Золатавалютныя рэзервы Беларусі рэкордна выраслі. Ці ўратуе гэта беларускую эканоміку?

Па стане на першага лістапада міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі склалі 9 мільярдаў 193,8 мільёны долараў ЗША (у эквіваленце). Пра гэта піша Белсат са спасылкай на прэс-рэліз Нацбанку.
Галоўная фінансавая ўстанова паведамляе, што золатавалютныя рэзервы Беларусі цягам кастрычніка выраслі на 4,1 %, ці на амаль 354 мільёны долараў ЗША і цяпер складаюць амаль 9,2 мільярды долараў. Дарэчы, гэта рэкордны паказчык.

Прычынамі росту ЗВР краіны стала набыццё Нацбанкам замежнай валюты падчас таргоў на «Беларускай валютна-фондавай біржы», паступленне замежнай валюты ў бюджэт (у тым ліку экспартных мытаў на нафту і нафтапрадукты), продаж Мінфінам аблігацый, намінаваных у замежнай валюце, а таксама павелічэнне коштаў на золата.

«У мінулыя гады ЗВР у асноўным павялічваліся за кошт набыцця валюты ў насельніцтва. Але сёлета пастаўнікамі валюты сталі і прадпрыемствы. Дынаміка тут плавае ад месяца да месяца, але з пачатку года прадпрыемствы з’яўляюцца істотнымі пастаўнікамі валюты. У кастрычніку былі рэкордныя чыстыя пастаўкі валюты з боку прадпрыемстваў-рэзідэнтаў за апошнія гады. Яшчэ адна крыніца сёлета — дастаткова значны рост коштаў на золата», — адзначыў у каментары «Белсату» старшы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб.

Паводле планаў ураду і Нацбанку, золатавалютныя рэзервы Беларусі па стане на 1 студзеня 2020 года павінны скласці не меней за 7,1 мільярдаў долараў.

Паводле Вадзіма Іосуба, ЗВР павінна быць болей, каб абслугоўваць пазыкі краіны і імпарт.

«Есць розныя ацэнкі, якія вымяраюць неабходны аб’ём ЗВР краінаў. Так, напрыклад, паводле адной з іх сродкаў ЗВР павінна хапаць, каб два месяцы аплочваць імпарт краіны. У нас цяпер гэтых сродкаў хапае прыкладна на два з паловаю месяцы. Але акрамя імпарту сродкаў ЗВР павінна хапаць і на выплаты дзяржаўных вонкавых пазыкаў на працягу года. У наступным годзе мы павінны 3,8 мільярды долараў. Таму, каб адчуваць сябе добра і спакойна ў Беларусі, трэба было б мець каля 14 мільярдаў долараў», — адзначыў Вадзім Іосуб.

ЗВР краіны ў асноўным прызначаны для аплаты запазычанасцяў. Па стане на першае кастрычніка вонкавыя пазыкі Беларусі складалі 16,5 мільярдаў долараў ЗША, унутраныя дзяржаўныя пазыкі — 8,7 мільярдаў рублёў або каля 4,25 мільярдаў долараў.

Паводле СК belsat.eu

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: