Золатавалютныя рэзервы Беларусі скараціліся ў кастрычніку на 575 млн. долараў

Золатавалютныя рэзервы Рэспублікі Беларусь у вызначэнні стандарту МВФ скараціліся ў кастрычніку на 574,6 млн. долараў і на 1 лістапада 2013 года склалі 6.813,1 млн. долараў ЗША. Пра гэта паведамляе Нацыянальны банк. 



З пачатку года зніжэнне ЗВР склала 1 млрд. 281,9 млн. долараў. Паводле ацэнак экспертаў, гэтая негатыўная тэндэнцыя выкліканая пагаршэннем сітуацыі з плацежным балансам, а таксама павышаным попытам на валюту з боку насельніцтва. Націск на плацежны баланс узмацняецца за кошт значных абавязацельстваў па пагашэнні знешняга доўгу, уключаючы плацяжы па крэдыце МВФ. 
 
 
Нагадаем, у чэрвені старшыня Нацбанка Надзея Ермакова выказвала ўпэўненасць у выкананні прагнозу па ЗВР у 2013 годзе, аб'ём якіх на канец года павінен скласці 8–8,3 млрд. долараў паводле стандартаў МВФ. "Золатавалютныя рэзервы ў нас выкананыя будуць", — заяўляла Ермакова

 
Кажучы пра магчымыя крыніцы павелічэння ЗВР, кіраўнік Нацбанка тлумачыла: частку рэзерваў банк захоўвае ў свабодна канверсоўнай валюце, а частку — у расійскіх рублях. У расійскіх рублях валюта захоўваецца ў банках Расіі, таму што там стаўка больш выгадная. "Па міжнародных стандартах гэтыя зберажэнні не ўлічваюцца, але іх у любы час можна праканверсаваць у долары, калі яны нам будуць неабходныя", — зазначала Ермакова.
 
 
Аляксей Арэшка, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!