1000 дзён Алеся Бяляцкага

1000 дзён за кратамі знаходзіцца палітзняволены кіраўнік праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі.



Пра гэта ў інтэрвію карэспандэнту "Радыё Рацыя" Генадзю Барбарычу нагадала жонка палітвязня Наталля Пінчук.

Наталля Пінчук: Дата такая дастаткова сумная. Мы таксама прыкінулі, колькі ён увогуле пражыў дзён. Атрымліваецца недзе каля 18 800. І вось з гэтых 18 тысяч тысячу дзён ён знаходзіцца ў заключэнні ў даволі цяжкіх умовах.

РР: Якія звесткі даходзяць ад Алеся з калоніі? Які ў яго маральным і фізічны стан?

Наталля Пінчук: Што тычыцца звестак ад самаго Алеся, то бывае дастаткова цяжка атрымаць якую-небудзь канкрэтную інфармацыю. Ён звычайна гаворыць, што ўсё ў яго нармальна. Але разам з тым мяне гэта і вельмі непакоіць, таму што я разумею — ён не хоча гаварыць і засмучваць мяне падрабязнасцямі свайго жыцця, падрабязнасцямі пра стан свайго здароў'я. А менавіта здароў'е мяне непакоіць найбольш, таму што ўмовы там дастаткова цяжкія. Ён, акрамя таго, і працуе 6 дзён на тыдзень. Звесткі пра яго здароў'е, на жаль, я атрымліваю праз дастаткова ўскосныя крыніцы. Ведаю, што ён зараз знаходзіцца ў іхняй лякарні. Туды ён патрапіў у выніку атручвання. Праз дакументы, якія яшчэ раней удалося атрымаць з калоніі, таксама бачна, што ў яго праблемы з ціскам, чаго раней не было. Гэта ўжо відавочна набытае захворванне падчас знаходжання ў няволі. Можна ўзгадаць Мікалая Статкевіча, які таксама раней не меў праблем з ціскам, але ў гэтым годзе ў СМІ праходзіла інфармацыя, што ў яго была даволі цяжкая сітуацыя з ціскам. Гэта, зразумела, выклікае вялікі непакой і ў мяне і ў ва ўсіх родных палітзняволеных. Тое, якімі яны выйдуць, тое, які ў іх зараз стан здароў'я.

РР: А ці ў Вас не ўзнікала думак, што гэтае пагаршэнне здароў'я можа быць не толькі ад стрэсаў ці ад неналежнага ўтрымання зняволеных, але і штучна можа выклікацца?

Наталля Пінчук: Вось нажаль абмежаванасць інфармацыі можа выклікаць розныя думкі. Я ніякай такой інфармацыяй не валодаю. Але зразумела, што абдумваеш розныя варыянты ў гэтым сэнсе.

РР: Я бачу ў вас на шафе цэлы блок цыгарэтаў. Мабыць, рыхтуеце перадачу для Алеся?

Наталля Пінчук: Што тычыцца перадачы, то апошняя была адразу пасля Новага года. Па правілах, так бы мовіць, па нормах, наступную можна рыхтаваць праз 4 месяцы. І я рыхтую, але ж ніколі не можаш быць упэўнены, ці ўдасца перадаць гэтую перадачу, таму што ў адносінах да Алеся неаднаразова прымаліся меры, каб абмежаваць магчымасць перадаваць яму прадукты адсюль з волі.

Нагадаем, Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4 гады і 6 месяцаў зняволення нібыта за ўтойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры. Але, як лічаць праваабаронцы, яго віна не даказана. За асабістыя прыбыткі следства і абвінавачванне выдала сродкі, якія прызначаліся на дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій і не належалі Бяляцкаму.

Праваабаронца адбывае пакаранне ў калоніі №2 у горадзе Бабруйску.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя 

Фота Reuters

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: