Зроблена ў Беларусі для Украіны. Ці Мінск як пасярэднік выгадны Маскве?

Украінскі рынак для айчынных прадпрыемстваў — адзін з асноўных, і задачы на яго Менск ставіць самыя амбітныя. Гаворка не толькі пра гандаль таварамі, але і бяспеку — Беларусь на практыцы дапамагае ў аднаўленні баяздольнасці ўкраінскага войска. Падчас выставы беларускіх вытворцаў у Кіеве — самай маштабнай за апошнія гады — беларускі бок хваліўся найноўшаю тэхнікай і самымі апошнімі тэхналогіямі. Ці можа быць выгадная такая шматвектарнасць Крамлю?
Новы, бліскучы, проста з канвееру — трактар «Беларус» — ці не самы папулярны айчынны брэнд у свеце. Ва Украіне нашую прадукцыю таксама добра ведаюць.

«Тэкстыль, адзенне, ну і тэхніка — трактары, машыны. А, ну і лядоўні „Мінск“!» — пералічвае наведнік выставы «Made in Belarus» у Кіеве.

І гэтай прадукцыі ва Украіне мае стаць яшчэ больш.

Цяпер мы ў асноўным прадаем нафтапрадукты, газ, угнаенні, апоны і трактары

Цяпер мы ў асноўным прадаем нафтапрадукты, газ, угнаенні, апоны і трактары

Мінск і Кіеў плануюць павялічыць гандаль паміж абедзвюма краінамі. Беларускі бок нават вызначыў планку таваразвароту — $ 6 млрд. Гэта на паўтара мільярда больш, чым сёлета.

«Трэба выкарыстоўваць, што Украіна і Беларусь у розных інтэграцыйных аб’яднаннях, і аказаць дапамогу адно аднаму ў пастаўцы тавараў на вось гэтыя рынкі», — гаворыць амбасадар Беларусі ва Украіне Ігар Сокал.

Летась Беларусі ўдалося прадаць на 20 % больш, чым годам раней

Летась Беларусі ўдалося прадаць на 20 % больш, чым годам раней

Наш паўднёвы сусед — адзін з асноўных гандлёвых партнёраў і трэці паводле памераў экспарту — пасля Расіі ды Еўразвязу. Пасля рэкорднага 2012-га і пачатку вайны на Данбасе наш экспарт ва Украіну рэзка пайшоў на спад. Сітуацыя пачала папраўляцца пазалетась.

Адметна, што прадаем ва Украіну мы больш, чым набываем. Але Кіеву гэта выгадна.

«Калі Украіна становіцца карысная для Мінску, то Мінск — нават пад ціскам Расіі — не зможа адмовіцца ад украінскага вектару ў сваёй палітыцы, не зможа адмовіцца ад супрацы з Кіевам. Таму так, для Кіева гэта дадатковы вектар бяспекі», — каментуе аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.

Паўднёвы кірунак — гэта вектар бяспекі і для нашай краіны, асабліва ў час гандлёвых войнаў з Расіяй. Пра тое, што варта шукаць новыя рынкі збыту, час ад часу нагадвае і кіраўнік, які 30 сакавіка заявіў:

«Калі Расія нас не разумее і разумець не хоча, калі яны вырашылі нас нахіляць — будзем шукаць свайго шчасця ў іншым месцы».

Хоць і тут не ўсё так проста.

«Вельмі цікава, што з 2014–2015 года Беларусь пачала закупаць ва Украіне пэўныя катэгорыі тавараў харчавання, раслінаводства, мяса. І прыкладна на гэты абʼём мы павялічылі свой экспарт на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі. І тут можа ісці гаворка пра рээкспарт украінскіх харчоў пад беларускім брэндам», — працягвае Ігар Тышкевіч, беларускі аналітык з Кіева.

І гэта не адзіная магчымасць, якою кіраўніцтва Беларусі карыстаецца ва ўмовах вайны на Данбасе. Афіцыйных звестак наконт вайсковай супрацы паміж Кіевам і Мінскам няма. Яшчэ да канфлікту самымі вядомымі супольнымі праектамі былі супрацьтанкавыя ракетныя комплексы супольнай вытворчасці «Скіф» і рамонт верталётаў.

З 2014-га колькасць такіх праектаў значна скарацілася, кажуць эксперты, але гандаль ідзе — перадусім таварамі падвойнага прызначэння. Мінск прадае Кіеву паліва, якое можа выкарыстоўваць і грамадзянская, і вайсковая авіяцыя.

«Другі момант — гэта аўтамабільныя шасі, перш за ўсё МАЗаўскія, якія ва Украіне дапрацоўваюцца і выкарыстоўваюцца для стварэння колавай бранятэхнікі, сярод іншага, бронемашын „Варта“, значная частка якіх цяпер на Данбасе», — каментуе кіраўнік аналітычнага праекту «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў.

Але і пра рынак усходняга суседа Беларусь не забыла. Як хаўрусніца Расіі па АДКБ, нашая краіна супрацоўнічае з расійскім вайскова-прамысловым комплексам. А ўкраінцы, зноў жа, маюць доступ да расійскага рынку.

«Нельга выключаць, што і Масква, і Кіеў не супраць, каб у нейкім фармаце такі гандаль праз пасярэдніка вёўся. Бо шмат для якіх украінскіх прадпрыемстваў расійскі рынак або асноўны, або нават адзіны», — працягвае Андрэй Паротнікаў.

Выгады відавочныя. І Расія, і Украіна паступова скарачаюць імпарт стратэгічна важных дэталяў і тэхнікі, але пакуль не здольныя забяспечваць сябе цалкам. Беларусь паспяхова выкарыстоўвае сваю пазіцыю як краіны-пасярэдніка — у гаспадарцы, палітыцы ці вайсковай сферы.

Паводле belsat.eu

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!