«$ 10 млн на знішчэнне рэзідэнцыі, $ 1 млн — на снайпера». Лукашэнка — пра «план перавароту» ў Беларусі

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, змоўшчыкі распрацоўвалі некалькі сцэнароў. Першапачаткова яны планавалі ліквідацыю Лукашэнкі на парадзе 9 траўня. Аднак уявіць рэалізацыю ў Беларусі такой задумы складана, таму яны адмовіліся ад першапачатковай ідэі, цытуе Лукашэнку БЕЛТА.

Затым разглядаўся напад на прэзідэнцкі картэж. Для гэтага, сказаў Лукашэнка, мяцежнікамі нібыта нават былі закуплены і прывезены ў Беларусь гранатамёты. Аднак ажыццявіць такі сцэнар, паводле Лукашэнкі, у іх бы таксама не атрымалася: у мэтах бяспекі аўтамабілі ў картэжы перасоўваюцца на вялікай хуткасці, і верагоднасць патрапіць у іх вельмі малая.

Паводле трэцяга сцэнару ўзброеныя людзі нібыта павінны былі напасці на загарадную рэзідэнцыю Лукашэнкі. На знішчэньне рэзідэнцыі разам з Лукашэнкам, паводле ягоных словаў, вылучалася $ 10 млн, а на снайпера — $ 1 млн.

«Гэта мы бачылі даўно ўжо. Вы думаеце, мы гэтую аперацыю ў Маскве правялі з бухты-барахты? Мы за імі сачылі, яны павінны былі прыехаць у Мінск і правесці гэтую аперацыю. Але як толькі выйшаў гэты фільм (расследаванне «Манкурыты» на тэлеканале ОНТ), яны вушы прыціснулі: «Не, у Мінск не паедзем. Куды? У Маскву». Мы кантралявалі іх кожны крок», — расказваў Аляксандр Лукашэнка.

У ліку змоўшчыкаў, паводле яго, быў супрацоўнік спецслужбаў, які выконваў ролю прадажнага генерала.

«Гэта быў наш агент. Малайчына. Дзякуй хлопцу, ён выдатна нам дапамог, не пабаяўся. Яны праз яго хацелі падняць армію», — дадаў Лукашэнка.

17 красавіка падчас суботніка ў Александрыі Аляксандар Лукашэнка анансаваў прыняцце «аднаго з самых прынцыповых рашэнняў». Рашэнне ён паабяцаў аформіць дэкрэтам. Лукашэнка заявіў, што вырашыў падпісаць такі дэкрэт, «калі ўсё гэта разгортвалася», і расказаў журналістам, што заходнія спецслужбы рыхтавалі ўзброены мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.

У прыватнасці, сярод магчымых арганізатараў ён назваў Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне і Фэдэральнае бюро расследаванняў ЗША.

Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых амерыканскага адваката з грамадзянствамі Беларусі і ЗША Юрася Зянковіча, старшыню партыі БНФ Рыгора Кастусёва, а таксама літаратуразнаўцу і паліттэхнолага Аляксандра Фядуту.

Паводле Лукашэнкі, ён праінфармаваў Расію, а прэзідэнт Расіі Ўладзімір Пуцін падняў пытанне аб меркаваным замаху ў размове з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам.

Паводле «Свабоды».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: