Знешні дзярждоўг Беларусі за 2016 год вырас на 9,6%, або на $1,2 мільярда

Дзяржаўны доўг Беларусі на 1 студзеня 2017 года склаў 37 млрд рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2016 года на 4,1 млрд рублёў, або на 12,5%, паведамляе Міністэрства фінансаў.
Фота:spb.aif.ru


Знешні дзярждоўг па стане на 1 студзеня 2017 года склаў 13,6 млрд долараў ЗША, павялічыўшыся з пачатку 2016 года на 1 млрд 198,8 млн долараў, або на 9,6%.

У студзені—снежні 2016 года прыцягнутыя знешнія дзяржаўныя пазыкі на 1 млрд 934,9 млн долараў: 800 млн долараў — Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця; 552 млн долараў — урада і банкаў Расійскай Федэрацыі; 446,9 млн долараў — банкаў КНР; 134,2 млн долараў — МБРР; 1,8 млн долараў — ЕБРР і Паўночнага інвестыцыйнага банку (СІБ).

На пагашэнне знешняга дзярждоўгу ў 2016 годзе накіравана 892,4 млн долараў: 353,1 млн долараў — Еўразійскаму фонду стабілізацыі і развіцця; 300 млн долараў — ураду Расійскай Федэрацыі; 184,2 млн долараў — банкам КНР; 51,4 млн долараў — МБРР; 3,6 млн долараў — ЗША; 0,1 млн долараў — ЕБРР і СІБ.

Паводле даных Мінфіна, унутраны дзярждоўг па стане на 1 студзеня 2017 года склаў 10,2 млрд рублёў, павялічыўшыся з пачатку года на 0,5 млрд рублёў, або на 5%.

За студзень—снежань 2016 года размешчана ўнутраных валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 1 млрд 642,5 млн долараў ЗША і 543,7 млн рублёў. Кампенсавана валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 1 млрд 502,6 млн долараў ЗША і 599,5 млн рублёў.

На думку шэрагу эканамічных экспертаў,  беларускі ўрад не мае іншых крыніц пагашэння даўгоў, акрамя знешніх запазычанняў. У 2017 годзе неабходна накіраваць на пагашэнне дзяржаўнага доўгу 5 млрд 232,2 млн рублёў. Пагашэнне дзяржаўнага доўгу ў замежнай валюце складзе 2 млрд 311 млн долараў ЗША.

Пры гэтым у 2017 годзе плануецца прыцягнуць 1 млрд 860 млн долараў ЗША (4 млрд 83,4 млн рублёў): за кошт трох траншаў крэдыту Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця — 700 млн долараў, выпуску еўрааблігацый — 800 млн долараў, выпуску ўнутраных дзяржаблігацый — 360 млн долараў.

Нагадаем, за 2015 год дзяржаўны доўг Беларусі вырас на 131,1 трлн рублёў, або на 66,4%, і на 1 студзеня 2016 года склаў 328,6 трлн рублёў. Пры гэтым знешні дзярждоўг на 1 студзеня 2016 года склаў 12,4 млрд долараў ЗША, зменшыўшыся з пачатку 2015 года на 133,9 млн долараў, або на 1,1%.

Ліміт знешняга дзяржаўнага доўгу Беларусі на 2016 год устаноўлены ў 17 млрд долараў — гэта прадугледжана законам аб бюджэце. Ліміт унутранага дзяржаўнага доўгу на 2016 год устаноўлены ў 115 трлн рублёў.

Аляксей Арэшка, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: