15 удзельнікаў і 2 аўтазакі: як прайшла малітва ля Адміністрацыі Лукашэнкі

На абвешчаны БНК малебен 15 красавіка сабраліся пятнаццаць вернікаў і актывістаў. Яшчэ некалькі чалавек затрымалі па дарозе.


Перад Палацам прафсаюзаў ахвочых памаліцца чакала два аўтазакі. Як распавяла адна з удзельніц мірнага схода, Ніна Васільеўна, мужчыну, твар якога яна не паспела разглядзець, "запакавалі" ў сіні мікрааўтобус ля Купалаўскага тэатра.

На думку актывіста Беларускага нацыянальнага кангрэса Валянціна Троцкага, гэта быў Яўген Афнагель. Валянцін паведаміў таксама што, хутчэй за ўсё, затрыманы Сяргей Спарыш, бо той перад выхадам з дому заўважыў ля свайго пад'езда міліцыянтаў. 

Вячаслаў Касінераў у сваім Фэйсбуку паведаміў пра ўласнае затрыманне разам з жонкай Марынай на падыходзе да Адміністрацыі, "пад танкам". Касінеравых затрымліваў АМАП, актывіста ля Купалаўскага тэатра, па словах Ніны Васільеўны, — мужчыны ў зялёнай вайсковай форме.


Першай да Адміністрацыі прыйшла Ніна Багінская з нашыўкай "Свабоду народу" на спіне. Неўзабаве да яе далучылася яшчэ адна ўдзельніца малітвы, Вера Уладзіміраўна. Яна памалілася, перахрысціўшыся на будынак Адміністрацыі.

На малітву сабралася 12 чалавек, пазней падышло яшчэ трое. Людзі абураліся тым, што адбываецца ў Курапатах, казалі, што варта зачыніць рэстаран "Поедем поедим" і не дапусціць у Беларусі "вяртання СССР".

На пытанне, чаму яны вырашылі маліцца ля Адміністрацыі, вернікі адказалі, што маліцца можна і варта ўсюды: і ў храме, і ў Курапатах, і дома, і ў цэнтры Мінска.


Казалі, што малебен павінны быў правесці святар БАПЦ Леанід Акаловіч. Каля 18.20 яго не было. Вырашылі, што ён затрыманы і варта маліцца самім. Стаўшы колам і ўзяўшыся за рукі, людзі прачыталі "Ойча наш" і праспявалі "Магутны Божа". Спяванне скончылася воклічам "Жыве Беларусь!" і адказам "Жыве з Богам!".


У 18.36 міліцыянер у форме падышоў, каб паведаміць, што акцыя несанкцыянаваная і папрасіў разысціся.
Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным дзяжурылі на кожным рагу на падыходах да адміністрацыі. Іх было бадай што больш, чым удзельнікаў малітвы.

Фота Алены Ляшкевіч

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!