15 гадоў без Веранікі Чаркасавай

20 кастрычніка 2004 года ў сваёй мінскай кватэры была жорстка забітая вядомая журналістка Вераніка Чаркасава. І праз пятнаццаць гадоў злачынца ці злачынцы не знойдзеныя, а пытанні, якія ставяць блізкія і калегі Веранікі да дзяржавы, у тым ліку і да следчых ды праваахоўнікаў, — хто, як і за што забіў Чаркасаву, на якой стадыі знаходзіцца справа, — застаюцца без адказаў.
Магіла Веранікі Чаркасавай

Магіла Веранікі Чаркасавай

У нядзелю 20 кастрычніка родныя, сябры і калегі Веранікі наведалі месца яе апошняга прытулку на Каладзішчанскіх могілках пад Мінскам, усклалі да магілы кветкі і запалілі свечкі ды лампадкі.

Паведамленне пра забойства журналісткі «Салідарнасці» Веранікі Чаркасавай выбухнула нібы бомба. У калегаў маладой і прыгожай жанчыны, аднаго з найлепшых прафесіяналаў у краіне гэтая навіна выклікала напачатку шок, потым абурэнне. У той час яшчэ не суцішыўся боль (не суцішыўся ён і дагэтуль) пасля раптоўнага знікнення тэлеаператара, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Змітра Завадскага, якога невядомыя выкралі 7 ліпеня 2000 года па дарозе ў Нацыянальны аэрапорт «Мінск», дык яшчэ вось напаткала і такая бяда. 

Калегі Веранікі

Калегі Веранікі

Вераніку пасля таго, як яна перастала адказваць на тэлефанаванні і не з’явілася ў рэдакцыі «Салідарнасці», хоць і мусіла, знайшлі занепакоеныя чатырнаццацігадовы сын Антон Філімонаў і айчым журналісткі Уладзімір Мялешка (сёлета, на вялікі жаль, гэты мужны і вельмі сціплы чалавек пайшоў з жыцця, так і не дачакаўшыся вынікаў расследвання). Менавіта яны і сталіся першымі падазраванымі ў злачынстве. Толькі моцнае абурэнне з боку журналісцкай супольнасці і грамадскасці ўвогуле ды відавочная бязглуздасць выстаўленых на адрас родзічаў забітай абвінавачанняў прывялі да таго, што праз пэўны час следчыя адмовіліся ад свайго, мякка кажучы, не зусім адэкватнага для спецыялістаў варыянта. На гэтым, па вялікім рахунку, «вынікі» следства і скончыліся. 

Калегі Веранікі

Калегі Веранікі

Бурлівая дзейнасць «кампетэнтных структураў» цяпер зводзіцца да таго, што кожны год прадстаўнікі праваахоўных органаў з’яўляюцца ў кватэру маці забітай журналісткі Дзіяны Цімафееўны Чаркасавай, якой ужо 84 гады, і шукаюць там яе ўнука (сына Веранікі) Антона, хоць добра ведаюць, што маладзёна ўжо шмат гадоў няма ў Беларусі. Гэтыя ранішнія візіты (а прыходзілі і прыходзяць гэтыя «старацелі закону» на досвітку) ніколі не дадавалі здароўя людзям паважанага веку.

Маці Веранікі Дзіяна Чаркасава

Сёння родзічам, сябрам, калегам Веранікі застаецца толькі спадзявацца, што калісьці праўда стане вядомай, а той ці тыя, хто здзейсніў гэтае жорсткае забойства, панясуць пакаранне. Як і тыя, хто вінаваты ў знікненні былога міністра ўнутраных справаў генерала Юрыя Захаранкі, палітыка Віктара Ганчара, бізнесоўца Анатоля Красоўскага, журналіста Змітра Завадскага. Хоць адмыслоўцы і тыя, каму не абыякавыя лёсы згаданых людзей, адзіныя ў меркаванні, што пры дзейнай уладзе гэтай праўды мы не даведаемся. Аднак усяму свой час. Хацелася б верыць, што ён прыспее яшчэ пры нашым жыцці ці хаця б пры жыцці цяперашняга пакалення. А Вераніцы – светлая памяць і вечны супакой.

*****
Труна з целам Веранікі цэлую ноч перад пахаваннем стаяла ў Архікатэдральным саборы Святога Духа (галоўны праваслаўны храм краіны) на Плошчы Свабоды ў цэнтры Мінска. Развітацца з журналісткай прыйшлі многія сотні людзей. Вераніка жыла і назаўжды засталася свабоднай. І любімай.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!