10 гадоў калоніі. Вынесены прысуд Аляксандру Троцкаму за наезд на супрацоўніка ДАІ

Мінскі гарадскі суд 5 сакавіка вынес прысуд па крымінальнай справе за замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 14, арт. 362 Крымінальнага кодэкса) супраць 45-гадовага бізнесоўца Аляксандра Троцкага.

Аляксандр Троцкі на абвяшчэнні прысуду. Фота: spring96.org

Паводле абвінавачвання, ён правёз 12 жніўня на капоце сваёй машыне супрацоўніка ДАІ Уладзіміра Юрава, у выніку чаго той атрымаў цялесныя пашкоджанні, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя. Паводле слоў Троцкага, яго машыну беспрычынна спынілі людзі ў цёмным і балаклавах, а калі той, баючыся за сваё жыццё, адмовіўся выйсці з машыны, супрацоўнік ДАІ «дастаў баявую зброю і накіраваў у яго бок, прыцэліўся проста ў галаву», пасля гэтага ён з'ехаў з месца.

Суддзя Сяргей Хрыпач прызнаў Аляксандра вінаватым па арт. 14, арт. 362 Крымінальнага кодэкса, вырашыў, што ў Троцкага сапраўды быў намер на забойства супрацоўніка ДАІ, і пакараў яго 10 гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Пракурор Антон Цюменцаў прасіў пакараць Троцкага 11 гадамі калоніі. Гэта рэкордны тэрмін зняволення для затрыманага падчас пратэстаў. Таксама суд абавязаў Троцкага выплаціць пацярпеламу супрацоўніку ДАІ 10 тысяч рублёў маральнай і матэрыяльнай шкоды.

45-гадовы бізнесовец Аляксандр Троцкі ў апошнім слове сказаў, што ніколі ўявіць не мог, што можа аказацца ў такой сітуацыі:

«Заўсёды па жыцці я ішоў наперад і дамагаўся поспеху выключна дзякуючы ўласнай працы. Пастаянна займаўся сваім прафесійным развіццём і стараўся быць добрым прыкладам сваім дзецям. Карыстаючыся выпадкам, хачу папрасіць прабачэння ў маёй сям'і, жонкі, дзяцей, усіх родных і блізкіх мне людзей. Я ведаю, што, аказаўшыся ў гэтай сітуацыі, я вас моцна засмуціў і пакінуў у гэтай цяжкай сітуацыі. Шчыра, ад усёй душы прашу мне прабачыць.

Я заўсёды лічыў, што калі ты сумленна і ад душы робіш сваю справу і імкнешся прыносіць карысць, то гэта і ёсць той мінімум, за які ніколі не будзе сорамна.

Калі я ехаў дадому 12 жніўня па сваім родным горадзе, у самым яго цэнтры... і, патрапіўшы ў гэтую сумную сітуацыю, я проста аказаўся негатовы. Я ў прынцыпе не мог уявіць сабе, што такое магчыма і можа быць. І калі цябе спыняюць людзі са зброяй і накіроўваюць яе ў мой бок — я спалохаўся і з'ехаў».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: