Золатавалютныя рэзервы за год знізіліся на 20%

На 1 студзеня 2021 года яны склалі 7,5 мільярда долараў.

Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 студзеня 2021 года склалі 7 млрд 468,5 млн долараў ЗША (у эквіваленце). Згодна з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі іх аб'ём павінен быў скласці не менш за 7,3 млрд долараў, паведамляе Нацбанк

За снежань золатавалютныя рэзервы выраслі на 92,1 млн (на 1,2%) пасля зніжэння ў лістападзе на 109,2 млн (на 1,5%).

У цэлым па выніках 2020 года міжнародныя рэзервовыя актывы скараціліся на 1,9 млрд долараў (на 20,5%).

Зніжэнне ЗВР па выніках года ў асноўным абумоўлена планавым пагашэннем урадам і Нацбанкам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на 3,9 млрд долараў, у тым ліку ў снежні — 227 млн долараў ЗША, а таксама продажам Нацбанкам валюты на біржы.

Падтрыманню ўзроўню ЗВР спрыялі паступленне сродкаў ад размяшчэння Міністэрствам фінансаў на знешнім і ўнутраным рынках аблігацый, намініраваных у замежнай валюце, прыцягненне знешніх дзяржаўных пазык, іншыя паступленні замежнай валюты ў бюджэт, а таксама рост кошту манетарнага золата.

У адпаведнасці з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2021 год аб'ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2022 года з улікам пагашэння ўрадам i Нацбанкам павінен скласці не менш за 6,0 млрд долараў.

Паводле nn.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: