіла яшчэ ў лютым. Прычым, віцэ-прэм’ер і міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў тыдзень таму адзначыў, што рашэння па гэтым крэдыце, «магчыма, і не будзе», бо яно залежыць ад таго, «як мы будзем рухацца ў трэку інтэграцыйным».

У той жа час у Нацбанку заявілі, што Беларусь не вядзе перамоваў наконт новай праграмы з МВФ. Раней міністр фінансаў Максім Ермаловіч не выключаў абмеркаванне магчымасцяў для пачатку такіх перамоваў, аднак МВФ, як правіла, іх не вядзе, калі ў краіне праходзяць выбарчыя кампаніі. Таму і ад гэтай структуры грошай (прынамсі, хуткіх) чакаць не выпадае.

«Значыць, будуць рабаваць», — казалі б, паглядзеўшы на гэтую сітуацыю, героі фільма «Вяселле ў Малінаўцы». І адразу ж паступіла паведамленне: транспартнікі прапануюць павялічыць тарыфы на праезд у гарадскім грамадскім транспарце. У некаторых рэгіёнах — адразу на 10 капеек. Канкрэтныя тэрміны павышэння тарыфаў на праезд не агучваюцца — праходзіць абмеркаванне.

Гомельскія транспартнікі прапануюць падняць кошт праезду на 10 капеек — да 65 капеек за адну паездку. «Для таго, каб не мяняць бюджэтныя датацыі, неабходна на 10 капеек павысіць», — растлумачылі яны. У «Віцебскаблаўтатранс» лічаць, што ў гэтым годзе кошт праезду ў грамадскім транспарце ўзрасце не больш чым на 5 капеек. У «Брэстаблаўтатранс» прапанавалі падняць кошт праезду «менш чым на 10 капеек».

Свае прапановы транспартнікі накіравалі ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ў верасні, і менавіта гэтае ведамства павінна прыняць рашэнне, калі і на колькі падымецца кошт праезду. Але тое, што ён падымецца, — амаль без сумневаў. Урад планаваў давесці да 2020 года ўзровень кампенсацыі насельніцтвам выдаткаў гарадскога аўтамабільнага транспарту да адзнакі не менш за 80%. На пачатак гэтага года, як сцвярджаецца, гэты паказчык склаў 70%.

Але павышэнне кошту праезду негатыўна адаб’ецца на паказчыку інфляцыі ў краіне. Згодна прагнозу, інфляцыя не павінна перавысіць 5%. На верасень паказчык гадавой базавай інфляцыі склаў 4,3% — то-бок «люфт» становіцца ўсё меншы. А калі камусьці падаецца, што 5–10 капеек для агульнага ўзроўню інфляцыі — малая сума, то заўважым, што нават павышэнне «Белнафтахімам» кошту паліва на 1 капейку гэтую інфляцыю «разганяе».

Не дзіўна, што беларусы знаходзяць свае хітрыкі, каб выжыць. Нават такія мастадонты ў эканоміцы, як Леанід Заіка, не бачаць сэнсу ў тым, каб плаціць дзяржаве падаткі — пра гэта ён заявіў у праграме «Прымус». «Дзеля чаго? — задаўся пытаннем эксперт. — Дарогі? Хлопцы, а мы самі іх пабудуем, без вас. Бальніцы? Туды лепш не хадзіць — там злыя дзядзькі і цёткі сядзяць. Сістэма адукацыі? Як казала мне адна знаёмая: ты можаш не з’яўляцца на бацькоўскі сход, проста патэлефануеш і даведаешся, колькі табе трэба грошай аддаць. Армія? Не трэба арміі, мне не патрэбныя гэтыя боты, якія будуць таптаць нашы вуліцы. Навошта яшчэ патрэбныя падаткі?»

Ён прывёў асабісты прыклад: «Мне трэба было памяняць лічыльнікі. Прыходзілі тры групы з «Водаканала» і мясцовага ЖЭСа — і нічога не зрабілі. Цэлы месяц я глядзеў на ўрачыстасць гэтага дзяржаўнага ідыятызму. У выніку паклікаў свайго любімага сантэхніка — і ён за 20 хвілін усё зрабіў. І так ва ўсім. Лягчэй выклікаць вось такога Міхала Пятровіча, які яшчэ і возьме значна танней».

Але ж дзяржаве — і асабліва першай асобе ў гэтай дзяржаве, — трэба ўтрымліваць армію ідэолагаў і прапагандыстаў, якія напярэдадні выбараў будуць пераконваць нас у тым, як нам добра жывецца. Вось толькі цікава, ці пераможа гэтым разам пустая лядоўня тэлевізар?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: