150 чалавек сабралася на супольную малітву ў Курапатах

7 красавіка ва ўрочышчы Курапаты прайшла калектыўная малітва за вяртанне дэмантаваных крыжоў. У акцыі прыняло ўдзел каля 150 чалавек.
svaboda.org

svaboda.org

Многія з удзельнікаў прынеслі з сабой папяровыя крыжы і пакінулі іх ва ўрочышчы, дакладвае БелаПАН.

Малітву прачытаў святар некананічнай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Вікенцій (Віктар Кавалькоў). Затым перад прысутнымі выступіла Марына Адамовіч, жонка ініцыятара малітвы Мікалая Статкевіча, затрыманага сёння раніцай. Адамовіч зачытала зварот палітыка, з якім ён меў намер выступаць сам.

У звароце Статкевіч падкрэсліў, што ўлады падчас крыжапаклоннага тыдня і Вялікага посту «апаганілі галоўны сімвал хрысціянскай веры». Статкевіч лічыць дэмантаж крыжоў у Курапатах «абразай ўсяго беларускага народа».

Палітык заклікаў правесці сумесную малітву «за збавенне ад злога». «Калі хто не ведае, «збаў нас ад злога»- гэта фіналь малітвы «Ойча наш», — адзначыў ён.

Адказны сакратар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі - БНФ Алесь Чахольскі заклікаў ўлады вярнуць крыжы на месца, а міжнародную супольнасць — адмовіцца ад удзелу ва II Еўрапейскіх гульнях, якія пройдуць у чэрвені ў Мінску.

Грамадскі актывіст Віктар Кулак заклікаў ўсіх неабыякавых «спыніць пустыя спрэчкі вакол абароны Курапатаў, выбраць для сябе найбольш прыдатны фармат і пачаць займацца справай». Паводле яго слоў, беларускае таварыства і так расколатае, а Курапаты павінны яго аб'яднаць.

Актывісты маюць намер працягнуць збірацца ў Курапатах для сумеснай малітвы кожны вечар.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!