10 лютага ў Шклове будуць судзіць Рыгора Кастусёва

10 лютага ў Шклове працягнецца адміністрацыйны судовы працэс па справе старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, якога абвінавачваюць у парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў (ч.1. арт. 23.34 КаАП).
Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

Разгляд справы прызначаны на 10.00 у судзе Шклоўскага раёну (Шклоў, вул.Фабрычная, д.2а, каб.3), суддзя – Святлана Баранцава.

Нагадаем, што падставай для прыцягнення старшыні Партыі БНФ да адміністрацыйнай адказнасці стаў удзел палітыка ў снежанскіх акцыях у абарону незалежнасці і супраць пагрозаў «гібрыднай інтэграцыі» з боку Расіі.

Першае пасяджэнне па гэтай справе прайшло 28 студзеня, аднак тады Рыгор Кастусёў заявіў нязгоду з абвінавачаннем, якое грунтавалася адно толькі на адміністрацыйным пратаколе, у суд нават не былі выкліканыя сведкі-міліцыянты, на чыіх сведчаннях была заснаваная справа. Палітык удакладніў, што сваім удзелам у масавым мерапрыемстве ён рэалізоўваў сваё канстытуцыйнае права на мірны пратэст, і пры гэтым не стварыў ніякай пагрозы грамадзкаму парадку. На гэтай падставе Рыгор Кастусёў заявіў хадайніцтва пра выклік у суд сведак-міліцыянтаў – яно было задаволенае і працяг працэсу прызначаны на 10 лютага.

Невядома, ці з’явяцца ў шклоўскі суд мінскія міліцыянты, на чыіх сведчаннях пабудаванае абвінавачанне супраць старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва.

Сам старшыня Партыі БНФ напярэдадні працягу судовага працэсу быў затрыманы на мяжы: мытнікі правялі праверку друкаваных матэрыялаў, з якімі Рыгор Кастусёў вяртаўся з канфэрэнцыі ў Кіеве. У выніку некаторыя з матэрыялаў кіеўскай канфэрэнцыі пра пагрозы расійскай агрэсіі супраць Беларусі былі забраныя для правядзеньня экспэртызы.
Чытайце таксама: «Украіна павінна падтрымліваць беларускіх патрыётаў»

Агулам за мірныя пратэсты супраць інтэграцыі з Расіяй ўлады аштрафавалі беларусаў больш, чым на 100 тысяч рублёў.

Грамадзянская супольнасць арганізавала збор сродкаў для пацярпелых ад рэпрэсій – BY_help.

Гарадзенскія актывісты стварылі свой аналаг by_help — збор дапамогі рэпрэсаваным за акцыі ў падтрымку незалежнасці, што адбыліся ў Гародні. Падтрымаць рэпрэсаваных гродзенцаў можна на адмысловай старонцы кампаніі.

Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: