14 гадоў без Веранікі Чаркасавай

20 кастрычніка споўнілася 14 гадоў ад дня жорсткага забойства журналісткі незалежнай газеты «Салідарнасць» Веранікі Чаркасавай. Родзічы, сябры і калегі ў суботу ўшанавалі яе памяць на Каладзішчанскіх могілках пад Мінскам, дзе Вераніка знайшла свой апошні прытулак побач з бацькам, таксама журналістам Анатолем Чаркасавым.


Сябры, сваякі і калегі Веранікі – сябры Беларускакй асацыяцыі журналістаў (БАЖ) усклалі на яе магілу кветкі.

“Вечная і светлая памяць. У выпадку з Веранікай гэтыя словы адпавядаюць рэчаіснасці на сто адсодкаў, — адзначае галоўны рэдактар “Салідарнасці” і сябра журналісткі Аляксандр Старыкевіч. — Бо ёсць памяць. Насамрэч, мала да каго мы ездзім на магілу праз чатырнаццаць гадоў штогод. Яна светлая, бо светлая запомнілася Вераніка і як чалавек, і светлай была яе журналістыка — журналістыка душы, якой зараз усё менш і менш. Тое, што рабіла Вераніка, гэта пакінула свой след праз гады і на шмат гадоў наперад”.  
Калегі

Калегі

Маці Веранікі журналістка Дзіяна Чаркасава падзякавала прысутных, тых, хто не забывае яе дачку. “Яна заўжды пісала пра тое, што яе кранае, што ёй цікава, што яе хвалявала. Прахадных артыкулаў, пра тое, што ёй абыякава, у яе не было, яна за тое нават не бралася”, — уздыхае Дзіяна Цімафееўна. Айчым Уладзімір Мялешка дадае, што ўсё напісанае Веранікай застаецца актуальным і сёння.
Дзіяна Чаркасава і Уладзімір Мялешка

Дзіяна Чаркасава і Уладзімір Мялешка

Вераніка Чаркасава была жорстка забітая 20 кастрычніка 2004 года ў сваёй мінскай кватэры. Яе са шматлікімі нажавымі ранамі знайшлі сын Антон і айчым Уладзімір Мялешка. Абодвух нават падазравалі ў здзяйсненні гэтага злачынства, але потым следчыя адмовіліся ад такога неверагоднага і абсурднага абвінавачання. Дагэтуль следства не прасунулася ані на крок, забойцы не знойдзеныя, прычыны і матывы не названыя.

Аднак калегі Веранікі Чаркасавай спадзяюцца, што надыдзе час і зламыснікі будуць выкрытыя і панясуць адпаведнае пакаранне, а справа будзе раскрытая. Як будуць раскрытыя справы аб гвалтоўных знікненнях палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, прадпрымальніка Анатоля Красоўскага і журналіста Змітра Завадскага. Вечная памяць.  
 



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць